Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Адкуль у іх такія настроі?
– А хто іх пераконваў у адваротным? – Віскоўскі апусціў галаву, быццам лічыў сябе вінаватым у гэтым. – Таму паліцыя пасіўна сочыць, як узбройваецца шляхта – толькі назірала па загадзе Беклямішава …
– Што за чалавек камендант Машкоўскі?
– Асабіста вёў з ім размову. Свой чалавек. Мы дамовіліся пра тое, як ён павінен сябе весці ў сітуацыі, калі адбудзецца напад на Горкі. Прыняў усе нашы прапановы. Верыць у поспех.
– А ты, Станіслаў, сам хоць верыш у перамогу паўстання?
– Каб не верыў, не прыйшоў бы на сустрэчу пад гэты дуб.
– І на тым дзякуй, дружа! Слухай мой загад. Агульнае выступленне на Магілёўшчыне я прызначыў на ноч з пятага на шостае траўня. Быць усім гатовым. Больш ніякіх карэкціровак і зменаў не будзе.
– Цяпер – усё. Сустрэнемся ўжо на полі бою і пляцы перамогі.
Праз хвіліну Тапор рушыў да кабылы Ружы, а студэнт Віскоўскі накіраваўся ўбок Горак…
…Дарагі Вікенцій Канстанцін, любы мой дыктатар паўстання Кастусь!
Працягваю сваю споведзь перад табой. Не ў якасці апраўдання, каб скінуць з душы цяжар і боль, якія прыгнятаюць мяне ўвесь час, і будуць прыгнятаць і непакоіць і тады, калі я адыйду ў лепшы свет. Мог жа я застацца ў Парыжы ці іншым месцы за мяжой. Я ж хачу застацца тваім паплечнікам і сябрам, камандзірам паўстанцаў.
Адна хіба папраўка: калі б я загадзя ведаў, які мяне чакае канец, я мо трохі інакш ішоў бы да яго…
За ноч да намечанага выступлення пакрысе пачалі збірацца інсургенты. Месца збору было прызначана ў маёнтках князёў Любамірскіх, якія ўсе свае сродкі і зберажэнні аддалі на справу паўстання.
Як мне было абяцана, атрад ці войска паўстанцаў павінна было налічваць сама мала пятнаццаць тысячаў чалавек. Але што я ўбачыў! Неякая сотня-другая чалавек! Большасць – шляхта, дробныя чыноўнікі, гімназісты, каля трыццаці з іх прыйшлі з Магілёва. Студэнты горацкага інстытута, восемдзесят чалавек яшчэ знаходзіліся ў Горках і чакалі, калі з’явіцца мой атрад. Станіслаў Віскоўскі паслаў у Зарубы Паўла Козела-Паклеўскага, брата майго сябра Яна. Той, вярнуўшыся, далажыў, што мястэчка спіць моцным сном праведніка, а студэнты паўсюль расставілі сваю варту. Гарадок ахоўвала мясцовая каманда ўнутранай аховы – паўсотня салдатаў.
Машкоўскі, камендант гарадка, паслухаўся мяне – згадзіўся падрыхтаваць усё так, каб мы ўзялі мястэчка без адзінага стрэлу і, галоўнае, без ахвяраў. Ды нешта, мусіць, не звязалася… Як і было дамоўлена, ён забраў у салдат патроны пад выглядам рэвізіі зброі, салдатаў жа размясціў па прыватных хатах. Станавога з Горак адправіў з адказным даручэннем у Магілёў.
Усё паварочвалася на тое, што мне павінен спрыяць поспех.
Але як я памыляўся, дарагі Кастусь!
Мы павінны былі сярод ночы ўвайсці ў мястэчка, атабарыцца на гарадскім пляцы. Атрад я загадзя падзяліў на пяць груп, вызначыў кожнай баявыя задачы і пазіцыі: адным браць казарму, другім – цэхаўз, трэція – сейф (металічную скрыню) з грашыма і, каб не выклікала ні ў кога падазрэнняў аб удзеле каменданта ў паўстанні, арыштаваць яго.
Але каля дома каменданта нас чакала ахова дзесяць салдат. Яны адразу пачалі страляць. Упалі мёртвымі першыя касінеры. Агнём у адказ мы забілі пяцёра салдат. Камендант аказаўся ў незайздросным становішчы – перабегчы да нас ён не мог, бо яго салдаты застрэлілі б яго як перабежчыка. Машкоўскі разам з аховай пачаў абараняць дом ад нападу. Па камандзе Віскоўскага нехта з паўстанцаў падпаліў дом. Машкоўскі абараняўся “да апошняга”, аж пакуль яго не ўзялі ў палон.
Я быў вельмі раз’юшаны паводзінамі Віскоўскага, хацеў нават аддаць каманду расстраляць яго за самаўпраўства, але перадумаў. Пазней вызваліў каменданта з палону.
А далей яшчэ больш неверагодныя адбыліся рэчы.
Хутка ўзялі казарму. Праўда, вартавога, які аказаў супраціўленне, абясшкодзілі. узялі на мушку. Казарму падпалілі. Ад дыму задыхнуліся хлебапёкі, якіх закрылі ў сутарэнні. Тое ўсё наклала прыгнятаючы адбітак на маладых паўстанцаў – ім жа абяцалі бяскроўны штурм.
Толькі цэхаўз і гарнізонная каса былі ўзяты без прыгод і стрэлаў. Паўстанцы хутка разабралі зброю, а вось металічную скрыню з грашыма адкрыць не ўдалося – была замкнёная на надзейны англіцкі замок.
“Чырвоны певень” пачаў гуляць па мястэчку ад дома да дома. Усё злілося ў адно – стрэлы, гул званоў, крыкі людзей. Замест таго, каб здабыць у жыхароў мястэчка падтрымку, мы атрымалі нечаканую і жорсткую нянавісць.