Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Ад пачутага ў Людвіга заныла сэрца, падумаў: “Божа, хіба гэта тайная падрыхтоўка да паўстання? Гэта ж гульня ў падрыхтоўку, калі не горш і не горй... Няўжо пра тое не ведае Канстанцін Каліноўскі? А калі і ведае, то што ён можа зрабіць цяпер? Мусіць жа, і яму адпраўляюць данясенні з хлуслівымі лічбамі і справаздачамі…”
– Пытаюся ў Гулевіча, чаму ж нічога не прадпрымаеце для таго, каб спыніць гэтае “свавольства”? Адказвае: “А нам загадана маўчаць і быццам нічога не бачыць, назіраць”. За кім і як назіраць – цікаўлюся. “А за ўсім, што адбываецца, – адказвае. Сабраліся людзі купкай, пра нешта гавораць. Ён падыходзіць да іх, а разам з ім і крычаўскі станавы, – цікавяцца, куды сабраліся грамадой. І што ты думаеш, яны яму адказваюць: “З маскалямі пойдзем ваяваць…”
– Станіслаў, як я зразумеў, улады зусім не баяцца паўстання?
Хлопец зашпіліў на сабе сурдук, заціснуў мацней на шыі шэры шарфік, – ад возера пацягнула красавіцкім холадам:
– Адчуванне вынікае такое, таварыш Тапор. Ніхто не верыць, што гэта сур’ёзна, лічаць, што гэта купка недаробкаў, здольная на дзеянні, – так званыя інсургенты адно гуляюць у патрыётаў, хочуць перад паненкамі паказацца зухамі і рэвалюцыянерамі.
Людвіг нахмурыўся:
– І чым тлумачацца такія паводзіны?
– Кажуць так – раз да нас адносяцца мірна і не прымаюць крутых мераў, то, значыць, што баяцца Еўропы, бо што на тое Банапарт скажа…
– Самазабойства.
– І я гэтак жа думаю. Не прымаецца ніякіх мераў з боку ўлады. У размове з чыноўнікам Арліцкім, які прыязна ставіцца да нас, выказаў думку: бо бяздзеяннем правакуюць народ на паўстанне. Як гавораць дасведчаныя людзі, губернатар Магілёва Беклямішаў нават жадаў бы, каб яно распачалося…
– Не разумею, Станіслаў, чаму.
– Сакрэт вельмі просты. Ён выдатна ведае нашых рэвалюцыянераў. Пыхаў без меры, але пры першых жа стрэлах разбягуцца, як рудыя мышы…
Тапор пакусваў вус, прымружваў вочы, не перабіваў. У тое, пра што апавядаў Станіслаў, было цяжка паверыць.
– Ён разлічвае адным ударам сакрушыць і ўціхамірыць усіх незадаволеных.
Людвіг і раней чуў такія выказванні і думкі. Тое, што афіцэры расейскай арміі і чыноўнікі вялікага і малога рангу не верылі ў перамогу касінераў, фактам было неаспрэчным. Губернатар не дакладваў вышэй пра тое, што паўстанцы гуртуюць сілы. Не час яшчэ. Гэта ўжо была тактыка – тактыка хітрая і з глыбокім разлікам.
Паўстанне для прыўладных афіцэраў і чыноўнікаў – сродак паказаць сябе, выхваліцца перад царом, у патрэбны момант далажыць “аб цяжкай перамозе над моцным праціўнікам”, і тым самым атрымаць вялікія ўзнагароды і чыны.
– Што з гэтага вынікае, Станіслаў? Толькі праўду кажы. Чаго я не ведаю, і што ведаюць чыноўнікі і сам Беклямішаў?
Студэнт напачатку вагаўся, але ўсё ж наважыўся…
Расказаў пра тое, што сярод студэнтаў такіх лагодна-спакойных настрояў няма. Студэнты і навучэнцы вучэльняў збіраюць зброю, самі адліваюць кулі. Для гэтага у глыбокіх нетрысках пушчы абсталявалі майстэрню.
Расказаў ён і пра тое, што на іх палітычную свядомасць вялікі ўплыў аказаў былы выпускнік Ян Дымкевіч – нашчадак апошняга паўстання.
То ж па яго ініцыятыве была арганізавана падпольная школа маладога патрыёта, гэта ён і некалькі студэнтаў вучылі чатыры гады сялянскіх дзяцей грамаце, маючы ў руках беларускія лемантары. Для кожнага рэвалюцыйна настроенага студэнта ён з’яўляўся прыкладам стойкасці і мужнасці. І не толькі для студэнтаў, а і для выкладчыкаў, якія паверылі ў ідэалы рэвалюцыі. Хто яны? Выкладчык фізікі А.Гінцэль, выкладчык правазнаўства Ф.Вянцкоўскі, архітэктар-механік Т.Выбраноўскі…
Калі ў студзені не стала Яна, шмат з іх прыйшлі праводзіць яго ў апошні шлях.
– Дык мо яно не ўсё так і безнадзейна? – хапаўся Людвіг за саломінку. – Колькі чалавек з тваёй групы могуць уліцца ў паўстанне?
– Больш за сотню.
– Гэта і будзе аснова будучага ўдарнага горацкага атрада?
– Так.
– І ўзначаліць яго даверана мне.
– Мы будзем радыя гэтаму.
– Што яшчэ? Мне здаецца, ты не дагаварыў асноўнага…
– Так, не дагаварыў. Беклямішаў ведае галоўнае – ён упэўнены ў тым, нават перакананы, што не ўсе сяляне настроены аказваць падтрымку паўстанцам.
– Чаму, Станіслаў?
– Па той простай прычыне, таварыш Тапор, што яны кожнага паўстанца прымаюць не інакш як за польскага пана. Што той пан ваюе супраць цара-вызваліцеля толькі за свае землі, і таму сяляне ніколі не будуць мець волі і зямлі.