Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Як маецца шаноўны Уладзімір Іванавіч?
– Бадзёры. Даручыў мне адказную справу – вучыць яго дачок польскай мове.
– О, дык мы з вамі амаль калегі – і вы навучаеце маладое пакаленне, як і я. Пахвальна!
– Так, так, спадар дырэктар! Як яшчэ вучыўся ў Акадэміі генеральнага штаба, пранікся павагай да выкладчыцкай працы.
Праз нейкі час на стале з’явіліся кубкі з гарбатай. Размова перайшла ў новае рэчышча.
– Як вы, шаноўны капітан Вялічка, знаходзіце нашыя мясціны?
– Яны для мяне родныя, я выхоўваўся тут у родзічаў. Калі не стала бацькоў, мяне забралі яны да сябе. А нарадзіўся ў Вільні. Прыгажэй за гэтыя краявіды няма нічога ў свеце! Рай, чысты рай!
– Згодзен з вамі, цалкам згодзен!
– Я ўсяго дзень і паблукаў па тутэйшых мясцінах, а так хочацца абысці іх усе.
– А навошта біць ногі? – усклікнуў Траутфэтар. – Я даручу свайму бярайтару і ён падрыхтуе для вас кабылку для верхавой язды.
– Дзякую, вельмі дзякую! Цудоўна! Тады мой адпачынак будзе сапраўды ў асалоду мне.
– Рад услужыць вам, капітан Вялічка! Не жадаеце агледзець нашую навучальную ўстанову?
– Мне было б гэта цікава!
Дырэктар завёў Вялічку ў адзін клас, у другі. Калі ішлі па доўгім калідоры, узяў яго пад руку, перайшоўшы на шэпт, прамовіў:
– Па нашым інстытуце сярод моладзі ходзіць патаемная пагалоска, што нібыта па нашым краі разгульвае нейкі Тапор. Кажуць, што ён давудца царства Польскага…
– Няўжо? – падзівіўся штабс-капітан.
– Так, так, – горача запэўніў яго дырэктар. – Жадаў бы з ім пазнаёміцца.
– І я жадаў бы. А колькі яму гадоў?
– Ды і ў тым пытанне, што ніхто не ведае, і ў вочы яго не бачылі. Я студэнтам не забараняю пра яго гаварыць, – прызнаўся дырэктар, – моладзь яна і ёсць моладзь, і я быў некалі маладым… Больш таго, я ведаю, што ў нашых сценах існуе падпольная рэвалюцыйная арганізацыя, і ведаю яшчэ, хто яе ўзначальвае. Большасць студэнтаў паходзіць з заходніх губерняў, а яны не ў захапленні ад царскай ўлады. Як, дарэчы, і я.
– Мо і пашчасціць нам з вамі ўбачыць яго, Тапара.
…З таго дня па вуліцах мястэчка Горкі, па ваколіцах яго, на гнядой кабыле з самай раніцы скакаў па розных маршрутах і дарогах штабс-капітан, не выклікаючы ні ў кога падазрэнняў. Усе ведалі, што гэта сябар дырэктара інстытута, і што ён праводзіць тут свой адпачынак.
Людвіг у той дзень падняўся на цямочку, калі толькі-толькі у вакно пачала цадзіцца цёмная шэрань, у той самы час, калі ноч барокалася з нараджэннем раніцы.
Сярод поля, пад пракаветным дубам, адкуль відаць усё наўкола і іх ніхто не падслухае і не пабачыць, Тапор прызначыў сустрэчу са Станіславам Віскоўскім – студэнтам, кіраўніком падпольнай паўстанцкай групы інстытута.
Палыхаў пажар паўстання па ўсёй Літве і ў Заходняй Беларусі. Распачаліся баі ў Мінскай губерні… Вось-вось полымя павінна перакаціцца і на Магілёўшчыну. Кожны дзень, скачучы на кабыле, вершнік прыкмячаў да драбніц дарогі і рачулкі, балоты і лясныя дарогі, вывучаў, аглядаў, занатоўваў у памяці, каб нанесці вечарам на мапу, каб скласці дыспазіцыю наступлення…
З шэрага туману вынырнула постаць чалавека. Не дайшоўшы да Тапара крокаў з дваццаць чалавек напаўголаса прамовіў:
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь, – адказаў яшчэ цішэй капітан.
– То ўзаемна!
Паручкаліся, абняліся. Пасля некалькіх пытанняў і адказаў, Тапор прамовіў:
– Далажыце абстаноўку, спадар Станіслаў!
Селі пад дуб на халодны заімшэлы камень. Конік непадалёку скуб пажухлую траву, знаходзіў свежыя парасткі зеляніны.
– Горад, таварыш Тапор, жыве ў трывожным чаканні паўстання. Мой гаспадар Куневіч, у якога я кватарую, гаворыць так: “Бяда, хлопча, будзе, і вялікая бяда…” Ды і па вёсках, якія я наведваў, сяляне адзін аднаму трывожна перадаюць: “Нешта будзе, а што – ніхто не ведае дакладна…” У шасці вёсках, якія я наведваў, ніхто нават і не чуў пра паўстанне…
– Дзіўнае, але і сумнае адкрыццё…
– Я і сам здзіўляюся, спадар Тапор. Што цікава, дык гэта тое, што пра паўстанне ведаюць усе да аднаго – жандары, дырэктар інстытута, чыноўнікі, суддзі…
“Дык вось чаму так смела апавядаў мне пра падпольную арганізацыю Траутфэтар – ніякае тайны ён перада мною не раскрываў. Прызнайся я яму, што перад ім стаіць сам Тапор, то, мусіць, ён і не здзівіўся б…”
– Чаму так кажу, жандар Гулевіч – мой дальні родзіч – ведае нават, што я ўзначальваю падпольную арганізацыю, і лагодна да гэтага ставіцца. Больш таго, кажа мне: “Стасік, дарагі мой! То дваране дурачацца… Бесяцца, так бы мовіць, з жыру… Стрэльбаў сабе накупілі, штуцэры прыдбалі, кожны займеў сабе гамаркі – модныя паходныя боты, пісталеты, ранцы, кінжалы. Мы нават ведаем, дзе яны наладзілі сабе стрэльбішча – страляць вучацца… І ведаеш, як выглядаюць тыя мішэні? Царскі салдат намаляваны ў поўны рост.