Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 113 114 115 116 117 118 119 120 121 ... 174
Перейти на страницу:

– Колькі часу цяпер?

Глыкс выдзьмуў доўгае шыпеньне скрозь зубы. Прыўзьняўся на момант, напружаны, пагрозьлівы, а тады абмяк, упаў на кукішкі й папоўз да краю яміны.

– Добрыя хобітссы! Добры Ссэме! – заскуголіў ён. – Ссанлівыя ссонькі, таксс! Пакінулі добрага Сьсьмеяголя вартаваць. Але ж вечарэе, змрок ужо блізка. Часс ісьсьці!

"Сама час, – падумаў Сэм. – І час нашага разьвітаньня таксама".

Але тут жа прамільгнула думка: мо Глыкс бяздоглядны больш небясьпечны, чым Глыкс, які рушыць побач, перад вачыма.

"Трасца на яго! – прамармытаў Сэм. – Каб ён косткай задавіўся!"

Пакульгаў па яміне да гаспадара й абудзіў яго.

Дзівосна, але Фрода пачуваўся ўзбадзёраным. Марыў у сьне. Змрочны цень мінуў, і сярод краю хваробы й няшчасьця яго наведаў добры сон. Ад яго анічога не засталося ў памяці, аднак з-за яго Фрода адчуваў задаволенасьць, і на сэрцы палягчэла. Цяжар нібыта зьменшыўся. А Глыкс павітаў хобіта з шчанячай радасьцю. Ён хіхікаў ды мармытаў няспынна, храбусьцеў доўгімі пальцамі й поўзаў ля Фродавых каленяў. Фрода ўсьміхнуўся яму.

– Хадзем! – вымавіў ён. – Ты вёў нас дакладна й умела. Неўзабаве канец тваёй службы. Давядзі нас да брамы. Далей я не прашу цябе йсьці. Давядзі нас да брамы, а там ідзі куды пажадаеш, толькі не да нашых ворагаў.

– Да брамы, таксс? – правішчэў Глыкс, падаючыся напалоханым ды зьдзіўленым. – Да брамы, кажа гасспадар! Таксс, кажа ён. А добры Сьмеяголь робіць, як пан кажа, таксс! Але ж калі мы наблізімсься, мо пан пабачыць лепей, пабачыць тадысс! Яна ліхая, яна зусьсім нядобрая, тая брамасс! Не, несс!

– Досыць, – буркнуў Сэм. – Хадзем.

У змроку вандроўнікі выбраліся зь ямы й павольна пакрочылі па мёртвай зямлі. Далёка не прайшлі, калі іх зноў дагнаў жах – той самы, які адчулі, калі крылаты цень пранесься над багнамі. Тады пападалі на смуродную зямлю, хаваючыся, але ў нудотным змроку над галавою не пабачылі анічога. Неўзабаве пагроза мінула, пранеслася высока, можа сьпяшаючыся па якой патрэбе Барад-дуру. Хутка Глыкс устаў дый ізноў папоўз наперад, мырмычучы й уздрыгваючы.

Недзе праз гадзіну пасьля поўначы жах напаткаў іх трэці раз. Аднак зараз падаваўся больш аддаленым, бы зь вялізнай вышыні, дзе над аблокамі імчаў на захад крылаты вястун Мордару. Глыкс, аднак, упрост здранцьвеў ад страху й пераканаўся, што іх заўважылі, што на іх ужо палююць.

– Тры разы! – праенчыў ён. – Тры разы – гэта ўжо дакладна. Яны чуюць, што мы тут, яны чуюць кашштоўнасьсьць. Кашштоўнасьць – іхні гаспадар. Мы ня можам ісьці далей да брамы. Гэта бесскарыссна, бескарыссна!

Просьбы й добрыя словы не дапамаглі. Толькі калі Фрода загадаў раззлавана дый паклаў руку на цаўё меча, тады Глыкс узьняўся. I зарычаў пры тым, што пабіты сабака.

Так і клыпалі да канца ночы, стаміліся ўшчэнт і да пачатку другога дня брылі, пахіліўшы галовы, ня бачачы й ня чуючы анічога, апрача сьвісту ветру ў вушах.

3. Чорная Брама зачыненая

Яшчэ да ранку падарожжа сягнула мэты. Шлях у Мордар, дрыгва й балаты засталіся за сьпінамі. Перад вандроўнікамі, чорныя пад бляклымі нябёсамі, узьняліся пагрозьлівыя галовы магутных гор.

Захад Мордару прыкрываўся змрочным хрыбтом Эфэл Дуату, гарамі Ценю, а поўнач – раскрышанымі крывымі пікамі ды рванымі хрыбтамі Эрэд Літуі, шэрымі, бы попел. Былі яны часткамі адной вялізнай сьцяны, што адгароджвала журботныя роўнядзі Літладу й Гаргарату ды горка-салёнае возера Нурнен пасярод іх, а злучаючыся, выкідвала на поўнач доўгія адгор'і, паміж якімі ляжала глыбокая даліна. Называлася яна Кірыт Гаргар, перавал Прывідаў, – уваход у краіну Ворага. Высачэзныя скалы грувасьціліся па абодвух яе баках, а ля рыгва, прасунутыя на поўнач, узвышаліся дзьве вялізныя чорныя голыя стромы. На іх стаялі іклы Мордару – пара высокіх моцных вежаў. У даўно прамінулыя дні пабудавалі іх людзі Гондару: у часіну сваёй магутнасьці й вялікага гонару, пасьля зрынаньня Саўрона й ягоных уцёкаў, каб ня здолеў ён вярнуцца да былога валадарства. Але ж моц Гондару марнела, варта згубіла пільнасьць, і шмат гадоў вежы стаялі пустыя, пакінутыя. Тады Саўрон вярнуўся. Вежы, што ўжо развальваліся ад занядбаньня, былі адрамантаваныя, напоўненыя зброяй, населеныя заўжды пільнымі гарнізонамі. Суворыя вежы пазіралі на поўнач, на захад, на ўсход чорнымі праваламі вартавых вокнаў, і з кожнага вакна заўжды цікавалі нядрэмныя вочы.

1 ... 113 114 115 116 117 118 119 120 121 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)