Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Да нас з розных куткоў прыязджалі з ружжамі «паляўнічыя», і мы наладжвалі «паляванні». Паляўнічыя – камандзіры паўстанцаў, касінеры. Да глыбокай ночы мы «балявалі», п’ючы піва і квас, а то і наліўку – ішла самая сур’ёзная распрацоўка дэталёвага плана нашых дзеянняў. У выніку чаго мы прыйшлі да ўзаемазгоды, што ў Аршанскім павеце будзе дзейнічаць атрад паручніка Ігната Будзіловіча. Мы яму вызначылі псеўданімы Піхевіч і Каткоў. Атрад Яна Жукоўскага выправіцца у Крычаўскі павет. Ільдафонс Анцыпы – у Быхаўскі. У Рагачоўскі павет выпала дарога Томашу Грыневічу і Станіславу Дзержаноўскаму.
Ну а Антоній Алендзскі – у Магілёўскі, а Канстанцін Жаброўскі адпраўляецца ў Сеннінскі. Вось і ўсё размеркаванне. Ніякіх пярэчанняў не было. Мая душа поўнілася гордасцю і радасцю, што мы пачуваліся адным цэлым, баявым і смелым корпусам.
У сярэдзіне красавіка мы ўсё ўзгаднілі і тысячу разоў пераправерылі. Кожны камандзір ведаў свае заданні да драбніц і дакладна адказваў на пытанні, на развітанне я выдаў усім «Дыспазіцыю». У ёй вызначалася тактыка нашага закалата:
1. Характар нашых сумесных дзеянняў павінен насіць партызанскі, за выключэннем тых пунктаў, у якіх будуць згрупаваны значныя сілы.
2. Атрад павінен быць рухомым, нідзе болей, чым суткі, не затрымлівацца.
3. Сваімі дзеяннямі мы павінны непакоіць непрыяцеля, раптоўна нападаць на больш слабага, але адступаць перад мацнейшым, каб не панесці вялікіх стратаў.
Яшчэ прадпісвалася:
Рабіць засады, весці разведку. Нападаць на транспарты, пошту, дыліжансы, захопліваць грошы рускага ўрада, перапіску. Зрываць тэлеграфы, бурыць масты і нішчыць рускія запасы. калі не ўдаецца даставіць у паўстанцкі лагер. Разганяць цывільную адміністрацыю, паліць усе дакументы і справы канцылярый судоў, земскага, павятовага і іншае.
Там, дзе дазволяць сілы і абставіны, браць павятовыя гарады, разганяць адміністрацыю і ўстановы і ўстанаўліваць свае. У вёсках і мястэчках чытаць і вывешваць нацыянальныя маніфесты і заклікаць людства да жорсткай барацьбы.
Адаслаў «Дыспазіцыю» ў Цэнтральны камітэт, спадзеючыся, дамагаючыся, каб такой тактыкі прытрымліваліся касінеры і інсургенты не толькі на маёй Магілёўшчыне, але і на Гарадзеншчыне, на Віленшчыне, гэтак жа і на Жамойці.
План паходу на Расею не адпадаў – ўпэўнены быў, што там мы здолеем падняць расейскага мужыка на паўстанне. Возьмем без цяжкасцяў Горкі, а пасля гэтага рушым на Смаленшчыну. Па дарозе да мяне, ужо у маёнтку Краснае, далучацца атрады Будзіловіча і Жукоўскага, якому была пастаўлена баявая задача – захапіць у Крычаве батарэю.
Во якія ў нас былі, дарагі мой дружа, планы! Напалеонаўскія! І мы ўсе шчыра верылі, што яны, будуць ажыццёўлены. Каб жа так, каб жа так, дарагі мой Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч!..
Людвіг Звяждоўскі прыехаў на сустрэчу з мясцовымі арганізатарамі апоўдні.
Зайшоўшы ў хату Званіцкага, адмовіўся ад абеду, тут жа прыступіў да справы.
– Далажыце, калі ласка, абстаноўку. Ці ўсё ў вас гатова да выступлення?
– Так, ваша ягамосць, усё, – не міргануўшы, адказаў Нікадзім, выцягнуўшыся нават у струнку, – мы маем вялікія поспехі ў падрыхтоўцы да святой справы. У лясах створаны базы. Зброя і правіянт знаходзяцца ў надзейным месцы. Пад штых пастаўлены тысячы касінераў і ўзброеных патрыётаў..
– Дзе яны цяпер?
– На хутарах. Вучацца ваеннай справе. Страляюць і практыкуюцца ў шыхтаванні.
З аднаго боку сагравалі сэрца сказаныя словы, а з другога – нараджаўся недавер. Усё атрымлівалася вельмі складна. Ніводнага недаробку ці праліку не назваў Нікадзім. Такой дакладнасці нават і ў арміі няма.
– Цяжка паверыць у вашы словы. Як іх праверыць? Як дабрацца хоць да аднаго склада са зброяй?
– Няма нічога прасцей, – лёгка пагадзіўся суразмоўца. – Калі скажаце, тады і рушым у лес, каб вы на свае вочы пераканаліся ў праўдзівасці маіх слоў.
У пакоі не было душна, але на твары гаспадара выступілі буйныя кроплі. Ён як бы нечага асцерагаўся ці баяўся.
Не верылася, але хацелася верыць.
Вечарам Людвіг сустрэўся з мясцовай арыстакратыяй, якая лічыла, што ў іх жылах цячэ блакітная кроў і яны належаць да шчырых палякаў.
– Мы, таварыш ваенны начальнік, адданыя і гарачыя патрыёты! – ад імя ўсіх падняўся з крэсла дробны чыноўнік Мілдоўскі. – Знаёмы з рэвалюцыйнай літаратурай, ведаем вайсковую справу. Гонар не даваляе нам здраду.
– Вашы словы ды Богу ў душу! – першы раз заўсміхаўся Людвіг.
Прысутныя наперабой пачалі расказваць, як ім хутчэй хочацца ўключыцца ў паўстанне. Чакаюць толькі загаду.