Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Я хацела б быць каханай іншым. Але ж мне ня трэба спачуваньняў мужчыны!
– Я ведаю. Ты хацела б быць каханай уладаром Арагорнам, бо ён шляхетны і магутны й ты пажадала мець славу й моц і ўзьняцца высока над усім, што поўзае па зямной паверхні. Ты захапілася ім, як малады ваяр – моцным вялікім правадыром. Бо менавіта такі ён – велічны ўладар, найвялікшы сярод людзей. Але ж калі ён даў табе не каханьне, а толькі любоў, разуменьне й жаль, ты вырашыла адмовіцца ад усяго, хіба толькі апроч шляхетнай гібелі ў бітве. Зірні на мяне, Эявін!
I Эявін паглядзела на яго доўга й рашуча, а ён вымавіў:
– Не пагарджай спачуваньнем, што сыходзіць ад добрага сэрца, Эявін! Бо не шкадаваньне я прапаную табе. Ты панна шляхетная й адважная й здабыла славу, на якую не забудуцца ніколі. I ты прыгожая: нават эльфавых словаў ня стане, каб апісаць тваё хараство. Бо я кахаю цябе. Калісьці мне было шкада тваёй тугі. Але зараз, калі б ты пазбавілася смутку й страху й усё ў цябе зьдзейсьнілася б, нават калі б ты была бездакорнаю й недасягальнаю каралеваю Гондару, я ўсё адно кахаў бы цябе. Эявін, ці кахаеш мяне ты?
Тады варухнулася сэрца Эявін, ці нарэшце яна зразумела сваё сэрца. I раптам сышла прэч яе зіма, і сонца зазьзяла над ёй.
– Вось я стаю на Мінас Аноры, Вежы Сонца, і пабач: цень сышоў прэч! – вымавіла яна. – Болей ня быць мне ваяроўнай Рохану, не зраўноўвацца зброяй з моцнымі вершнікамі, не шукаць радасьці толькі ў песьнях бітвы. Ацаляльніцаю стану я, палюблю ўсё, што расьце, што дае плод.
I дадала, зірнуўшы на Фараміра:
– Болей не жадаю быць каралевай.
Фарамір радасна засьмяяўся:
– Файна, бо я не кароль. Пашлюбуюся зь Белаю Паннай Рохану, калі будзе на тое ейная воля. I калі яна пажадае, мы пяройдзем раку й зажывем у шчасьці ў сьветлым Ітыльёне, там будзе наш сад! Усё, што расьце там, узрадуецца, калі прыйдзе туды Панна Рохану!
– Чалавек Гондару, тады я мушу пакінуць мой народ? I ці ня скажа твой ганарлівы люд пра цябе: "Вось уладар, які ўтаймаваў дзікунку з Поўначы! Што ж не знайшлося яму жанчыны нумэнорскай крыві"?
– Няхай скажа, – вымавіў Фарамір.
I абняў яе, і пацалаваў пад ясным сьветлым небасхілам, і ён не пераймаўся, што яны стаяць высока на муры й шмат хто можа іх бачыць. Многія й пабачылі, а таксама пабачылі сьвятло, што зьзяла вакол іх, калі сышлі яны з муроў і крочылі рука ў руцэ ў Сядзібы Ацаленьня. I Фарамір сказаў кашталяну:
– Вось панна Эявін Роханская. Цяпер яна ацалілася.
– Тады вызваляю яе з-пад свае апекі й разьвітваюся зь ёю, – пакланіўся кашталян, – няхай аніколі не пакутуе яна на раны й хваробы. Перадаю яе пад руку намесьніка Гондару, пакуль вернецца яе брат.
Але Эявін запярэчыла:
– Цяпер, калі маю дазвол выйсьці адсюль, хачу застацца. Бо з усіх жытлішчаў гэтыя Сядзібы сталіся для мяне найдобраславёнейшымі.
I заставалася ў Сядзібах, пакуль не вярнуўся кароль Эямэр.
I вось усё ў горадзе падрыхтавалі, і людзей сабралася безьліч, бо весткі разьляцеліся па ўсіх кутках Гондару, ад Мін-Рыману да Пінат Гэліну й далёкіх марскіх берагоў, і хто толькі мог дабраўся ў сталіцу з усёй пасьпешлівасьцю. I места зноў напоўнілася жанчынамі й дзецьмі, што вярнуліся дахаты з ахапкамі кветак, а з Дол Амрату прыехалі найцудоўнейшыя арфісты, былі таксама музыкі зь віёламі, флейтамі й срэбнымі рогамі й яснагалосыя сьпевакі з далінаў Пажыцьцяў.
Нарэшце настаў той вечар, калі з муроў пабачылі намёты й шатры ў полі, і ўсю ноч палалі вагні, бо людзі чакалі сьвітанку. А калі яснай раніцаю над усходнімі гарамі, дзе болей не ляжаў цень, узьнялося сонца, тады забілі ўсе званы й затрапяталі ўсе сьцягі на ветры, і бела-срабрысты, што сьнег пад сонцам, без выслоўя ці герба, штандар намесьнікаў залунаў над Белай вежаю Цытадэлі ў астатні раз.
Правадыры Захаду павялі войска да гораду, і народ пабачыў, як шыхтуюць шэраг за шэрагам, бліскаючы, успыхваючы пад маладым сонцам, пераліваючыся срэбрам. Войска спынілася за пару гоняў ад муру. Дзьвярніцы на браму яшчэ не навесілі, і праход у горад быў перакрыты бар'ерам, ля якога стаяла варта ў чорна-срэбным рыштунку з доўгімі аголенымі мечамі. Там перад бар'ерам знаходзіліся намесьнік Фарамір, Хурын Ахоўнік Ключоў і іншыя ачольцы й гетманы Гондару ды панна Эявін Роханская з маршалкам Эльфхельмам і мноствам рыцараў Украйны. А з кожнага боку брамы ціснуўся буйны натоўп паспалітага люду ў сьвяточным каляровым адзеньні ды з гірляндамі кветак.
Незанятай засталася шырокая прастора перад мурамі Мінас Тырыту, аколеная рыцарамі й ваярамі Гондару, месьцічамі ды гондарцамі. Натоўп стаіў дыханьне, калі з войска выступілі дунаданы ў шэра-срабрыстым адзеньні, а перад імі павольна крочыў уладар Арагорн. Ён быў у чорнай кальчужнай брані з срэбным пасам, плечы сьледапыта накрывала доўгая чысьцютка-белая корзна, зашпіленая на шыі фібулаю зь вялікім зялёным каменем, зьзяньне якога лілося здалёк, але на галаве Арагорна не было нічога, апрача зоркі над бровамі, якую трымаў тонкі срэбны вянец. Разам зь ім ішлі Эямэр Роханскі, і князь Імрахіль, і Гэндальф, апрануты ва ўсё белае, і чатыры маленькія асобы, якія шмат у каго выклікалі зьдзіўленьне.