Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Дзень цягнуўся нудотна. Катавала смага, але выпілі зь біклажак усяго па некалькі кропляў. Апошні раз папаўнялі ваду ў цясьніне перад балатамі. Зараз яна згадвалася як месца надзіва прыгожае й спакойнае. Варту трымалі на чарзе. Спачатку з-за вялікай стомы аніводны ня мог заснуць. Аднак калі сонца пакацілася ўніз, караскаючыся за вялікую нетаропкую хмару, Сэм задрамаў. Фрода ж чуваў. Ляжаў на сьпіне на схіле яміны, але тое не палягчала адчуваньня цяжару. Паглядаў у пярэстыя ад дыму нябёсы й трызьніў дзівосных прывідаў, цьмяныя абрысы вершнікаў, твары з мінулага. Ужо й не заўважаў, колькі прайшло часу, трываючы між сном й яваю, пакуль забыцьцё не адолела яго.
Сэм прачнуўся зьнянацку й пабачыў – вечарэе. Яму падалося: Фрода кліча. Але той ня мог клікаць, бо спаў і ўва сьне сасьлізнуў амаль на дно яміны. Глыкс сядзеў побач. На момант Сэм падумаў: ён будзіць Фрода. Тады пабачыў: не, ня так. Глыкс размаўляў сам з сабою. Сьмеяголь у ім спрачаўся зь нечым іншым, што вымаўляла словы тым самым голасам, але рабіла яго пісклявым і шыпячым. I, адпаведна галасам, вочы ягоныя зьзялі то блядным, то зялёным сьвятлом.
– Сьмеяголь абяцаў, – казаў першы голас.
– Таксс, таксс, мая кашштоўнасьсьць, – згаджаўся другі, – мы абяцалісс, абяцалісс выратаваць нашшую кашштоўнасьць, ня даць яму завалодаць ёю – аніколісс! Але яна йдзе проста да яго, бліжэй з кожным крокамсс! Цікава, шшто хобітсс зробіць зь ёю, нам цікавасс, таксс?
– Я ня ведаю. Што ж я магу зрабіць? Яна ў гаспадара. Сьмеяголь паабяцаў дапамагчы гаспадару.
– Таксс, таксс, дапамагчы гасспадару – гасспадару кашштоўнасьсьці! Але ж калі мы зробімся яе гасспадарамі, мы здолеем дапамагчы ссабе ссамім, таксс, і сстрымаць абяцанак.
– Дык Сьмеяголь жа абяцаў паводзіць сябе файна, вельмі слушна. Бо ж хобітс добры! Ён зьняў жорсткую вяроўку з нагі Сьмеяголя. Ён па-добраму размаўляў з мною.
– Файна, файна, таксс? Дык будзьма ж файнымісс, бы рыбачка файнымісс, ссалодкі мой, аджа да ссаміхх ссябе!
– Але ж абяцаньне трымае сама каштоўнасьць! – запярэчыў голас Сьмеяголя.
– Тады возьмем яесс, – сьцьвердзіў рашуча другі голас, – і ссамі будзем трымаць! Тады сстанем гаспадарысс, глыксс! Тады другі хобіттсс, гідкі, недаверлівы хобітсс, будзе поўзаць перад намісс, таксс, глыксс!
– А як жа добры хобітс?
– Не, не – калі гэта насс не задаволіць! Аднак ён жа Торбінсс, мая кашштоўнасьсьць, Торбінсс. Торбінсс скраў яе. Знайшшоў яе й не ссказаў анічогасс, анічогасс! Ненавіссныя Торбінссы!
– Не, ня гэты Торбінс!
– Усьсе Торбінсссы! Усьсе, ххто трымае кашштоўнасьсьць! Мы мусьсім забраць яе!
– Але ж ён убачыць, ён даведаецца. Ён забярэ яе ад нас!
– Ён ужо бачыць. Ужо ведае. Ён чуў, як мы давалі дурныя абяцанкісс, – ссупраць ягонага загадусс, таксс. Мы мусьсім забраць яе. Прывіды шшукаюць. Мусім забраць.
– Не для яго!
– Не, ссалодкі мой. Бачышш, мая кашштоўнасьсьць, – калі мы завалодаем ёю, тады здолеем уцячы, нават ад яго, таксс? Мажжліва, вырасьсьцем магутныя, магутней за прывідаў. Уладар Сьсьмеяголь? Глыксс Найвялікшшы! Глыксс з Глыкссаў! Будзем есьсьці рыбку тройчы на дні, сьсьвежую рыбку наўпрост з мора. Найкашштоўнейшшы Глыксс! Мусьсім забраць яе! Мы ххочам яе, ххочам, ххочамсс!
– Але ж іх два. Яны абудзяцца хутка й заб'юць нас! – праенчыў Сьмеяголь, нібы апошнім намаганьнем. – Ня зараз. Яшчэ не!
– Мы хочам яесс! Аднак, – і тут настала доўгая паўза, быццам Глыкс задумаўся, абуджаючы нешта новае з свайго розуму. – Яшчэ не, таксс? Верагодна, таксс. Яна можа дапамагчы намсс. Яна можа, таксс!
– Не, не. Толькі не туды! – завішчэў Сьмеяголь.
– Таксс! Мы ххочам яе! Мы ххочамсс!
I кожны раз, калі прамаўляў іншы, пісклявы голас, доўгая Глыксава рука павольна цягнулася да Фрода, і кожны раз рыўком адсоўвалася, здрыгануўшыся, калі прамаўляў Сьмеяголь. Урэшце абедзьве рукі з дрыжачымі, скіпцюранымі пальцамі палезьлі да Фродавай шыі.
Сэм колькі часу ляжаў нерухома, захоплены жудаснаю спрэчкаю, але ж назіраючы за кожным рухам Глыкса з-пад прыкрытых павекаў. Простаму Сэмаваму розуму раней звычайны Глыксаў голад, жаданьне зжэрці хобітаў, падаваўся галоўнай пагрозай. Зараз зразумеў: зусім ня так. Глыкс адчуваў жудасны поцяг пярсьцёнка. "Ён" – гэта Чорны Ўладар, без сумневаў, але ж Сэм дзівіўся: хто такая "яна"? Напэўна, нехта з кола вусьцішных знаёмцаў, якімі малы паскуднік абзавёўся падчас бадзяньняў. Неўзабаве стала не да разважаньняў, таму што рэчы зайшлі надта далёка й ужо рабіліся небясьпечнымі. Хоць ногі й рукі хобіта нібы зацяклі сьвінцом, ён, напружыўшыся, прымусіў сябе сесьці. Дый здагадаўся трымаць асьцярожнасьць і не выказваць, што падслухаў спрэчку. Выдыхнуў гучна, пазяхнуў, ледзь ня вывіхнуўшы сківіцу. I тады спытаў сонна: