Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 140
Перейти на страницу:

А ці не тыя ж, што і на зямлі, жывёлы былі там, высока, адкуль безліччу мігатлівых то залацістых, то блакітных, то чырвоных кропак глядзелі на яе сузор'і? Найбольш любымі былі яны, Ашвіны, альбо Спарышы — балты называлі іх Юмісамі, рымляне — Геміні, славяне — Лелем і Палелем… Але разам з імі шукала Жывена і Малога Каня — яшчэ і так называлі Ашвінаў у яе на радзіме. Салім жа некалі апавядаў пра яго як пра Аль Кітах аль Фарах, а ў Візантыі пра яго расказвалі прыгожую легенду аб тым, як аднойчы спрачаліся Пасейдон і Афіна, хто з іх дасць будучаму гораду больш карысці. Мужчына сваім магутным кіем выбіў са скалы баявога каня, а багіня жалезнай дзідай — аліўкавае дрэва. Горад назвалі ў яе гонар, а каня ўзялі на неба.

Так, людзі, раздзеленыя вялізнымі адлегласцямі, чамусьці адчувалі зоркі амаль аднолькава, складалі паданні, падобныя між сабой. Чаму?

Але хіба мала паданняў аб зорах у яе на радзіме? Хіба не расказваў іх малой дзяўчынцы, калі яна ціха сядзела ў ягонай святліцы, звяздар Вакула?

Як прымуць яе ў храме? Яна вяртаецца іншаю — але свяцілішча нязменна грэе сэрца, хочацца зноў увайсці ў Менцязь і, злавіўшы ягоны рытм, растварыцца ў ім.

Лежачы спачатку пад цёплым, а пасля ўсё болей схаладнелым небам, яна шукала пад раніцу самую яркую зорку — Мілавіцу і думала аб братах-блізнятах Відэвуце і Брутэне. Дзіўна — яны зліліся для яе ў адно, і, успамінаючы аднаго, яна нязменна ўспамінала і другога, але ўвесь час стаяла між ёю і імі нейкая сцяна, незразумелая для яе.

Неспасціжнымі бываюць загадкі чалавечага сэрца, і не падпарадкоўваецца яно ні загадам, ні ўгаворам. А калі не можаш палагодзіць розум і сэрца ў сабе, то як жа можна хацець гэтага ад іншых?

Успамінала Нікіфара — ці супакоілася ягонае сэрца, альбо глыдае яго чорная туга, што не знаходзіць сабе спатолі, пакуль не знішчыць самога чалавека? Каханне можа быць дарам, але і насланнём таксама — тады трэба не даваць мораку браць над сабой верх. Умеў здымаць той морак толькі стары Святазар, бо вялікую сілу трэба мець для таго. І не толькі сілу, але і мудрасць. А яна таксама прыходзіць не сама па сабе, а праз вялікія выпрабаванні.

А каму даюцца такія выпрабаванні, той — улюбёнак багоў…

Вілася-круцілася дарога, пракідвалася то камяністай, сціраючы падковы коней, то мяккай і тлустай, дзе падчас дажджоў грузлі калёсы, то забівала рот горкім пылам, то лагодзіла ногі мяккай ведзьмінай траўкай*.

* Траву мурог лічылі чарадзейнай.

Чужыя краіны з іх мовай і звычаямі, з незнаёмымі людзьмі і небяспечнымі кручамі праязджала пасольства, працінаючы іх, як іголка — суравое палатно. Вечарамі, калі не паспявалі даехаць да люднага паселішча, месціліся часта на паляне ў прылеску, абставіўшыся вазамі, як абаронай, і выстаўляючы варту.

Аднойчы, прымасціўшыся разам з сынам ля агромністага вогнішча і слухаючы аповеды Міндоўга і баяр пра бітвы і сечы, пачула Жывена аб прусе, які прыехаў у Новагародак да брата, але падчас аблогі горада крыжакамі апынуўся на полі бітвы і злажыў сваю галаву. Нават і песня была ўжо складзеная пра яго. Як там яго клікалі? Імя ніхто не помніў.

Нешта ўкалола жрыцу, і, калі ўсе пачалі разбрыдацца па лежышчах, яна падышла да ваяводы.

— Так, я памятаю гэтага пруса, — ажывіўся той. — Ён біўся як шалёны, нібыта сам Пярун… о, шчур на яго! — Ілля-прарок! — кіраваў яго рукой. Немцаў ён сек на капусту, і дзіўна — крычаў сам прытым па-нямецку.

— Немцы ж нібыта былі нашы саюзнікі?

— Ты шмат чаго не ведаеш, дзяўчына: пасля таго, як родзічы ўгаварылі вялікага князя зноў вярнуцца ў паганства і ён павёў іх на крыжакаў пад возера Дурбе, тыя як азвярэлі. Ды і тое — не чакалі яны ад яго такога павароту, не гатовыя былі да бітвы.

— А як загінуў… як загінуў той прус, і ці не Брутэнам яго звалі?

— Ты… ведала яго?!

— Можа, гэта і не ён… — прамармытала Жывена, але нешта ўпэўнена і цвёрда сказала ёй, што то сапраўды быў Брутэн.

Спаў лагер, тупалі вакол вазоў бяссонныя вартавыя. Жывена, накінуўшы на плечы ваўняную накрыўку, сядзела, прыхінуўшыся спіной да дуба. Нядобры чорны дзень, у які яна атрымала вестку, нібы прарочыў нешта яшчэ больш цяжкае, нават трагічнае. Значыць, Брутэна больш няма. У Новагародак прывяла яго дарога, тут яна для яго і скончылася. Яе словы прывялі, яна вінная ў смерці таленавітага мастака. Так, багі далі яму талент, і шкада, што выява яе згарэла ў агні. Яна думала, суцяшала сябе: нельга вінаваціцца — усе мы толькі пасланцы Лёсу, яна выканала тое, што ўжо ляжала рубцом, блізнай на тканіне Брутэнавага жыцця, расказаўшы яму пра брата і маці. Страта за стратай — вось што такое жыццё. І якім болем абарочваецца яно…

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)