Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Але ў яе застаўся Відэвут. Ён чакае яе. Чакае Святазар, якому наканавана пражыць да 108 гадоў — часу дасканалай мудрасці. Ён заслужыў на тое. У яе ёсць маленькі Святазар — прадаўжальнік іхняе справы.
І яна слухала зямлю і неба, а на захадзе ўсё гарэла чырвоная паласа. Сімвал гэтага дня — чырвонае на чорным, попел, пакаянне, ачышчэнне. Яна схадзіла да воза, узяла тонкую вяроўку, завязала на ёй вузлом звесткі пра смерць Брутэна, пра свой смутак*. Можа, падрасце Святазар і зможа прачытаць гэтае патаемнае пісьмо, якое ведаюць нямногія. Што яшчэ яна зможа пакінуць яму? Перадасць любоў да роднае зямлі. Яе мудрасць, што, як казюрка ў бурштыне, адціснулася ў песнях і паданнях, у абрадах дабрыні і святла. І яе страсную, жывую памяць аб памерлых — дзядах, што не павінны пакідаць свой народ, а падтрымліваць яго творчыя і духоўныя сілы.
* Пра вяроўчатае пісьмо ў старажытных славян сведчаць многія крыніцы.
Яна падкінула сучча ў згаслае ўжо вогнішча і, звяртаючыся да душы Брутэна, што залатой іскрынкай плавала недзе ў сусвеце, сказала ёй словы любові і пашаны. Калі не ўзгадваць памерлых, не гаварыць з імі, астынуць іх душы да сваіх нашчадкаў, і гора той зямлі, гора таму народу!
Брутэн абараняў родны для яе край, тут яго душа адляцела ад цела — значыць, яна і будзе сюды вяртацца. Таму колькі будзе жыць, будзе яго памінаць яна, новагародчанка.
І толькі пасля абраду, калі ружовымі пальчыкамі дакранулася Зараніца да чорнага сувою ўсходу, спаў цяжар з Жывены, і яна заснула. А раніцай зноў загайдаліся вазы па каляінах, зноў паклікала дарога — бясконцая, яна ўзнікала на небасхіле і прападала за ім жа.
Усё болей слоў шчабятаў малы Святазар, усё болей упэўнена тупаў па зямлі. І калі, нарэшце, перастрэла іх першае селішча Новагародскай зямлі, радасна і выразна вымавіў ён:
— Радзіма!
Радзіма…
Жывена ўпала на калені, уткнула твар у траву, якая расла паабапал дарогі. Няўжо ўсе выпрабаванні засталіся ззаду, няўжо вяртаецца яна ў сваё жыццё і на свой шлях?
Але першая ж вестка, якую атрымала ў Новагародку, сталася для яе моцным ударам — свяцілішча Ашвінаў было разбуранае. У той кароткі час, калі новагародскае баярства, незадаволенае няўдачамі Міндоўга ў вайне з Данілам Галіцкім, абрала на пасад Войшалка, той і здзейсніў тое, аб чым марыў, мабыць, яшчэ з часоў забойства Елісея. Ён наслаў войска на некаторыя язычніцкія свяцілішчы, чые жрацы былі найбольш цесна звязаныя з былой уладай і яўна асуджалі маладога княжыча за яго нянавісць да дзедавых звычаяў і старых багоў.
— Разбурыў свяцілішча? Цалкам? Сам Войшалк ці толькі войска? — не верачы вушам, перапытвала Жывена ў Яўлампіі.
І тая, ачомаўшыся ад узрушэння, якое адчула пры нечаканым з'яўленні даўно зніклай дзяўчыны, адказвала ўсё больш дзёрзка:
- І не толькі разбурыў, але і ўзяў там вялікія багацці ў княскую казну. Нямала там і нашага… Твой дзед любіў дарыць, празмерна любіў, не думаючы ні пра жонку, ні пра дачку… Нібыта гэтая была яму горшаю за тую…
— Як — была?!
Дзве горкія весткі, адна за адной! Апфія памерла пры родах, і дзіця, якое яны з мужам так чакалі, было ўжо нежывое…
Тут Яўлампія горка заплакала, і Жывена абняла яе, можа, упершыню адчуўшы ў гэтай капрызлівай, крыклівай, непрыязнай да яе жанчыне душу, што цяпер пакутавала і бездапаможна шукала спатолі.
Назаўтра ж раніцай дзяўчына паехала да свяцілішча Ашвінаў.
Перад павароткай, за якою звычайна прыезджым адкрываўся храм, Жывена спыніла фурмана, выйшла. Бярозы ў залатых корзнах, яліны ў доўгіх цёмна-зялёных плашчах былі падобныя да купкі баяр, што сабраліся на раду. Вераснёўскае сонца моцна нагрэла аплецены верасам узгорак, на які прысела жрыца.
Сабе самой не хацела яна прызнацца, што баіцца зірнуць на месца, дзе павінен быў стаяць дом Ашвінаў. Для таго, мабыць, і пакінула ў доме Яўлампіі маленькага Святазара, каб не бачыў ён ейнай роспачы, каб не запомніў рэзруху і скрышаных разбуральнай сілай свяшчэнных камянёў.
— Пачакай тут, — загадала яна фурману, а сама прымусіла сябе падняцца і пайсці насустрач бядзе і адчаю.