Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 174
Перейти на страницу:

Насамрэч, з кожным крокам да Мордару Фрода адчуваў, што пярсьцёнак на ланцугу вакол шыі цяжэе. Цяпер ён выдаваў на сапраўдную пакладу, якая хіліла шыю да зямлі. Але ж нашмат болей яго турбавала Вока – так ён назваў гэтае сваё пачуцьцё. Ня толькі цяжар пярсьцёнка прымушаў яго прыкрывацца й нахіляцца ідучы. Гэта было Вока: расло жудаснае адчуваньне варожай волі, якая зь неверагоднай сілаю працінае цені й аблокі, зямлю й целы й прагне пабачыць, адкрыць. Прыціснуць, зьнерухоміць страшным позіркам – бездапаможнага, безабароннага. Такімі танюткімі, такімі зыбкімі й хліпкімі зрабіліся сьцены, якія яшчэ адгароджвалі ад яго. Фрода дакладна ведаў крыніцу гэтай волі й моцы – так і з заплюшчанымі вачыма зыркім днём можна адчуць, у якім баку сонца. Цяпер Фрода глядзеў проста на яго, і ягоная сьпякота сьціскала Фродаў розум.

Глыкс, напэўна, адчуваў нешта накшталт таго. Але што адбывалася ў ягоным зьнявечаным сэрцы паміж ціскам Вока, прагай блізкага пярсьцёнка й прыніжальным абяцаньнем, зробленым напалову ад страху перад халоднай стальлю ляза, – хобіты здагадацца не маглі. Фрода пра тое й ня думаў. А Сэма турбаваў найперш стан сябра, і ён амаль не зьвяртаў увагі на цьмяныя прадчуваньні. Зараз ён крочыў за сьпінаю Фрода, уважліва назіраючы за кожным ягоным рухам, падтрымліваючы, калі той спатыкаўся, і намагаючыся падбадзёрыць няўклюдымі словамі.

Калі нарэшце надышоў дзень, хобіты падзівіліся, наколькі наблізіліся горы. Паветра стала халаднейшым і ясьнейшым, і хоць далёкія злавесныя сьцены Мордару болей не былі пагрозьлівай хмарай на даляглядзе, яны чорнымі вежамі грувасьціліся за пустэчай. Багны сканчаліся, пераходзілі ў ссохлыя тарфянікі й шырокія роўнядзі ссохлага, патрэсканага глею. Мясьціны наперадзе падымаліся доўгімі некрутымі схіламі, голымі й пустымі, да запустэчаньня ля Саўронавай брамы.

Пакуль цягнуўся шэры дзень, вандроўнікі туліліся пад чорным валуном, нібы чарвякі, курчачыся, баючыся, што крылатая вусьціш зноў залунае над галовамі, угледзіць, вышукае іх жорсткімі вачыма. Суцэльным жахам была гэтая вандроўка, і аніводнага сьветлага моманту ня ўзгадвалася ў ёй. А мкнулі ж у жах яшчэ горшы. Яшчэ дзьве ночы прабіраліся бязь сьцежак і дарог па пустэчы. Падавалася, самое паветра зрабілася жорсткім, напоўнілася горкім смуродам, ад якога перахоплівала дых і перасыхала ў роце.

Нарэшце на пятую раніцу ад пачатку вандроўкі з Глыксам спыніліся зноў. Наперадзе, змрочныя ў ранішнім сьвятле, утыкаліся ў дах з хмараў і дыму неабсяжныя горы. Ля іх узножжаў кучамі грувасьціліся вялізарныя скалы й няроўныя, крывыя, ламаныя пагоркі. Да найбліжэйшага заставалася ўсяго з тузін вёрстаў. Фрода азірнуўся ў жаху. Хоць страшнымі былі Мерцьвяковыя багны й ссохлыя землі за імі, аднак значна больш вусьцішнай і агіднай паўставала краіна, якую новы дзень павольна вымалёўваў перад ягонымі вачыма. Нават у дрыгву мёртвых твараў мог прыйсьці нейкі прывідны водгук вясны й сьвежай зеляніны, але сюды аніколі ўжо не завітаюць ані вясна, ані лета. Тут не жыло анічога, нават цьвіль, якая харчуецца памерлым ды гнілым. Ямы запаўняў попел ды сьлізкі глей, бялява-шэры, быццам горы вырыгалі бруд сваіх вантробаў перад сабою. Грувасьціліся кучы пакрышанага, паколатага каменю, бясконцымі шэрагамі стаялі купіны апаленай, атручанай зямлі – як нечы зьдзек з могілак. Нават і дзённае сьвятло, падавалася, неахвотна адкрывала такое вачам.

Хобіты сягнулі пустэчы ля Брамы Мордару – помніку жорсткай, чорнай працы ягоных рабоў, які трывацьме, калі скасуюцца ўсе іхнія мэты й намеры, – помніку апаганенай, забітай назаўсёды, зьмярцьвелай зямлі. Хіба толькі Вялікае мора калі-небудзь прыйдзе сюды, змые, схавае пад хвалямі й у памяці.

– Мяне ванітуе, – вымавіў Сэм.

Фрода маўчаў.

Колькі часу стаялі ля ўскрайку, нібы засынаючы ў прадчуваньні жуды, якая трымае сябе ад глыбейшага сну, хоць і ведаючы – раніца дасяжная толькі празь цень. Пасьвятлела. Яміны й атрутныя кучы нарысаваліся з жахлівай выразнасьцю. Сонца ўзьнялося высока, плынеючы сярод аблокаў і доўгіх языкоў дыму, але нават ягонае сьвятло падавалася брудным. Хобітаў яно ня радавала, бо было для іх варожым, адкрывала іхнюю бездапаможнасьць – маленькіх пісклявых зданяў, што бадзяюцца па сьметніку Чорнага Ўладара.

Надта стомленыя для таго, каб ісьці далей, падарожнікі шукалі месца для адпачынку. Колькі часу моўчкі праседзелі ў цені вялікай кучы шляку, але адтуль высочваўся горкі, удушлівы дым, ад якога перахоплівала дыханьне. Глыкс ня вытрымаў першы. Мармычучы лаянкі й адхаркваючыся, узьняўся ды, не зірнуўшы на хобітаў, не сказаўшы ані слова, папоўз на кукішках прэч. Фрода з Сэмам папаўзьлі за ім, пакуль не далезьлі да шырокай, амаль круглай яміны з высокім заходнім краем. Халодная яна была й агідная, з бруднай лужынай алеістага, шматкаляровага глею на дне. У гэтай мярзотнай дзірцы яны й схаваліся, спадзеючыся там укрыцца ад позірку Вока.

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)