Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Доктар Лазіньскі, які якраз стаяў на каленях побач, мераў пульс, правёў рукой па нагах Аліцыі:
— Мышцы ўжо ў парадку. Вы не адчуваеце болю?
— Не.
— Хм… Нават сутаргі чапляюцца да такіх прыгожых ног, ці не так?
Аліцыя ўсміхнулася.
— Ну і што? Вы вельмі аслаблі?
— Не, крыху.
— Зараз у ложак? — спытаўся пан Янэк.
— Калі вы хочаце згубіць дзве гадзіны добрага сонца, то так — паціснуў плячыма доктар, — можна і ў ложак.
— Значыць, гэта неабавязкова?
— Пані не падобная да той, якая цацкаецца з сабой. Патрэбы няма. Дзякуй богу, арганізм пані без шкоды для сябе перанёс гэтую гісторыю.
— Застаёмся, — вырашыла Аліцыя. — Вялікі дзякуй вам, доктар!
— У любым выпадку, — пацалаваў ён яе руку, — некалькі дзён старайцеся не ператамляцца.
Юлька, калі яны засталіся адны — пан Янэк адышоў на хвіліну з доктарам — закінула рукі Аліцыі на шыю і прытуляла яе да сябе, а гарачыя Юльчыны слёзы падалі на сіні купальнік Аліцыі.
— Мая любімая, мая адзіная Аля!..
— Ужо ўсё добра, Юлечка, — цалавала яе Аліцыя.
Пасля вяртання з пляжа і абеду яны з панам Янкам угаварылі Аліцыю легчы адпачыць — гэта не пашкодзіць. Яны сядзелі ля яе аж да вечара, і, хоць яна пераконвала, што выдатна сябе адчувае, ёй не дазволілі ўстаць да вячэры.
Калі настала ноч, Юлька не магла заплюшчыць вачэй. Ёй пастаянна здавалася, што Аліцыі можа стаць горш. Яна прыслухоўвалася.
Там, ля ложка, няма званка. Трэба пільнаваць. Юлька села, абаперлася на падушкі і чакала.
Раптам у суседнім пакоі яна пачула нейкі шум, нібы крокі…
У яе зашчымела сэрца. Зразумела, Аліцыі дрэнна, пэўна, яна паднялася да званка.
Юлька ўскочыла, у спешцы накінула халат і начныя туфлі. Адчыніла дзверы.
На калідоры панавала поўная цішыня. Толькі знізу, з другога паверха да яе даляцеў шоргат замыканых дзвярэй. Калі што якое, трэба будзе разбудзіць пана Янка і патэлефанаваць доктару. Юлька стаяла ля дзвярэй Аліцыі. Унутры было цёмна. Яна ціхенька пастукала і праз момант націснула на ручку.
— Аля! — паклікала яна напаўголасу. — Аля!..
Можа, яна самлела, а можа, проста спіць? У любым выпадку трэба пераканацца. Юлька ціхенька замкнула за сабой дзверы і, ідучы на дыбачках, наблізілася да ложка. У пакоі было зусім цёмна. Рукі намацалі край падушкі… Далей… далей…
— Няма!
Пасцель была яшчэ цёплая. Божа! Аліцыя, відаць, ляжыць дзесьці тут, на падлозе!.. Юлька знайшла выключальнік начніка і… пакой быў пусты. Не было толькі халата, які Юлька ўчора паклала на крэсла каля ложка, і туфляў. Усё астатняе было ў поўным парадку.
— Ну я і дурніца! — усміхнулася сабе дзяўчына і села на ложак.
Яна хацела пачакаць Аліцыю і павесяліць яе сваім неспакоем. Але міналі хвіліны, мінула чвэрць гадзіны, а Аліцыя не вярталася! Што б гэта магло значыць?
Юлька на дыбачках пайшла аж у канец калідора: ванная і туалет таксама былі пустыя.
Павольна, вельмі павольна яна вярталася. Патушыла ў пакоі Аліцыі святло, увайшла да сябе і замкнулася, сама не ведала навошта, на ключ. У яе скронях моцна біўся пульс, калені дрыжалі.
— Дык вось яно што!..
Цяпер яна ўсё зразумела. Усё!!! Усе дробязі, недагаворкі, погляды, тэлефоны, манеўры з найманнем трох пакояў…
«Яны падманвалі мяне, — падумала яна з горыччу, — самым жахлівым чынам ашуквалі!»
Яны такія самыя, як усе іншыя… Не, гэта толькі Аліцыя падманвала! Ён, што ж ён мог зрабіць? Аліцыя… подлая! Так, подлая!
Юлька стаяла, абапершыся на дзверы, але ногі яе невыносна трэсліся, яна спаўзла на падлогу. Будзе так чакаць, пакуль не пачуе, як гэта падманшчыца вяртаецца, вяртаецца пасля бессаромнай ночы!.. Подлая! Захапіла яго сабе! О! Юлька была да гэтага вельмі наіўнай! Цяпер скончана, раз і назаўсёды!
— Святое каханне… ха… ха… ха… святое каханне, перад якім я схіляла галаву… дзеля якога я адракалася нават ад мар пра яго…
«О, навошта яе ўчора выратавалі! Няхай бы патанула!»
Раптам яна спужалася ўласнай думкі.
«Не, не, я нікчэмнасць!.. Як я магла, о, якая ж я злая, якая няўдзячная!»
Урэшце… Аліцыя ж мела поўнае права. Яна ж не была абавязаная адракацца ад пана Янка… Паколькі яны кахаюць адно аднаго…
— Прыгожае каханне! — яе вусны скрывіліся ў іранічнай усмешцы. — Такое, як гэтага тэнара да пані Чэрвеньскай.
Праходзілі гадзіны, а Юлька дрыжала, скурчаная, сядзела пад дзвярыма.
Яна знаходзіла тысячы апраўданняў і тысячы абвінавачванняў, узрывалася нянавісцю, разгаралася клятвамі помсты і зноў вінаваціла сябе ў мізэрнасці і злосці.