Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Сапраўды, не на карысць. На працягу дня яна выпівала вачыма кожны яго рух, паглынала непараўнальны тэмбр яго голасу, поглядамі, як вуснамі, прыпадала да яго рук.
А ночы былі доўгія, балючыя, безнадзейна самотныя.
Так міналі дні, так міналі тыдні.
Ніякага бунту не нараджалася ў яе сэрцы, ніякія надзеі не апаноўвалі яе думкі. Яна бачыла, што пацярпела паражэнне і адказвала адмовай. Што значыла яе малое, недалёкае каханне ў параўнанні з узнёслым, багатым, цудоўным каханнем, якое ахвяравала яму Аліцыя?.. Нічога… І Аліцыю яна не шкадавала. Наадварот, яна яшчэ больш яе абажала, яшчэ больш шанавала яе каханне…
Яна ведала, што гэта было святое каханне, о, як жа яно адрозніваецца ад тых раманаў, пра якія яна чытае ў кнігах, ад тых, хаця б, якія яна магла лёгка назіраць у самім пансіянаце. Мярзота! Малодшы Тэрлінг абцалоўваў пакаёўку, а оперны тэнар — пра што гаварылі амаль уголас — праводзіў ночы ў пакоі пані Чэрвеньскай… Бр-р-р… Гэтая панна з-пад Каліша, канечне, прыкідвалася на пляжы, што ў яе сонечны ўдар, толькі для таго, каб пан Янэк мусіў аднесці яе дадому. Нахабніца! Юлька ж добра бачыла, як бессаромная какетка тулілася да яго голых грудзей… А між тым, аднойчы здарыўся і значна больш сур’ёзны выпадак, якому было наканавана адыграць вельмі вялікую ролю ў жыцці іх траіх.
А менавіта даволі моцны прыбярэжны вецер знёс гумовую чарапаху. Калі Юлька гэта заўважыла, было ўжо надта позна, і на сваёй камеры яна не магла яе дагнаць, а Янэк якраз перад гэтым вярнуўся са свайго штодзённага «трансбалтыйскага» падарожжа, як яны называлі яго плавальныя рэйды, таму Аліцыя скокнула ў ваду, каб дастаць чарапаху.
За ёй назіралі з берага. Бачылі, як яна даплыла і моцным штуршком рукі павярнула чарапаху назад.
Раптам да іх данёсся яе крык, і яна знікла пад вадой.
Юлька пачула побач з сабой гучны пляскат вады і, перш чым зразумела, што адбылося, убачыла пана Янэка, які плыў з шалёнай, проста неверагоднай хуткасцю.
Толькі цяпер яна зразумела, што Аліцыя тоне.
Сапраўды, яна яшчэ раз высунулася з вады і зноў знікла.
— Божа мой! Божа мой! — паўтарала Юлька.
Ля яе сабраўся натоўп разявак. Яшчэ тры ці чатыры мужчыны кінуліся ў ваду. Маторная лодка, якая праплывала за добрых дзесяць хвілін дарогі да месца выпадку, змяніла накірунак і мчала на поўным хаду да чырвонай плямы чарапахі, што калыхалася на хвалі.
Але вось пан Янэк даплыў. Яго ногі апісалі дугу ў паветры, і ён знік.
Доўгія секунды чакання… Пакутліва доўгія… І вось на паверхні паказваецца ён, а побач сіняя шапачка Аліцыі.
Юлька чуе за сабой адрывістыя, усхваляваныя галасы:
— Уратаваная!
— Гэта яшчэ невядома.
— Ён не можа хутка плыць.
— Нічога з яе не будзе…
— Жадаю, каб вы без грузу маглі плыць з такой хуткасцю!
— Калі б я ратаваў сваю палюбоўніцу, можа, у мяне б і атрымалася.
— Доктара!
— Дзе доктар Лазіньскі? Быў тут!
— Вы што, не бачылі? Ён паплыў ратаваць!
— Так, так! О! Глядзіце, ён падхоплівае яе з другога боку.
— Удвух ім лягчэй.
І сапраўды, вось ужо яны даплываюць, пан Янэк з доктарам Лазіньскім выносяць Аліцыю на пясок. Натоўп расступаецца, каб акружыць іх шчыльным колам. Юлька застаецца за імі. Яна бачыла рукі Аліцыі, якія звісалі, і твар, страшна бледная… Божа!
Гоман змяшаных галасоў. Усе нешта раяць, кожны ведае надзейны спосаб. Юлька становіцца на дыбачкі. У сярэдзіне круга доктар і пан Янэк, нахіленыя… Штучнае дыханне… Масаж… так… так… гоман узмацняецца. Раптам раздражнёны доктар выпростваецца і, задыханы, загадвае:
— Ды ціха вы, халера!
Яго твар спакойны, а голас упэўнены.
Усталёўваецца маўчанне. Чуваць толькі паскоранае дыханне двух мужчын, якія працуюць над прывядзеннем Аліцыі ў прытомнасць.
З кола высоўваецца нейкі мужчына ў пенснэ.
— Вы яе ўратуеце, пан доктар?
Доктар, не адварочваючы галавы, адказвае:
— Такую прыгожую жанчыну ды не ўратаваць?!
— Доктар, вы ёй косці паламаеце, — крычыць нейкі мужчына.
— Я вам паламаю, калі вы не перастанеце нудзець!
Праходзяць секунды… Юлька дрыжыць усім целам.
Раптам чыйсьці крык:
— Дыхае!
— Дыхае! Дыхае!
У Юлькі кроў прыліла да сэрца. Яна не бачыць Аліцыі, але вось заўважыла два бронзавыя твары: пана Янка і доктара. На абодвух адначасова — калі сустрэліся іх вочы — заззяла ўсмешка. Яны не прамовілі ні слова, але ў гэтай усмешцы было ўсё: уратавана.
Прынеслі нейкія лекі. Урач скончыў свае працэдуры. Аліцыя, ужо прытомная, сядзела на пяску, абапертая на плячо пана Янка.
— Сутарга, — ціха гаварыла яна, — сутарга ў абедзвюх нагах.