Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 268
Перейти на страницу:

— Летась на Волхаўскім пошук разведчыкаў забяспечвалі, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Во дзе была калатнеча, ядрона вош! Фрыцы ў абароне: калючы дрот у чатыры калы, камбінаванае міннае поле, дзоты — вазьмі іх! А трэба язык. Навошта трэба? Каб знаць: сядзіць ад балота да лесу саракавы пяхотны полк або які іншы. Вось і пошук разведчыкаў. Група з разведроты паўзе па языка, батальён забяспечвае, адцягвае ўвагу, завязвае бой і так далей. Ну і адцягнулі. Ад роты Сырамятнікава засталося дванаццаць чалавек. А ў мяне семнаццаць. Спаўзлі мы з ім у варонку, утулілі галовы, а фрыц лупіць — месца жывога няма… Кажу: на якога хрэна мы тут людзей ложым? Языка бярэм, кажа, нумар нямецкай часці ўстанавіць. Ну, у тую ноч пашэнціла: прыводзяць языка. Дарэчы, разведчыкаў таксама палавіна пад дротам засталася. Вядуць у бліндаж і першым дзелам за кніжку: якая часць. Аказваецца, усё той жа саракавы грэнадзёрскі полк. Што б ты прапаў, кажу. Сырамятнікаў маўчыць ды таксама зубамі скрыгоча: за тры ночы ўсіх яго камандзіраў узводаў паклалі.

— Што ж, бывае… — азваўся Грыневіч. — На вайне ўсё бывае.

— Бывае! А то я не знаю, што бывае. Не ў тым справа. Вунь пад Мар’янаўкай зноў тое ж: выклікае начальнік штаба, загадвае падрыхтаваць групу для захопу языка. Ёсць даныя, што ў немцаў змянілася часць. Ну і чорт з ёй, хай мяняецца, кажу. Вялікая важнасць, які яе нумар. Усё роўна біцца будзе, у палон не здасца. Начальнік штаба як напусціцца: «Недарэчныя размовы! Загад не абмяркоўваецца, загад выконваецца». Бы я сам не ведаю. Але стаю, маўчу. А Сырамятнікаў гэты — намеснікам тады ўжо стаў — таксама тут. I маўчыць. Я гляджу на яго, ён — на мяне. Думаю: прыпомніць ці не? Чорта з два! Нібы і не было нічога. Нібы і не скрыгаў зубамі ў той варонцы, як шасціствольныя ігралі. Во — перамяніўся. Бо самому ўжо не трэба з траншэі вылазіць. Другіх пасылае. У тым уся справа.

Грыневіч памяркоўна маўчаў. Ды і што было пярэчыць: справа гэтая дужа звычайная на вайне. Для адных загад — каманда па калоне: прыняў, перадаў далей. Для тых жа, каму яго выконваць, — ён робіцца пытаннем жыцця і смерці.

— Ніколі не забуду падпалкоўніка Багданава, — успамінаў Ананьеў. — Такіх камандзіраў ужо мала — павыводзіліся. Пад Невелем гэта было ў сорак першым. Я тады яшчэ старшыной хадзіў. Біліся, помню, двое сутак: у батальёне ніводнага сярэдняга камандзіра не засталося, байцоў — жменька. Ну, я за камбата. Сем атак адбілі, а на восьмай не ўтрымалі. Танкамі, сволач, збіў з пагорачка: гранаты ўсе выйшлі, артылерыя дагары коламі… Надвячоркам адбегліся за рэчку, брыдзем, як шызафрэнікі, нічога не чуем, не разумеем. А тут насустрач з ляска камандзір корпуса, яшчэ нейкае начальства і камандзір палка падпалкоўнік Багданаў. Камкор дастае пісталет: «Стой!» «Так вашу растак: застрэлю, у трыбунал аддам!» I да Багданава. Давай яго з гразёю мяшаць. Накрычаўся — у эмку і — далей адгэтуль… Ну, думаю, цяпер ад камандзіра палка яшчэ будзе. А наш Багданаў, калі камкор схаваўся ў ляску, спакойна гэтак падыходзіць да мяне. «Дай тваю руку, герой! Малайцы, столькі трымаліся. Ад ліца службы табе падзяка. I яшчэ — чым бы цябе ўзнагародзіць?» Дастае з кішэні гадзіннік, адшпільвае ланцужок і ўручае мне. Знаеш, не вытрымаў я, заплакаў, яй-богу.

— А дзе ён цяпер, Багданаў гэты? — запытаў я.

— Багданаў? Месяцы два камандзірам дывізіі быў. Не нашай, праўда, суседняй. А затым я ў шпіталь загрымеў. А калі вярнуўся, у арміі яго ўжо не было. Казалі, нібыта таксама па раненню выбыў. А гадзіннік той у мяне, у непрытомнага, санітары, сволачы, вынялі… Не збярог… усё жыццё шкадаваць буду… Ён быў мне даражэй за ордэн.

Ананьеў дакурыў і абцасам старанна прытаптаў акурак.

— Ну, хопіць балбатаць. Пайду прайдуся, — сказаў ён і, штурхануўшы мяне, устаў. — Вы тут хаця не ўсе спіце. Не курорт вам, ядрона вош!

Мы не спалі — мы сядзелі і слухалі. Чутно было, як ён вылез і прашлёпаў па гразі ў траншэі. Калі яго крокі сціхлі, Цвяткоў з-за мяне пацягнуўся рукамі да скрынкі, забразгаў там чымсь — мусіць, шукаў пляшку.

Стала ціха і самотна.

Як-колечы я прыцярпеўся да болю ў плячы і, здаецца, пачаў драмаць. Адчуванне рэальнага блыталася з разнастайнымі малюнкамі былога, урыўкамі нейкіх фраз, думак. Знадворку нехта дзёўб сваю ячэйку: «тук-тук» — чулася за маёй спіной, і паступова, у цягучай дрымоце, я пачаў успрымаць гэты гук, як знаёмы, напаўзабыты стук сякеры ў дзяцінстве, які на ўсё жыццё ўбіўся мне ў памяць.

1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)