Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Грыневіч маўчаў. Ананьеў трохі паразважаў і рашыў:
— Напішу дваццаць пяць. Не — дваццаць сем, каб кругла не было. А то не паверыць. Маёр Сырамятнікаў — ён таксама не промах на гэтыя штучкі.
— Вось іменна! — сказаў Грыневіч. — Навошта ж тады фантазіраваць!
Ананьеў падкрэслена, са значэннем, уздыхнуў.
— Знаеш, камісар! Харошы ты хлопец. Але ёсць у цябе адзін недахоп.
Апатычны Грыневіч з нечаканай цікаўнасцю зірнуў на ротнага. У ягоных шэрых вачах прамільгнула паблажлівая ўсмешка.
— Гэта які ж?
— Які? Занадта правільны. Усё табе правільна-няправільна. А я чхаць хацеў на гэтае правільна! — з уладарнай рашучасцю аб’явіў Ананьеў. — Мне каб лепей! Для роты каб лепей. Паняў?
Грыневіч зноў паблажліва ўсміхнуўся і, нагнуўшыся, без патрэбы падабраў карту з тых, што багата было рассыпана ў доле.
— Не будзе правільна — не будзе і лепей, — разважліва сказаў ён. — Будзе горш. Бо, апроч роты, ёсць яшчэ полк, дывізія, армія. Вось як!
Ананьеў няўцямна зірнуў вакол, мабыць, не ведаючы, як запярэчыць яму.
— Знаеш што?.. Ты гэта скажы байцам, а не мне. Я, брат, з сорак першага між куль хаджу. Таму — ведаю… Калі байцам лепш, дык і роце лепш, і палку, і дывізіі.
— Памыляешся, камандзір.
— Чорта з два!
Грыневіч задумёна разадраў напалам трэфавую дзецятку і кінуў абрыўкі пад ногі. Камандзіру роты ён не адказаў, і я разумеў яго: навокал былі байцы, сяржанты — іх падначаленыя, і тактоўны нампаліт не хацеў у іх прысутнасці развіваць спрэчкі.
— Вось напішу сорак сем! — раптам вырашыў Ананьеў. — I будзе правільна. Паняў? Хай хто палічыць. Ну, ды свяці ты! Нічога не відаць…
— Няма чым: дагарае…
Плошка сапраўды дагарала, болей святла ў нас не было, рэшту ночы выпадала сядзець у цемры. Ананьеў торапка падпісаў данясенне, агеньчык у далонях Цвяткова сцяўся да маленькай іскрынкі і патух. Суцэльны змрок апанаваў бліндаж.
— Так, — сказаў у гэтай цемры камандзір роты. — Кімарнем на пераменку. Давай, камісар, пачынай першы.
— Ды ну! Не дужа кімарнеш тут…
Нампаліт не дагаварыў, але і без таго ўсе мы разумелі ход яго думак. Людзі стаміліся за гэтае наступленне па гразі, было галаднавата, патронаў хапала на адзін нядоўгі бой. Да раніцы наўрад ці падыдуць суседнія батальёны: другі завязнуў пад Курапяцінам, трэцяга нешта зусім не чутно. А недзе побач стаіўся вораг. Хто ведае, што ён задумаў?
Нібы адгукаючыся на яго клопат, камандзір роты сказаў:
— Трохі пасяджу і пайду ва ўзводы. А ты, Васюкоў, давай даві вуха. Прывыкай. Цяпер у цябе новая пасада — ранбальной.
Ля ўвахода пачуліся крокі, зашэрхала палатка, нехта нябачны ўвайшоў у бліндаж і сціх, аслеплены цемрай.
— Хто гэта? — запытаў Ананьеў.
— Радавы Шапа, таварыш старшы лейтэнант, — пачуўся са змроку знаёмы шапялявы голас.
— А, Шапа! Слухай сюды, Шапа! Табе важнае баявое заданне. Рванеш у Бражнікі з данясеннем. Знаеш Бражнікі? Ну, дзе нас «юнкерсы» бамбілі. Там знойдзеш маёра Сырамятнікава — уручыш… Паняў?
— Паняў, таварыш старшы лейтэнант.
— Кіламетраў дванаццаць. Знаю, не спаў, не еў, не адпачываў. А трэба. Спаткаеш старшыну — напраўляй сюды. Скажы: я з яго душу выму і другую ўстаўлю.
— Ясна.
— Калі ясна, бяры дакумент і — алюр тры красты…
Шапа хуценька выйшаў, Ананьеў вальней выцягнуў ногі, прыхінуўся спіной да сцяны бліндажа.
— Камісар, не спіш?
— Не. А што?
— Знаеш, вось думаю: маёр, таварыш Сырамятнікаў… Выконваючы абавязкі камандзіра палка. Двойчы ардэнаносец і так далей. Выклікае якога Івана-ўзводнага — у таго калені дрыжаць. А ты знаеш, год назад мы з ім у трэцім батальёне ротамі камандавалі.
— Ну і што? — супакоена азваўся ў цемры Грыневіч. — Што ж тут дзіўнага? Вайна, вылучэнне.
— Вось іменна, вылучэнне. Ох, гэтае вылучэнне! Кажуць: не пазнаеш друга, пакуль ён тваім начальнікам не пабудзе. Рэдка каторы застаецца ранейшы. А то — нібы яго падменяць. Спачатку імя тваё забудзе, пасля на «вы» стане. Такая гэта дзіўная завядзёнка — выкаўка. Цярпець не магу! Ну, калі начальства, старэйшага каго — гэта зразумела. А то я — старшы лейтэнант, і ён старшы лейтэнант. Мне дваццаць восем, і яму столькі. I адзін аднаму — «вы»!
— Ты пра каго? Пра Кузняцова?
— Ну, хоць бы і пра яго. Стаў камандзірам батальёна, ужо ён мяне — на «вы». Сырамятнікаў, праўда, не такі. Увогуле ён някепскі мужык. Неяк перад наступленнем у штабе вечарком клікнуў — па чарцы сарганізавалі. А што — усё ж дружкі старыя. Ядрона вош!
У бліндажы было цёмна і ціха, знадворку данесліся нечыя крокі ў траншэі. Недзе паблізу дзяўблі рыдлёўкай — у зямлі за сцяной размерана і глуха аддаваліся яе ўдары. Грыневіч слаба падтрымліваў размову, мусіць, драмаў. У куце насупраць дужа соп немец. Ананьеў упоцемку згарнуў цыгарку і прыкурыў ад запалкі.