Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Дайце я схаджу, — сказаў ён проста, нібы гутарка ішла аб якой драбязе. — Калі што — кулямётам…
Заклапочаны, Ананьеў няўцямна зірнуў на яго.
— Давай! — раптам нібы ўзрадавана сказаў ён.
Грыневіч, аднак, запярэчыў:
— Адзін? Не паложана. Двое трэба.
Ванін азірнуўся.
— Пласкуноў, айда!
Невялічкі крываногі аўтаматчык Пласкуноў, што стаяў ззаду ў непадпяразаным шынялі, нерашуча пераступіў з нагі на нагу. У адной руцэ ён трымаў жалезную скрынку з дыскамі ад РПД.
— Дык я гэта…
— Шчо — ты? — злосна гыркнуў да яго Піліпенка.
— Дык гэта… кулямёт.
— Нэ втэчэ твій кулэмэт. Бэры автамат і дуй.
Ванін тым часам выняў з кішэні гранату і дакладным рухам уставіў у яе запал. Гранату планкай пачапіў на дзягу ля спражкі.
Пласкуноў яшчэ раз пакутліва пераступіў, азірнуўся. Уся яго худзенькая постаць была ўвасабленнем нерашучасці. З натугай асільваючы яе, баец зняў з пляча аўтамат, паправіў шапку і, калі Ванін, абапёршыся каленам аб край бруствера, вылез наверх, таксама пачаў выбірацца з траншэі.
Ванін прыпыніўся, ступіў да камандзіра роты.
— Патрымайце пакуль. А то…
— Нэ вэртайсь! — крыкнуў Піліпенка.
Скінуўшы цераз голаў планшэтку, малодшы лейтэнант аддаў яе Ананьеву і таропка збег з бруствера.
— Вэрнувся! От дурэнь… — бурчаў Піліпенка.
Нехта няўцямна спытаў:
— А што, як вярнуўся?
— Шчо, шчо! Нэ знаеш шчо?
Пулька жалліва заскуголіла, забегала ўнізе, імкнучыся выскачыць з траншэі. Піліпенка злосна пхнуў яе ботам:
— Халера, тэбэ шчэ не хапала!
Баец у бушлаце спрабаваў злавіць сабачанё, але тое, выскачыўшы, прашмыгнула між ног, усё скачучы на бруствер. Грыневіч раздражнёна прыкрыкнуў злым шэптам:
— Што за сабачнік яшчэ? Качамасаў!
— Я.
— Прыстрэльце сабаку.
— Ну што вы, таварыш лейтэнант! — здзівіўся баец. — Як можна!
Грыневіч азірнуўся.
— Сідарэц!
— Так сліпота ў мэне куріна. У траншэі нэ бачу нычога.
Нампаліт моўчкі выняў пісталет і, штурхнуўшы кагось у траншэі, прашчаміўся ў той бок, дзе мітусілася Пулька.
У мяне непрыемна сціснулася ўнутры: няўжо ён прыстрэліць яе! Я зірнуў на камандзіра роты, але той стаяў, здавалася, нічога не бачачы і не чуючы навакол: уся яго ўвага цяпер была ў полі, куды пайшоў Ванін. У траншэі нягучна хлопнуў пісталетны стрэл. Пулька віскнула, пасля хлопнула яшчэ раз, і ўсё змоўкла… Ніхто ні словам не азваўся на смерць сабачкі, усе як і раней нерухома стаялі наўкола камандзіра роты, і штось востра непрыязнае да нампаліта коратка ўспыхнула і згасла ў маім пачуцці… Зрэшты, які «б» блізкі для нас ні быў лёс Пулькі — свой уласны турбаваў куды больш. Усе ў траншэі ўзіраліся наперад, куды ішоў Ванін. Малодшы лейтэнант не аглядваўся і не падганяў Пласкунова, які трохі адстаў. Спакваля яны ўсё болей цямнелі, расплываліся ў шэрым сутонні. Неўзабаве ўжо трэба было дужа ўглядацца, каб згледзець іх. А затым яны і зусім зніклі.
Мы яшчэ пастаялі, слыхам чакаючы стрэлаў ці крыкаў, толькі нічога нідзе не было. Напружанне памалу пачало спадаць, людзі ў траншэі заварушыліся. Нехта прысеў закурыць. Піліпенка запытаў пра час. Даўжэй за ўсіх у начную прыцьмеласць углядаўся Ананьеў, але і ён, нарэшце, адступіў ад кулямёта і прыхінуўся да тыльнага боку траншэі.
— Так! Васюкоў! — клікнуў мяне камандзір роты. — Забірай немца, параненых і марш у санроту! За рэчку Цвяткоў правядзе.
«Ну вось, значыць, ужо будзем развітвацца», — падумаў я.
Увогуле, мусіць, гэта звычайна на фронце, але цяпер чамусьці мне стала самотна. Я збянтэжана пастаяў у траншэі, не ведаючы, што сказаць. Напэўна, адчуваючы маю нерашучасць, Ананьеў павярнуўся ад кулямёта.
— Давай, давай! Пакуль ціха, — сказаў ён амаль спакойна.
I ўсё ж я добра ведаў камроты, каб не адчуць у яго тоне старанна прыхаваныя ноткі трывогі. Зрэшты, і ў выглядзе яго нешта сведчыла аб непакоі. Я проста не памятаў яго такім рэзкім у рухах і словах. Нечакана для самога сябе мабыць, упершыню я зразумеў, што зусім ён не такі самаўпэўнены і ўладарны, якім заўжды мне здаваўся. Гэтае адкрыццё жаллівай паныласцю кранула мае пачуцці, але, знешне не выдаючы таго, я сказаў:
— Ну што ж… Тады — да пабачэння…
— Давай лячыся…
Ён коратка і амаль абыякава паціснуў маю руку і зноў павярнуўся да змрочнай далечы. Моўчкі, не выходзячы з-пад улады звычайнай напускной незадаволенасці, падаў мне шырокую далонь Піліпенка, стрымана кіўнуў галавой Грыневіч. Затым я таропка паціснуў сцюдзёныя рукі байцоў, якія маўкліва праводзілі мяне занадта ўважлівымі позіркамі.