Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 268
Перейти на страницу:

Тое лета наш бацька ставіў новую хату. Варта заплюшчыць вочы, як дагэтуль выразна бачна яго прыгорбленая, у непадпяразанай сарочцы постаць на зрубе, заскарузлыя вялікія ступні, упертыя ў смаляныя бакі бярвён — бацька высякае вуглы. Цэлае лета пад гэта «тук-тук» бацькоўскай сякеры я засынаў увечары і прачынаўся ўранні. Пазней, калі наставаў час сняданку і яго жаданая абвесніца-мама ласкава-ціхім голасам будзіла нас, дзетвару, у сенцах стуку ўжо не было, бо не было бацькі — у гэты час ён ужо выганяў соткі на палявой рабоце, з якой заўжды была няўпраўка ў калгасе. Я не ведаў, калі бацька спіць, не бачыў яго хоць бы на хвіліну раздумным. Ён і курыў на зрубе, не выпускаючы з рук сякеры, еў хутка, спяшаючыся, не хадзіў — заўжды бегаў, згружаў, нагружаў каменне, паднімаў цяжкія бёрны, бясконца сек і часаў. I так усё лета — без выхадных і святочных, у спёку і ў дождж, раненька на зары, упоўдзень, да глухой цемры ўвечары. Заўжды прагны да працы, ён проста надрываўся на будоўлі, здзіўляючы людзей сваёю нястомнасцю. Яго нават і празвалі тады Двухжыльным. Але ён не быў двухжыльны. Я бачыў, як бацька стамляўся і як яму было цяжка. Проста нам патрэбны быў дом, новая хата — старая ўжо струхлела, правалілася па самыя вокны ў зямлю, падгніла, не захінала ад ветру, а зімой прамярзала па ўсіх чатырох вуглах. Мы, малыя, часта прастуджваліся, і мама плакала, кажучы, што гэта халупа ўгоніць яе ў труну. I вось бацька ўзяўся будаваць хату. А нам усім сказаў, што кроў з носа, а зімаваць будзем у новай, хопіць, нажыліся ў старой. Мама коратка ўсміхнулася, тут жа згасіўшы радасць уздыхам, бо надта добра ведала, чым абыходзіцца ўсім нам гэта новая хата. У той год мы амаль перасталі бачыць малако (хіба кіслае з бульбай), масла, яйкі, твораг. Рэшта парсючка з кубла таксама пайшла на кірмаш ды зімой на талаку, калі вазілі з лесу бярвенні. А яшчэ не было рамаў у вокны, дошак на падлогу, цэглы на печ… Дапамогі нам ніадкуль не было, усе спадзяванні толькі на сябе, на ўмелыя бацькоўскія рукі. Але калі ўжо бацька сказаў, дык з’явілася ўпэўненасць, бо ён у нас быў не толькі двухжыльны, але і ўпарты, проста ашалелы, калі хацеў чаго-небудзь дабіцца.

Ён нібы адчуваў, што яму ўжо не шмат засталося, і спяшаўся, стараючыся як мага скарэй падвесці пад кроквы нашу невялічкую смалістую, поўную лясных таямнічых пахаў хатку. Да крокваў заставаўся недарублены адзін апошні вянец, калі бацькі не стала.

Месяц мы не даравальна для сябе правалынілі — маці бегала па ўсёй акрузе, па знаёмых і родзічах, разоў дзесяць ездзіла ў раён, — усё, вядома, дарэмна. Скаргі на лёс і слёзы — кепскія памочнікі ў справе, а зіма насоўвалася ў спрадвечны свой час. Стаяў на агародзе зруб з утыркнутай у вугал сякерай — бацька як пакінуў яе ўвечары, так болей ужо і не выняў. Мама пабедавала, паплакала ды аднойчы ўзлезла на зруб і аберуч выдрала тую сякеру. Было пакутай глядзець, як яна дзёўбала там. I вось аднойчы, вярнуўшыся з школы, на зруб узлез я. У мяне неяк пайшло зручней, чым у маці, хоць, вядома, далёка не так, як у бацькі. I ўсё ж я дарубіў недарублены ім вугал. Праўда, трохі зачапіў вострай пяткай калена, прасекшы штаны.

З таго дня пачалася мая будаўнічая пільніца.

Самым пакутным было ўставаць на світанні, да чаго я доўга не мог прывучыцца, жахліва хацелася спаць. Маці будзіла мяне ў тры прыёмы, і ўжо я замест бацькі будзіў уранку сваім стукам малодшых сясцёр — так кожны дзень да глыбокай восені. Школа мяне мала цікавіла. Вучыцца ў сёмым класе ўвогуле было няцяжка. Куды болей сур’ёзныя справы займалі маю свядомасць. Надвячоркам, прыбегшы з калгаснай работы, да мяне на зруб узлязала маці. Удвох мы перакочвалі бервяно, падняць якое з зямлі памагаў хто-небудзь з суседзяў. Калі ж нікога паблізу не было, мусілі паднімаць удвох. Спачатку мы клалі яго канцом на плот, потым паднімалі на сярэдзіну зруба і ў трэці прыём, стаўшы на драбіну, узвалаквалі канец бервяна наверх. Затым гэткім жа спосабам паднімалі другі канец. Так дарубілі і самшылі. Ставіць кроквы памог дзядзька Ігналя. Накрываў кулявой саломай мамін сваяк з суседняе вёскі. Астатняе дараблялі самі з маці. Гэта было нялёгка, ды і вечна не хапала таго-другога. На зіму мы ўсё ж перанесліся ў сваю новую хатку, вокны ў якую паставілі з старой, дзверы таксама. Падлогі яшчэ не было зусім, але печ змураваў самы лепшы ў раёне пячнік, з ім расплачваліся некалькі год потым, — і ў першы ж вечар, прыгрэўшыся каля яе сырога яшчэ, смярдзючага ад гліны боку, мама сказала:

— Як-небудзь будзем жыць, дзеткі…

Дзяцінства маё тым летам і скончылася, на плечы ляглі зусім не дзіцячыя клопаты, пачалася праца, а болей працавітых за нашу сям’ю не было ў вёсцы. Без бацькі спадзявацца не было на каго, кавалак хлеба трэба было зарабіць самім. У першы ж год мама выгнала 430 працадзён у калгасе, я — 210. Ленка і тая 60. Адна Наталка заставалася дома — на яе абавязку была карова, куры, праполка. Усе ў нас мелі свае справы і свае абавязкі — як і дарослыя. Было не да гульняў і дзіцячых забавак. I хоць даводзілася цяжка, часам галаднавата і сцюдзёна, здавалася, што ўвогуле зусім нармальна. Іншага жыцця мы ў тую пару не ведалі. Да вайны ж заставалася яшчэ тры гады.

1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)