Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Ідучы назад па траншэі, я ўсё ўслухоўваўся, але трывогі пакуль не было, аўтаматчыкі па-ранейшаму сцішана пераседжвалі ноч: тупалі, курылі, а некаторыя, не гледзячы ні на што, спалі, скурчыўшыся ў сваіх ячэйках. Цяпер, аднак, усе яны — знаёмыя і незнаёмыя — адсоўваліся ад мяне ў мінулае, у маё былое і сваё будучае, але без мяне, бо праз гадзіну я, мабыць, буду адсюль далёка.
З новым клопатам я рвануў з увахода палатку і ўлез у бліндаж.
11
Параненыя хутка паўставалі, разабралі зброю. Мы расштурхалі немца і павылязалі ў траншэю. Оберфельдфебель трохі праспаўся і, мабыць, пацверазеў, бо хоць і не адразу, але ўсё ж выконваў нашы каманды. Праўда, ісці яму было цяжка, ён амаль не прыступаў на параненую нагу і скакаў на адной, перабіраючы па сценах рукамі.
Тым часам займаўся світанак.
Неба паяснела, на ўсходзе стаў бачны край лесу над пагоркам, дзе была дарога: з шэрага змроку нясмела яшчэ выплываў аснежаны прыцьмелы прастор. Было ветрана, сцюдзёна, снег, аднак, не ішоў. Можа, нават падмарожвала, але толькі ледзь-ледзь.
Мы трохі прайшлі па траншэі, далей трэба было вылазіць наверх. Цвяткоў першы ўскочыў на бруствер і падаў мне руку. Затым выбраўся аўтаматчык з абвязанай бінтамі галавой. Удвох яны вывалаклі другога аўтаматчыка і працяглі рукі немцу.
Обер-фельдфебель нерашуча паглядзеў знізу ўгору — наўрад ці ён разумеў, куды яго вялі, мабыць, думаў, расстрэльваць, і толькі цяпер пачынаў аб чымсьці здагадвацца.
— Ну, што лыпалы выкаціў? Давай руку.
Ён даў руку, утрох мы неяк узвалаклі яго на бруствер. Але тут аказалася, што ён зусім не можа прыступіць на нагу і адразу апусціўся долу. У дадатак да ўсяго, ноччу нехта сцягнуў ягоны шынэлак, немец прыкметна дрыжаў ад сцюжы ў сваім кароткім мундзірчыку. Цвяткоў вылаяўся.
— Як жа яго весці? Падвода трэба.
— Мо пашукаць лапату? — сказаў я. — Замест кастыля.
Аднак мяне не падтрымалі — пэўне ж, вяртацца назад у траншэю нікому не хацелася, світанак прымушаў спяшацца. Поле на захадзе, здаецца, болей, чым уначы, злавесна чарнела ад навіслай над ім цемрадзі, у якой таілася нейкая нязнаная, загадкавая і таму асабліва страшная небяспека.
— А што, хіба Ананьеў не да санроты мяне выпраўляў? — раптам з насцярогай у голасе запытаў Цвяткоў, стоячы на заснежаным брустверы.
— Толькі да рэчкі.
— А ад рэчкі вы як? Во з гэтым?
— Як-небудзь.
Цвяткоў падумаў і з яўнай незадаволенасцю тузануў за рукаў немца.
— Ану, устаць!
Немец устаў, і санінструктар узяў яго пад руку, што мяне ўвогуле здзівіла: то не хацеў перавязваць, а тут бярэ пад руку, хоць гэта мог бы зрабіць той жа паранены ў голаў аўтаматчык, які, не зважаючы на рану, трымаўся ўвогуле ўпэўнена.
Мы зышлі з бруствера і па слізкім ад снегу травяністым схіле пайшлі да мастка ўніз.
Цвяткоў даволі бесцырымонна валок немца, той, часта падаючы на вольную руку, ледзьве спраўляўся з ім. Мы ўтрох абмінулі іх, коўзаючы па снежнай траве, сышлі да рэчкі і ўсё па тых жа бэльках былога мастка перайшлі на другі яе бок. Далей, мусіць, трэба было пачакаць Цвяткова, каб пераняць у яго обер-фельдфебеля, і я прытрымаў хлопцаў, якія з прыкметнай паспешнасцю імкнуліся ў тыл.
Аднак правесці аднаногага чалавека па бервяну было не проста, ва ўсякім разе, Цвяткоў не наважыўся на тое. Падышоўшы да мастка, ён нерашуча спыніўся і паглядзеў на мутны вадзяны паток, які хутка вірыў між мокрых, аснежаных берагоў.
— Ну, што? — спытаў я.
— Не прайсці. Якая тут глыбіня?
Чорт яе ведаў, якая тут была глыбіня, але я ўспомніў, што Ўночы некаторыя з аўтаматчыкаў пераходзілі недзе ўброд.
— Давай, не патонеш…
— Што — давай? Ідзі памажы…
Лезці ў ваду не хацелася, у ботах маіх і без таго ўжо было мокра, і ўсё ж аднаруч я падабраў полы шыняля і пайшоў у раку. На шчасце, глыбіня тут была не дужа вялікая, я хуценька перабег на той бок, і ўдвох мы ўзялі немца. Оберфельдфебель згодна павіснуў на нашых руках. Мы з намаганнем прыўзнялі яго даволі цяжкаватае цела. Ён разы два скокнуў здаровай нагой у вадзе і ўрэшце апынуўся на другім беразе.
— Гадская работа… — сказаў Цвяткоў. — Поўныя боты вады…
У ботах, вядома, здорава чвякала, ногі пачалі стыць, трэба было хутчэй ісці, каб сагрэць іх, але Цвяткоў не пусціў ад сябе немца.
— Удвох павядзем.
— А ў роту не вернешся? — спытаў я.
Стала віднець. Я бачыў шараваты ад бессані твар Цвяткова, які трошкі паморшчыўся і, мабыць болей для заспакаення самога сябе, вытлумачыў: