Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 268
Перейти на страницу:

— Што, бядро? Бядро гэта ўжо ў пяты раз. А то летась зімой. У руку. Не верыш — на, паглядзі.

Ён рашуча саўгануў на правай руцэ манжэт, адкрываючы на белай скуры сіні прадоўжны шрам.

— Ды я жартую, — прымірэнча сказаў Грыневіч. Ананьеў моўчкі пляснуў у кварту.

— Трымай, Васюкоў. Вып’еш — лягчэй будзе. Знаеш, калі мяне ў сцягно пад Нялідавым трэснула, толькі гарэлкай і ратаваўся. А то б здох ад болю ды голаду.

Я ўзяў кварту, там было небагата, і выпіў усё за адзін глыток. Пасля таропка закусіў хлебам з кавалкам студзяністага ружовага мармеладу.

— Цяпер па старшынству, — распараджаўся Ананьеў, зноў наліваючы ў кварту. — П’ю я. Каб ты хутчэй гэта самае… Ды ў роту. А пакуль Зайцаў пабегае. Дык — за папраўку! — кінуў ён у мой бок і ладна глынуў усё, што было ў кварце.

I нават не паморшчыўся, толькі хакнуў і, не закусваючы, наліў зноў.

— Добра. Цяпер чарга камісара. Ці ты не будзеш?

— Не, не буду, — ціха, без шкадавання сказаў Грыневіч.

— Во другі дурань. А, ведаю: ты пажэрці меціш. Толькі не выйдзе. Не п’еш — мармеладу не палучыш. Паняў?

— Што ж, — напаўсур’ёз сказаў Грыневіч. — Пацерпім.

— Во-во — цярпі. Бог цярпеў і нам, дурням, вялеў. Дык ты чаго стаіш, Васюкоў? Ідзі сюды, пасядзім разам.

Ён пасунуўся трохі, я ступіў у змрок між ботаў і здаровым плячом уціснуўся між ім і Цвятковым. Не ведаю, можа, таму, што выпіў, але мне раптам здалося, што Ананьеў нібы перамяніўся да мяне — стаў такі таварыскі, клапатліва-прыветлівы, якім, можа, ні разу не быў за час мае ў яго службы. У маёй ужо захмялелай галаве заварушыліся здагадкі на гэты конт — ці не прычынай таму наша сумесная і такая паспяховая ўвогуле атака? А можа — маё раненне, якое ў адну хвіліну зрабіла мяне ўжо не ягоным падначальным, а амаль роўным, таварышам па мінулых баях, і толькі. Нічога падобнага раней мне не даводзілася адчуваць. Як гэта добра — мець у адносінах гэтую сціплую таварыскую роўнасць, хмельна думаў я, адчуваючы амаль што любасць да свайго камандзіра роты.

— А лоўка мы іх турнулі, га? — запытаў ён, павярнуўшы да мяне грубаваты, з кучаравымі бачкамі на шчоках, цяпер па-добраму ўсмешысты твар. Праз секунду, аднак, гэты твар спахмурнеў. — Шкада Крывашыява, ядрона вош! Харошы салдат быў… Ну, дык што? — цераз голаў Зайцава ён зірнуў на заўжды маўклівага пры начальстве старшыну Піліпенку— Выпіць чарку не забудзь, на тым свеце не дадуць. Давай, старшына! Твая чарга…

Піліпенка моўчкі ўзяў з ягоных рук кварту і адразу ж пацягнуўся да самага вялікага кавалка на скрынцы. Ананьеў трасянуў пляшкай.

— Шчэ ёсць. Цвяткову не дамо — не заслужыў. Фрыц тож аблізнецца. Гэта — для Ваніна. Ванін — маладзец!

У траншэі зашэрхала палатка. Грыневіч, які сядзеў насупраць увахода, узняў голаў.

— Здаецца, лёгкі на ўспамін, — сказаў ён.

Аднак, замест Ваніна, у бліндаж уваліўся доўгі няскладны Шнэйдар.

— Таварыш старшы лей…

— Шнэйдар, — перабіў яго Ананьеў. — Ну-ка во гэтага цуцыка дапытай.

Аброслы чорнаю шчэццю Шнэйдар, каб не згінаць галавы, зняў з пляча аўтамат і ўкленчыў ля ўваходу. Ананьеў згроб недзе між ног кіпу папер палоннага, зверху якой была салдацкая кніжка, і працягнуў перакладчыку.

— Спярша паглядзі, во. З якой ён часці, фрыцок гэты.

Шнэйдар стрымана пераняў дакументы, не выказаўшы ніякае цікавасці да немца. Той, аднак, мабыць, зразумеўшы, што гаворка ідзе пра яго, адвярнуў убок свой набычаны твар. Шнэйдар дастаў з кішэні абтрапаную кніжачку ў каленкоравай вокладцы. Гэта быў нямецка-рускі ваенны размоўнік, У якім баец хутка знайшоў патрэбную старонку.

— Ві іст ігр Намэ унд Діенстград?

Быццам трохі здзівіўшыся, пачуўшы сваю мову, палонны варухнуў галавой, зірнуў на Шнэйдара і насупіўся. Цяпер ён быў чамусьці распрануты, без шыняля, у адным фрэнчы з трыма знакамі на пятліцах. На ягоных грудзях цьмяна блішчала з паўтузіна нейкіх значкоў ці медаляў: ромбік гітлерюгенда, значок сталёвага шлема, медаль за зімоўку ў Расіі. Былі і невядомыя мне, у тым ліку і нейкая прадаўгаватая эмблема-нашыўка з кінжалам і гранатаю у сярэдзіне дубовага лісця.

— Ві іст ігр Намэ унд Діенстград? — настойліва паўтарыў Шнэйдар.

Ананьеў, сцяўшы над пераноссем белыя бровы, пільна сачыў за немцам, чакаючы яго адказу, як той раптам ваўкавата бліснуў вачыма.

— Вэк, юдэ!

Тое зразумелі і без перакладчыка. Грыневіч амаль са спалохам на твары памкнуўся ўстаць на ногі, Піліпенка вылаяўся. Шнэйдар раптам зрабіў рэзкі выпад, і, перш чым мы паспелі што зразумець, галава немца рэзка баўтнулася назад і глуха стукнулася патыліцай аб земляную сцяну. Ананьеў з раптоўнай і не дужа натуральнай весялосцю зарагатаў.

1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)