Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Аж да Волгі?
– Так… Гэта я ў агульных рысах, а падрабязна ён табе сам раскажа. Кяневічу адводзіцца роля дапамагчы табе – аднавіць пугачоўшчыну на левым бераз ракі. План, я табе скажу, грандыёзны, смелы, хаця ж і рызыкоўны. Ён спадзяецца на твой вайсковы вопыт, на талент камандзіра паўстанцаў. Ты як адносішся да такога плана?
Ты паглядзеў тады на мяне са шчырай усмешкай, даверліва і цёпла. Што ж я мог адказаць табе? Выказаць сумненне ў розум Серакоўскага? Позна, позна…
– Пры ўсіх хістаннях, – вымавіў я, – шчыра веру Серакоўскаму. Хаця Напалеон Іваніцкі выказваў недавер казанскім рэвалюцынерам, называў іх баязліўцамі і балбатунамі, разлічваю на іх. Галоўнае – развязаць бойку, напаткаць напачатку першую перамогу, а потым міжволі падключацца і іншыя, ці не так, Вікенцій Канстанцін?
Ты, помніцца, толькі кіўнуў галавой, думаючы пра нешта сваё. Глядзеў, здаецца, далей і глыбей, мусіць, бачыў, бачыў…
Я яшчэ перад гэтым наведаў Магілёўскую губерню. У адной вёсцы хваляваліся сяляне, у другой. Тое ж было і ў трэцяй. Адчуваў сябе простым назіральнікам іх абурэння, іх гневу. Усе яны выказвалі незадаволенасць драпежніцкай рэформай цара. Пракліналі сваіх паноў, гатовыя рушыць на іх з віламі і сякерамі. Мне здавалася. што вось яшчэ трошкі, – і выбухне, выбухне …
Гэта сёння я разумны, гэта сёння стаў відушчым, а тады… Чаму б мне, любы мой дыктатар, не зазірнуць у адну хату, другую, пагаварыць з людзьмі, як ты некалі хадзіў па вёсках, пераапрануўшыся ў зрэбнае адзенне… Каб жа я пажыў з тыдзень-два ў якога-небудзь селяніна, ды спакойна разабраўся, што да чаго… Меў рацыю мудры паўстанец Юрка Косак, калі мяне і маіх саратнікаў-камандзіраў паўстання папракаў: “Хлопчыкі, не вывучыўшы броду, не лезьце ў воду! Перш, чым паклікаць селяніна на барацьбу з самадзяржаўем, апраніце хоць на момант яго, мужыка, скуру на сябе… А потым мне скажаце, што вы адчулі. Вы ж забыліся пазнаёміцца з тымі, каго хочаце весці ў бой. Ці не думалі вы пра тое, што яны могуць павярнуць зброю пры першых паразах супраць вас саміх? Вы не думалі пра тое?.. Падумайце.”
Мы не ўлічылі на самым пачатку такія акалічнасці. Ёсць сяляне праваслаўныя, і ёсць каталікі, альбо ўніяты. Спытаемся ў саміх сябе: ці магло праваслаўнае сялянства пайсці змагацца за інтарэсы Польшчы разам з каталіцкай шляхтай? Безумоўна ж, не. Бо яны яе лічылі апалячанай, і таму ненавідзелі. Нездарма Магілёўскі губернатар Беклямішаў паведамляў цару, што «нянавісць селяніна да памешчыка нашмат мацнейшая, чым у Вялікарусіі». А тут атрымлівалася так, што тыя ж памешчыкі – паны – павінны весці ў бой тых сялянаў.
Выкладу табе карту ўдзельнікаў той жа Магілёўскай арганізацыі.
Што за людзі былі ў ёй? Возьмем Ігната Бжастоўскага, старшыню Магілёўскай крымінальнай палаты. Альбо губернскі маршалак князь Уладзімір Любамірскі ці чэрыкаўскі памешчык, якога акрамя жанчын і гарэлкі мы не ўлічылі на самым пачатку такія акалічнасці. больш нічога не цікавіла, Фадзей Чудоўскі…Да іх кампаніі далучым і старшыню Магілёўскага цывільнага суда Чарвінскага. Ну і ганьба наша, пракол наш, здраднік – студэнт Кіеўскага ўніверсітэта Віктар Парфіяновіч. Асоба бязвольная, фанабэрыстая, але баязлівец страшэнны… Гэта з-за яго ты апынуўся за кратамі, даруй за напамін, але так яно і ёсць…
Калі ў асобных людзей магілёўскай групы я спытаў, ці маюць яны цвёрдую падтрымку ад сялянаў, пачуў нечаканае ад шляхціча Арліцкага:
– Апусціся на зямлю. Народ магілёўшчыны і віцебшчыны, на жаль, супраць нас. Памешчык Свянціцкі не так даўно катаваў на стайні селяніна. Хіба ў таго селяніна не засталася крыўда на свайго крыўдзіцеля?
– А ці не вельмі мінорна і скажона гучаць твае словы, шляхціц Арліцкі? – задаў наступнае пытанне Міхал Аскерка.
– Скажона? – нахмурыўся шляхціц. – Калі гаварыць пра нас, то мы тут – жменька, ды і тая напалову маладушныя людзішкі альбо тыя энтузіясты, хто хутка загараецца, ды яшчэ хутчэй затухае. Скажы мне, Міхал, супраць нас цар выставіць усяго адну роту рэгулярных войскаў з Пецярбурга? Ці – батальён? Скажы. А мы не выстаім перад націскам усяго адной роты. Мы запусцілі паром на другі бераг Нёмана, ды забыліся ўзяць пасажыраў… Вось што мне напамінае пачатак паўстання.
– Ну і што з таго, калі мы пакладзем галовы на полі бітвы? – гарачыўся Міхаіл. – Няхай мяне расстраляюць, цябе і цябе, і яшчэ ў паўтузіна адбяруць жыццё. Гэта – неабходнасць, сумная і горычная… Гэта як нейкі парог у заўтрашні дзень, маснічыны вялікага гістарычнага маста, па якім да перамогі пойдуць наступныя пакаленні. Не пераможам мы, перамогуць яны!