Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Жанчына ўздыхнула, перавяла стомлены позірк на Алену, як прасіла даравання за сваю хваробу.
– Зноў вам работы падкінула, быццам сваёй мала.
– Ды кінь ты, што нам маладым ды здаровым, накінуліся разам ды і выдаілі тваіх рагулек... Не перажывай дужа. Мо доктара табе, Мальвіна?
Алёна цёпла глядзела на хворую, стараючыся чым-небудзь памагчы ёй. З дзяцінства яны ведалі адна адну, з маленства давяралі адна адной свае сакрэты... Паўнагрудая, з дужымі, як у мужчыны, рукамі, не з дробнага роду жанчына, – яна была як абаронца для хударлявай Мальвіны, заступніцай...
– Ды навошта той доктар, Алена? Тут доктар не паможа... Сама ж ведаеш... То яна, Аксанка, на мяне свае чорныя стрэлы помсты паслала. І на сына. Ды не ўдасца ёй дамагчыся свайго... ёсць і супраць яе сіла. Боская сіла.
Алена, бачачы, што Мальвіне стала трошкі лепш, што можна ёй і добрую вестку паведаміць, спытала:
– Вінцук піша?
– Даўнавата ліст быў. Ды ён і пісаў, што будуць пераязджаць з месца на месца – таму будзе не да пісання.
– А хацела б ад яго атрымаць вестачку?
– Вельмі... Як яму там, цікава, служыцца?
Алена зрабіла невялічкую паўзу, пахвалілася:
– Яны разам служаць У адной часці з Віцем.
– Адкуль ведаеш? – не паверыла навіне Мальвіна, пільна паглядзела на сяброўку – ці не жартуе.
– Віцька сёння ліст прыслаў. І табе ў канверце вестачка ад сына.
Мальвіна нічога не разумела – чаму ў Віцевым канверце? Бачачы яе недаўменне, Алена растлумачыла:
– Калі б Вінцук прыслаў ліст на цябе, то Аксана магла і не прынесці, а то і выкінуць. А так хлопцы прыслалі на маё імя, ды яшчэ з паведемленнем... Вось яно, сынава пісямцо...
Мальвіна ўзяла ў рукі аркушык паперы, спісаным дробным почыркам, адчула, як да яе вяртаюцца страчаныя сілы, пачала разважліва чытаць уголас:
«Дарагая матуля! Пішу праз Віцьку. Каб не задагадалася Аксана, бо яна чытае чужыя пісьмы... Служыць, дзякуй Богу, прыслалі ў Віцеву часць. Разам нам смялей і весялей. Гэта нас з вучэбкі прыслалі – на пастаянную службу.
За мяне не хвалюйся, у мяне ўсё добра.
Вось, бадай, і ўсё. Калі трохі агледжуся і агойтаюся, тады напішу падрабязней. Перадай Клаўдзі Сташкевіч, што ёй я напісаў на цэнтральную пошту – да запатрабавання. Пісьмо аддадуць ёй толькі ў яе рукі...
Цалую. Твой сын Вінцук. 22 лістапада 1995 года».
– Ой як добра, што ты мне такую прыемнасць падаравала, – шчасліва, скрозь слёзы, заўсміхалася Мальвіна, – як лекі для мяне, як свежае паветра...
І не вытрымала, яшчэ і яшчэ раз перачытала радкі, – пра сябе ўжо, уяўляючы перад сабою сына, чуючы яго голас... Прымружыла вочы, убачыла ўвачавідкі перад сабою яго вочы і ўсмешку, – і на яе твары нараджалася лагода і спакойнасць...
– То і добра, а таму, сябровачка мая, нічога не бяры ў галаву – перамелецца ўсё, наладзіцца да лепшага...
– Каб жа так, Аленка, каб жа так... Чуе толькі мая душа, што не пакіне яна, гадаўка, яго – помсціць будзе... Гэта яна ўмее, навучана гэтаму...
– Ён жа далёка ад яе. Ці дастане?
– Для яе адлегласці не існуе. Толькі на Бога і буду спадзявацца. Я потым напішу яму, возьмеш, пашлеш праз Віцьку.
– Добра.
У двары брахнуў Рой – раз, другі, ні на кога, проста так, мусіць, пачуўшы брэх на вёсцы.
Жанчыны маўчалі, думаючы пра свае клопаты.
16.
Вінцук Уюноў прыйшоў да свайго ложка.
Выняў з чамадана мыла, зубную пасту, – хацеў пакласці ў тумбачку. Яна стаяла неяк бокам, не роўна. Ён пасунуў яе да сцяны, як і стаяла да гэтага. На падлозе ўбачыў чырвоную густую пляму – кроў ці разліты таматны соўс?
«Калі кроў – то адкуль? Парэзаўся хто? А мо што іншае – толькі што?..»
Нікому нічога не сказаў пра тое, але ўспомніў папярэджванне Барыліна трымаць пільнасць. Сержант Бандарэнка, у распараджэнне якога папалі новенькія, спытаў, ці ёсць у чым патрэба. Патрэбы ні ў кога ніякай не было...
– Лады, – плямкнуў ён таўсматымі губамі, – не – дык не. Так і запішам.
І пайшоў па сваіх клопатах, мармычучы нешта пад нос. Ён ішоў як згорблены, як нёс што на сваіх плячах, а ногі сунуў па падлозе, як не мог іх адарваць ад яе...
– Эй ты, салага, «Мальбара» ёсць? – нехта некага спытаў за спіной.
Вінцук не звярнуў на той голас ніякай увагі, чытаў ужо кнігу, седзячы на табурэціку.
– Я ў цябе пытаюся, салага, ты што, глухі? Чытаць многа – урэдна.
Зразумеў, што звярталіся да яго, абярнуўся. У яго нахабным позіркам уперыўся «дзед» – расхлістаны і, здаецца, на падпітку.
– Ты ў мяне пытаеш?
– У цябе, у цябе, салага ванючы. «Мальбара», пытаю, ёсць?
– Я не курашчы. Не навучыўся...