Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Сцеражыся майго гневу! Сцеражыся майго гневу!..
Хоць і вымакла да рубчыка, але холаду не адчувала. Па твары, па ўсім целе цяклі калючыя ручаі, але яна не звяртала на тое ўвагі, злавесна паўтарала адно і тое ж:
– Сцеражыся, Уюн, майго гневу! Сцеражыся!..
13.
– Сынок, што з табою там здарылася? – крычала ў тэлефонную слухаўку Людміла Дамінікаўна, як быццам знаходзілася за трыдзевяць зямель і яе было не чуваць
– Нічога, мама, не здарылася, а што?
– Ты ляжаў у шпіталі?
– Ляжаў. Грып быў...
- З грыпам ляжаў? А сінякі на галаве, чаму быў забінтаваны?
Людка пайшла ўжо на хітрасць, каб выпытаць у сына паболей, пра што ён не хацеў расказваць.
– Якія сінякі? – смяяўся сын. – Хто табе такога наплёў?
– Наплялі... Цябе бачылі ў шпіталі... Зноў, Славік, за сваё? З некім учыніў бойку, так? Ты не можаш без гэтага?
– Усё нармальна, мама! Нармальна ўсё. Ты адкуль звоніш, з дому?
– З санаторыя. Хутка паеду дадому.
– Як там сястрычка мая?
– У яе ўсё добра. Ну то бывай, і глядзі там...
– Гляджу, маці, гляджу! Цалую.
У слухаўцы пачуліся кароткія гудкі.
«Так і ёсць, – разважала Людка, паклаўшы трубку на аппарат, – праўду казала Аксана – у шпіталь з грыпам не кладуць. перапала, мусіць, яму добра, таму і паклалі... Эх, сын, сын, знаходзіш ты на сваю галаву розныя прыгоды... Колькі намучылася з табою дома – і з міліцыі выслабаняла, штраф плаціўшы, задобрвала, каб у суд не падавалі, і збітага да паўсмерці на вуліцы знаходзіла... Думала, што армія навучыць якому розуму, дык тая армія яшчэ больш, мусіць, калечыць чалавечыя душы... Як ён далей жыць будзе, не ведаю...»
Людка, моўчкі разлічыўшыся за перамовы, пакінула паштовае аддзяленне і выйшла на вуліцу. Было ціха і сонечна.
Толькі неспакойна было ў Людкі на душы. Нейкі ўнутраны цяжар прыгнятаў яе, не даваў вярнуцца ранейшаму бесклапотнаму і вясёламу настрою.
14.
Маладых, зялёных хлапцоў пераапранулі ў аднаколернае адзенне, – і ўсе яны сталі такімі шэрымі і аднаколернымі, аднолькавыя ўсе, як кланіраваныя. Хто быў вышэйшы ростам, хто ніжэйшы; у аднаго з-пад фуражкі тырчэлі вушы, у другога... Не хутка навучацца яны распазнаваць адзін аднаго з-за спіны, не хутка кожны з іх зжывецца з вайсковай формай і будзе адчуваць сябе ў ёй як у сваім прывычным адзенні...
Вінцук адразу папаў у вучэбку. Яго, калгаснага механізатара, вайсковыя камандзіры адразу вырашылі зрабіць механіка-вадзіцеля.
За тры месяцы ён асвоіў лёгка гэтую спецыяльнасць, і яго разам з іншымі накіравалі ў танкавую часць – для праходжання дальнейшай службы.
Бываюць жа ў жыцці супадзенні...
Калі прыбыў у распараджэнне камандзіра батальёна, калі склалі ў капцёрцы свае рэчы і ішлі на абед у сталоўку, на калідоры – лоб у лоб, грудзі ў грудзі – сутыкнуўся са сваім аднавяскоўцам – сябрам Віктарам Барыліным.
Нейкі час здзіўлена глядзелі адзін на аднаго. Першым апамятаўся Барылін.
– Вінцук, ты?!
– Я!
– Да нас служыць?
– Выходзіць, да вас!
– Гэта ж цудоўна! Я ж казаў, што можам сустрэцца, я ж прарочыў гэтую сустрэчу... З вучэбкі?
– З вучэбкі. Як тут служба?
– Ды так, па-рознаму. Раскажу пасля, зразумееш... Дзедаўшчына ёсць, цвіце, як маліна. Слухай... Добра будзе, калі мы з табой не будзем паказваць сяброўства, і што мы з табой з адной вёскі. Што і да чаго, я потым табе растлумачу. І – трымай пільную насцярожанасць. Я заўсёды буду побач, хаця і на адлегласці ад цябе.
– Зразумеў. Выберам час і месца – пагаворым.
Адзін аднаго ляпнулі, паразумеўшыся, па плячы і разышліся, па-змоўніцку міргануўшы адзін аднаму, як дамовіўшыся на тайнае супрацоўніцтва і супрацьстаянне таму злу, якое іх чакала, і ад якога яны не маглі ніяк ухіліцца, а толькі вымушаны прайсці паўз яго, не пакінуўшы на целе сінякоў, а на душы шнараў...
15.
Мальвіна, развітаўшыся з сынам, усе дні адчувала сябе блага.
Нямогласць падступілася, слабасць і млявасць авалодалі ёю. Адчула такую ж немач, як і тады, пасля таго, як убачыла над сабою рукі-крылы Макушыхі.
Ціснула нешта важкае і тупое пад скроні. Ватнымі рабіліся ногі і рукі. Асабліва рукі – яна іх не чула, і не магла нічога рабіць па гаспадарцы, – як нежывая была.
Зноў яе падмяняла Алена Барыліна і памагалі іншыя, хто мог.
Як падаілі кароў, Алена адразу ж да Мальвіны прыйшла. Рой на яе і не брахнуў – ведаў, хто да гаспадыні ходзіць.
Мальвіна ляжала ў ложку – няўцямна глядзела ў столь.
– Ты што, зноў занядужала, мая сяброўка? – Алена села побач на ложку, паклала сваю руку на яе.