Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Аксана падышла з другога боку, яе і не заўважылі адразу. Яна зрабіла вясёлы і радасны выгляд, павіталася гучна:
– Дзень добры ўсім! Цябе, Вінцук, у армію забіраюць?
Яна ўжо не бачыла, як змянілася з твару і нахмурылася Мальвіна, як лёгкі цень сполаху і здзіўлення прабег па твары Вінцука, як ад яго хуценька адышла Кацярына, вызваліўшы сваю руку – трымалася за хлопца.
Адзін Віцька Барылін, ускінуўшы п’яненька рукі, расплыўся ў прыдуркаватай усмешцы, віхляста падышоў да Аксаны, абняў яе:
– Аксанка? І ты тут? А казалі, што ты на курортах, загараеш-адпачываеш... А мы во Вінцука праводзім... Далучайся! Мо наліць кроплю, бо мы ўжо бухія...
– Не пю я, Віцька, гарэлкі, муціць мяне ад яе...
– А дарэмна, а за свайго сябрука я пагатоў і літру выжлукціць!
Аксана гаварыла з Барыліным, а ўвесь час не адрывала позірку ад Уюна, не звяртала ўвагі, як тое расцэняць прысутныя.
Гармонік за спіной Вінцука аж захлёбваўся – відаць было, што гарманіст добра каўцянуў перад гэтым: наўкол усё гуло, танцавала, рагатала...
– Віцька, не пі болей – дадому не даедзеш, – прасіла ўмольна Алена свайго сына, калі ён зноў прыклаўся да бутэлькі...
Мальвіна пільна глядзела на паштарку прадчувала, што не проста так яна сарвалася са свайго санаторыя і падышла да іх – нешта ж намысліла... Злое намысліла.
– Даеду, не бойся, мама... Ногі мяне добра трымаюць.
Аксана падышла і стала ўпрытык да Вінцука, стараючыся як мага мякчэйшым і пяшчотным голасам прамовіла:
– Размова ёсць, Вінцук. Можа адыдзем трошкі, пагаворым, вельмі трэба...
Ён не ведаў, што адказаць, як выбавіцца з таго здранцвення, якое апанавала ім, і, намагаючыся, зрабіў крок наперад.
– Не пушчу-ууу! – як не закрычала Мальвіна, спалохаўшыся, што сын падпаў мусова пад яе ўладу, і ўжо, мусіць, не валодае сабой. – Не пушчу! Ведзьма, адстань ад майго сына, ну не хоча ён цябе, не чапляйся да яго! – яна ўжо ўчапілася ў Вінцука і стала паміж імі, засланіўшы сабой сына.
– Ты ўсё мамку сваю слухаеш, так, Вінцук? – крывотліва ўсміхалася паштарка. – І доўга ты так пад матчынай спадніцай хавацца будзеш? Ты ж тады не хлопец, не мужык, ты – анучка бязвольная!..
– Аксана, вельмі прашу, Богам прашу – пакінь мяне ў спакоі, – умольна загаварыў Уюн. – Ну не можам мы быць з табой разам, сама бачыш, што не можам... Чаму не можаш зразумець і змірыцца з гэтым?
– Што, Уюн?! Змірыцца?! – дзяўчына перамянілася ў твары, і вочы з блакітных адразу ж ператварыліся ў чорна-смаляныя, злосныя, атрутныя. Яна пранізвала яго стрэламі нянавісці і знявагі, гатовая была спапяліць яго, знішчыць, сцерці тут жа з твару зямлі. – Што, Вінцэнькі-дурненькі, паўтары, што ты толькі што прамяўкаў? Разам не можам быць? Змірыцца? Вось гэтых слоў я асабліва і баялася пачуць... Таму вось што я скажу табе – цяпер сцеражыся майго гневу, мой каханы! Але ты не ўсцеражэшся – не ўдасца, так і ведай!
Твар яе зрабіўся зеленцавата-жоўтым, рукі ўзляталі як крылы, акурат так, як і Макушыха махала на Мальвіну. Жанчына стаяла між вядзьмяркай і Вінцуком – з усіх сілаў маліла Госпада, каб адвёў ад іх злое ўздзеянне Макушыхінай унучкі...
У небе нечакана жыханула маланка – і злы пярун ударыў у сухі дуб, у вяршыню яго. І абгарэлая галіна, адламаўшыся, упала на зямлю, на шчасце нікога не зачапіўшы, але ўпала непадалёк ад Вінцука – за тры метры ад яго... Ніхто і не заўважыў, адкуль і калі насунуліся шэрыя хмары, бо толькі перад гэтым, хвіліну якую назад, на небе не было ніводнага воблачка, свяціла вераснёўскае сонца... А тут такая раптоўная перамена надвор’я...
– Па машынах! – скамандаваў афіцэр, накідваючы на плечы зялёную плашчнакідку.
Прызыўнікі абдымался-цалаваліся з роднымі, потым беглі кожны да свайго аўтобуса. Трэцім ці чацвёртым ускочыў туды Вінцук Уюноў. Ужо з аўтобуса, з апошняга сядзення, махаў рукой тым, хто яго праводзіў.
П’яненькі Віцька крычаў:
– Мо сустрэнемся ў арміі, мо ўбачымся... Я абараню цябе ад дзядоў.
Ніхто не надаў увагі яго словам. І Вінцук не зразумеў, пра што ён казаў.
Паліў спорны дождж. Не аціхаў, узмацняўся яшчэ больш і больш.
На ўзгорку, побач з пакалечаным дубам, стаяла Аксана Журавель.
Яна адна не хавалася ад дажджу, глядзела на аўтобус, на тое месца, дзе сядзеў Вінцук, чула, што крычаў Барылін, і паўтарала як закляцце адны і тыя ж словы: