Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Але ж жыццё дужа непрадказальнае, як і дзеянні чалавека.
Як вясновы лёд на плыткай Прыпяці ўспорваецца ад падводнага цёплага ціску, так і ў душы Аксаны нешта ўзарвалася, – узбунтавалася, рэзка адмоўна запярэчыла сваім жа разважанням, яшчэ і абазвала сябе брыдкімі словамі, абсмяяла, зняважыла, растаптала нагамі і выцерла іх аб свой гонар і пыху, – і, не дабыўшы да канца, не далячыўшы свой піеланефрыт, кінулася наўздагон, на пярэймы Уюну. Кінулася, каб упэўніцца ці пераканацца ў сваіх падазрэннях і здагадках, каб потым ужо альбо злучыцца з ім назаўсёды, альбо... альбо спаліць дашчэнту той хісткі масток, які яна масціла, выкладвала мройнымі ўзорамі, дзявочымі марамі; ён жа не паклаў у той масток ніводнай маснічынкі, і таму за тое адкажа, сплоціць ёй належны доўг...
У яе ў гэты момант была толькі адна мара – дагнаць і паглядзець яму пільна ў вочы. Паглядзець і зразумець. Пераканацца. Каб не памыліцца. Каб вынесці справядлівы прысуд. Яму і іх каханню... Толькі б зірнуць яму ў вочы, толькі зірнуць бы...
Калі яна похапкам збірала свае рэчы, у пакой завітала Людміла Дамінікаўна – спакойная, улагоджаная і задаволеная, якой усяго хапала, і як бы здзіўлена папыталася-пацікавілася:
– Аксана, ты што, з’язджаеш? Здарылася што?
– Ды як табе сказаць – і здарылася, і не здарылася... У войска яго забіраюць. А ён і рады, што забіраюць, мне пра тое не паведаміў...
– Дагнаць хочаш?
– Хачу. І разабрацца ва ўсім жадаю.
– Ох, Аксана, Аксана, якую ты ношку ўзваліла на свае плечы... – паспрабавала паспачуваць яна дзяўчыне, не ведаючы, ці і трэба тое рабіць – спачуваць.
– Ды не шкадуй ты мяне, не шкадуй, спраўлюся я са сваімі клопатамі вельмі лёгка і проста, – без крыўды адказала дзяўчына, – а ты пазвані, Людка, свайму сыну, ён выпісаўся з ваеннай бальніцы, то пагавары з ім, падтрымай.. Яму цяпер цяжка, надламаўся ён ад сваёй жорсткасці... Але гэта не апошняе яго выпрабаванне, будзе і яшчэ... Тут ужо мне ён дарогу перабягае...
– Табе? Мой сын? – выдыхнула Людка і села на ложак, як апамяталася, на якім яна свеце знаходзіцца, трывожна дапытвалася. – Што з ім, Аксана?
– Жывы і ўжо здаровы. Пазвані... Больш нічога не скажу. Бывай, Людміла Дамінікаўна, не памінай, як кажуць, ліхам!..
Яна падышла да Хвойнай, абняла яе, сціснула плячо:
– Па душы ты мне прыйшлася... І добра, што да спадобы. Усяго табе добрага!
І вышмыгнула з пакоя, пакінуўшы Людмілу ў разгубленасці і недаўменні. Ведала, што сказанае Аксанай не мана, і, апамятаўшыся, як не бегма кінулася ў паштовае аддзяленне, каб пазваніць у вайсковую часць пад Маладэчна...
Аксана дабіралася на легкавых і грузавых машынах.
Да вакзала ехала ў спадарожным «Мерседэсе». Нахабны юнак, з вусікамі, у чырвоным пінжаку, хрыплым голасам намякнуў на нешта, лапаў за калені.
Не вытрымала, сказанула:
– Ты, як цябе там... Ты ўчора амаль не папаў у катастрофу – па сваёй жа віне. Збіў жанчыну і ўцёк з месца здарэння. Я ж магу зрабіць так, што ты, высадзіўшы мяне, уключыш хуткасць, а яна дасягне двухсот кіламетраў, – і ніхто не зможа спыніць твой «Мэрс»...
Кіроўца ўвагнуў галаву ў плечы, сумеўся, глуха сказаў:
– Выбачай, не буду... Я думаў... Едзь з Богам далей.
З Богам яна не ехала. Яна выклікала Ўладара цемры і папрасіла, каб ён расчысціў ёй дарогу, каб нішто і ніхто не замінаў на яе шляху...
Узяла білет у плацкартны вагон. Даехала да Жлобіна. Потым перасела на аўтобус і даехала раніцай да Мазыра.
Было дзесяць раніцы.
Дзе размяшчаўся ваенкамат, яна ведала. Даехала аўтобусам да рынка, потым паднялася па пакручастай дарозе, што вяла пад гару, паўз царкву, да ваенкамата...
Там ужо разлягалася людская гамана, хвацка граў нехта на гармоніку, спяваў імпэтна «салёныя» прыпеўкі, гухкаў бубен і барабан...
«Яшчэ не ад’ехалі, – радавалася Аксана, аддыхвалася, падыходзячы да тлумна-п’янага натоўпу, – яшчэ гудуць, праводзяцца...»
Убачыла найперш Віцьку Барыліна, які абдымаў за плечы Ўюна, – нешта даводзіў яму, махаючы перад носам рукой, як памагаў сам сабе. І Мальвіна стаяла, накінуўшы на плечы кашміравую, у квяты, хустку, і маці Віцева стаяла – праводзілі ўсе прызыўніка. Там жа прыкмеціла і Клаўку Сташкевіч, і Кацярыну Мотуз, і Янку Касцюкова, – усе аднакласнікі. Тут жа былі Змітрок Пелікаў, Рафал Крупа, нават кульгавы Змітрок стаяў і ўсміхаўся, барабаніў, памагаў гарманісту... Праводзіў і Пецька Ястрабок.