Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Лекары кажуць, каб я ляжала яшчэ сем дзён. Але маё вакно нават не паглядае на ўсход.
I голас ейны быў голасам маладой дзяўчыны, журботным й сумным.
Фарамір усьміхнуўся, хоць сэрца ягонае поўнілася жалем.
– Вакно панны не выходзіць на ўсход? Тое няцяжка выправіць. У гэтым я выяўлю ўладу над кашталянам. А калі панна застанецца ў гэтых Сядзібах дзеля ацаленьня, тады зможа выходзіць і ў гэты сонечны сад, калі захоча, ды пазіраць на ўсход, куды сышлі ўсе нашы надзеі. I спаткае тут мяне, бо я таксама ў чаканьні пазіраю на ўсход. I мая трывога паменшае, калі панна пагамоніць з мною ці пройдзецца поруч.
Тады яна падняла галаву й зноў зірнула яму ў вочы, і шчокі ейныя паружавелі.
– Як жа мне палегчыць трывогу вашамосьці? Я не хачу размаўляць з жывымі.
– Ці жадае панна шчыры адказ?
– Так.
– Тады, Эявін Роханская, я скажу: ты прыўкрасная. У далінах нашых гораў краскі зыркія хараством, а дзяўчаты прыгажэйшыя за іх, але ні красачкі, ні паненкі ня бачыў я ў Гондары такога хараства – і такога засмучэньня. Можа, толькі жменя дзён засталася нам да таго, як цемра абрынецца на наш сьвет, і калі яна прыйдзе, я спадзяюся спаткаць яе мужна. Але маё сэрца, пакуль яшчэ зьзяе сонца, пацешыцца, калі пабачу цябе. Бо ты й я прайшлі пад крыламі ценю, і адна рука вярнула нас з-пад іх.
– На жаль, не мяне, спадару мой. Цень яшчэ ляжыць на мне. Не шукай суцяшэньня ад мяне! Бо я – ваяроўна Рохану, і няма пяшчоты ў маёй руцэ. Але ж я ўдзячная спадару, што ня мушу сядзець у каморы й вольная шпацыраваць тут міласьцю намесьніка гораду.
I шляхетна разьвіталася дый пайшла да свайго пакою. А Фарамір яшчэ доўга хадзіў самотна ў садзе, і позірк ягоны часьцей зьвяртаўся да Сядзібаў, чым да ўсходніх муроў.
Калі вярнуўся ў пакоі, паклікаў кашталяна, каб пачуць усё, што той ведае пра панну Рохану.
– Не сумняваюся, мой гаспадару, што болей вашаць пачуе ад паўросьліка, які таксама тут, у нас, бо ён ехаў разам з каралём, а напрыканцы й з самой паннай, як кажуць.
Гэтак Мэры паслалі да Фараміра, і яны гаманілі да скону дня. Шмат вызнаў Фарамір, нават болей, чым Мэры выказаў словамі, і падумаў, што цяпер разумее смутак і непакой Эявін Роханскай. Цёплым вечарам Мэры з Фарамірам размаўлялі ў садзе, але яна ня выйшла.
Раніцаю, калі Фарамір пакінуў Сядзібы, ён усё ж пабачыў яе ля сьцяны, яна стаяла апранутая ва ўсё белае і, падавалася, зіхацела пад сонцам. Ён гукнуў яе, і яна спусьцілася да яго, і разам яны хадзілі па траве ці сядзелі пад зялёным дрэвам то моўчкі, то размаўляючы. I гэтак штодня пасьля. А кашталян, назіраючы за імі з вакна, радаваўся, бо быў лекарам і турботаў у ягонай працы паменшала. Безумоўна, хоць смутак і цяжкія прадчуваньні ляжалі на сэрцах амаль усіх, гэтыя двое ацаляліся й сілы вярталіся да іх дзень ад дня.
Так надышоў пяты дзень, як панна Эявін убачыла Фараміра, і зноўку разам яны стаялі на гарадзкім муры й пазіралі вонкі. Навінаў не было, і ўсе сэрцы азмрочыліся. I надвор'е болей ня цешыла сьвятлом. Захаладала. Уночы падняўся паўночны вецер, ён усё мацнеў, і ўдзень землі навокал выглядалі шэрымі й маркотнымі.
I Эявін, і Фарамір былі апранутыя ў цёплае адзеньне й цяжкія плашчы, а паверх усяго панна Эявін накінула вялізную блакітную корзну колеру глыбокай летняй ночы, з срэбнымі зоркамі вакол паса й шыі. Той плашч загадаў прынесьці Фарамір, і сам накінуў ёй на плечы, і падзівіўся, як насамрэч шляхетна і па-каралеўску выглядае яна. Корзну тую саткалі для Фіндуйлас з Амрату, маці Фараміра, што памерла заўчасна, застаўшыся для сына толькі згадкай пяшчоты далёкіх дзён і першай страты. Плашч падаўся яму годным прыгажосьці й тугі Эявін.
Але яна дрыжэла й пад зорным плашчом, пазіраючы на поўнач, па-над шэрымі разлогамі, проста ў твар халоднаму ветру – туды, дзе далёка сьвяцілася суворая сінеча чыстых нябёсаў.
– Што выглядваеш ты, Эявін? – спытаў Фарамір.
– Ці ня там Чорная Брама? I ці ня мусіць ён менавіта цяпер падысьці да яе? Ужо тыдзень, як ён ад'ехаў.
– Цэлы тыдзень. Не падумай блага пра мяне, калі скажу: гэты тыдзень прынёс мне радасьць і боль, якіх я й не спадзяваўся спазнаць. Радасьць бачыць цябе і боль, бо страх і сумневы ліхога нашага часу растуць. Эявін, не хацеў бы я, каб наш сьвет зруйнаваўся менавіта цяпер, бо не хачу страціць тое, што так нечакана знайшоў.
– Страціць што, вашамосьць пане намесьніку? – адказала яна пытаньнем на пытаньне, паглядаюча на яго з сувораю пяшчотай. – Я ня ведаю, што знайшоў ты гэтымі днямі й што баісься страціць. Але ж ня будзем болей пра тое, сябра мой. Увогуле, ня будзем марнаваць словы! Я стаю перад жудаснай прорваю, і чарнютка-чорна перад мною, а ці ёсьць сьвятло за сьпінай, не скажу. Бо пакуль што не магу азірнуцца ў чаканьні апошняга удару лёсу.