Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 174
Перейти на страницу:

Ноч сканчалася, калі зноў выбраліся на цьвёрдую глебу. Глыкс шыпеў ды прышэптваў сабе пад нос, але ж быў відавочна задаволены: нейкім таемным чынам, дзівоснай сумесьсю пачуцьцяў, паху, незвычайнай памяцьцю на начныя абрысы рэчаў ён згадаў і дакладна вызначыў, куды зараз патрапілі, і быў упэўнены ў далейшым шляху.

– Зараз рушым! – абвесьціў ён. – Добрыя хобітсы! Адважныя хобітсы! Вельмі, вельмі стомленыя, вядома, дык і мы таксама, мая кашштоўнасьсьць, мы ўсе. Аднак мы мусім зьвесьці гаспадара ад хітрых агеньчыкаў, таксс, мусьсім.

З тымі словамі патэпаў зноўку, амаль рысцою патрухаў па доўгім праходзе паміж высокімі чарацінамі, і хобіты паклыпалі за ім з усім магчымым спрытам. Але неўзабаве прыпыніўся зьнянацку дый уцягнуў паветра падазрона, шыпячы, быццам нешта яго занепакоіла ці ён зноў зь нечага раззлаваўся.

– Што такое? – прабурчэў Сэм, не зразумеўшы, да чаго прынюхваецца Глыкс. – Навошта прынюхвацца? Смурод тут мяне амаль з ног валіць, нават калі й ноздры затыкнуць. Ад цябе смурод, і ад спадара. Усё гэнае месца – суцэльны смурод!

– Такс, такс, і ад Сэма смурод! – адказаў Глыкс. – Небарака Глыкс чуе й церпіць. Дапамагае добраму пану. Але ж тое няйстотна. Паветра рухаецца, надвор'е мяняецца. Сьмеяголь адчувае, Сьмеяголь прадчувае нядобрае.

Ён сунуўся зноў, але трывога ягоная ўсё расла, і ўсё часьцей ён заміраў, цалкам выпростваючыся, паварочваючыся, выцягваючы шыю на поўдзень і на ўсход. Пэўны час хобіты ня чулі й не адчувалі, што турбуе яго. Тады раптоўна ўсе ўтрох спыніліся, здранцьвеўшы, прыслухоўваючыся. Фрода з Сэмам падалося, што чуюць здалёку танюткі, пранізьлівы, жорсткі й жаласьлівы лямант. Яны ўздрыгнулі. І ў той самы момант адчулі рух паветра, надта халоднага. Стаялі, намагаючыся ўчуць, – і здалёк наляцеў шум, рыхтык вецер. Туманныя агеньчыкі задрыжэлі, выцьвілі й зьніклі.

Глыкс ня рухаўся. Стаяў, дрыжэў, мармытаў пад нос, пакуль вецер навалаю не наляцеў на іх, зь сьвістам ды выцьцём пранёсься над багнамі. Ноч разьясьнілася дастаткова, каб падарожнікі маглі напалову пабачыць, напалову дамаляваць у розуме вычварныя пасмы туману, што віліся й курчыліся, перакатваючыся міма вандроўнікаў, мкнучы прэч. А ўгары разыходзіліся, развальваліся на часткі аблокі – і тады высока на поўдні паказаўся скрозь кучы плыннага хмарнага сьмецьця месяц.

На момант ён узрадаваў хобіцкія сэрцы, але ж Глыкс скурчыўся, праклінаючы шэптам Белую Пысу. А тады Фрода з Сэмам, пазіраючы на нябёсы, глыбока ўдыхаючы сьвежае паветра, пабачылі яго: маленькае воблачка, што хутка струменіла ад клятых гор, чорны цень, выпушчаны з Мордару, велізарную, злавесную крылатую постаць. Яна перасекла твар месяца й зь сьмяротным енкам панеслася на захад, перагнаўшы вецер у ліхім лёце.

Хобіты пападалі ніцма, курчачыся й трапечучы на халоднай зямлі. А цень вусьцішы павярнуў над імі, вярнуўся, зараз летучы нізка, проста над падарожнікамі, разганяючы дрыгвяны смурод жудаснымі крыламі. I зьнік, адляцеў назад, у Мордар, з хуткасьцю Саўронавага шаленства, і тады завыў вецер, зрабіўшы Мерцьвяковыя багны голымі й бляклымі. Голую пустэчу да самых пагрозьлівых гор заліло зыркае месяцовае сьвятло.

Фрода з Сэмам падняліся, паціраючы вочы, – нібы малыя, абуджаныя ад начных жахаў, убачылі навокал звычайную нястрашную ноч. А Глыкс ляжаў, бы аглушаны. Яго раскатурхалі не бязь цяжкасьцяў, і некаторы час ён нават не паказваў твару, стаяў на каленях, утыкнуўшыся локцямі ў глебу й прыкрыўшы галаву вялікімі пляскатымі далоньмі.

– Прывіды! – енчыў ён. – Прывіды на крылах! Каштоўнасьць – іх гаспадар. Яны бачаць усё, усё! Анічога не схаваецца ад іх! Праклён на Белую Пысу! Яны ўсё распавядуць яму, усё! Ён бачыць, ён ведае! Вох, глыксс, глыксс, глыкссс!

I ён ня ўстаў, і не варухнуўся, пакуль месяц не схаваўся на захадзе, не зайшоў за Тол Брандыр.

З таго часу Сэму падалося, што ў Глыксе ізноўку адбыліся зьмены. Той паддобрываўся нават болей за ранейшае, але Сэма зьдзіўлялі ягоныя дзіўнаватыя позіркі, асабліва ў бок Фрода. I ўсё часьцей Глыкс вяртаўся да старой манеры размаўляць. Сэму й яшчэ дадалося клопату: Фрода, падавалася, стаміўся да поўнага зьнясіленьня. Сябра анічога не казаў. Увогуле амаль не размаўляў, але ж ішоў так, нібыта цягнуў вялікую пакладу, вага якой усё павялічвалася, і крочыў усё павольней, ледзь перасоўваючы ногі, так што часьцяком Сэму даводзілася прасіць Глыкса, каб затрымаўся й пачакаў гаспадара.

1 ... 110 111 112 113 114 115 116 117 118 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)