Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
«Долго и безуспешно пыталась Красная Армия ликвидировать немецкий плацдарм в районе Рогачёва. Почти 9 месяцев наши войска не могли сломить укреплённые рубежи…»
Дык што ж гэта атрымліваецца? Наш беларускі горад Рагачоў быў нямецкім бастыёнам, мацнейшым за Берлін? Берлінская аперацыя працягвалася ўсяго 16 дзён — з 16 красавіка па 2 мая. А тут амаль 9 месяцаў!!! Можна смела параўноўваць са Сталінградам. Але адразу ўзнікае законнае пытанне да гісторыкаў, пісьменнікаў, кінематаграфістаў: «Дзе раманы, аповесці, мемуары, кінаэпапеі пра бітву за Рагачоў, як гэта ёсць пра Сталінград і Берлін?» А можа разгадка заключаецца ў тым, што кіраўніцтва Чырвонай Арміі не збіралася вызваляць Рагачоў? А проста дзень за днём на працягу 9 месяцаў арт- і авіяналётамі «вызваліцелі» выбівалі мірнае насельніцтва горада, а сам горад пераўтваралі ў разваліны.
Мяркую, што з такой маёй высновай не згодзен ужо вядомы нам Аляксандр Пестракоў. Выступаючы супраць публікацыі маіх успамінаў у газеце «Народная Воля», ён у сваім артыкуле з патрыятычным уздымам напісаў пра тых, хто пайшоў быццам бы добраахвотна на фронт: «Они „приближали победу, как могли“, ибо понимали, что каждый лишний день войны давал гитлеровцам возможность уничтожать неповинных людей». Гэта выказванне Пестракова не што іншае, як палітагітка. Салдат на фронце жыве адным днём, ён у любую секунду можа загінуць, яму не да высокіх матэрый.
Дык калі ж пачалося сапраўднае вызваленне Беларусі з-пад нямецкай акупацыі? Святло на гэта пралівае Маршал Савецкага Саюза К. Ракасоўскі, тады камандуючы 1-м Беларускім фронтам: «Утверждение плана Белорусской операции происходило 22 и 23 мая 1944 г.» сама аперацыя была праведзена з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года. («Военно-исторический журнал» № 6 — 1964 г.)
Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі ўсходніх раёнаў Беларусі ўвосень 1943 года Чырвоная Армія праводзіла нейкія кропкавыя аперацыі і нават быў вызвалены Гомель, сапраўднае вызваленне рэспублікі пачалося з правядзеннем вайсковай аперацыі «Баграціён». Таму і з другой заўвагай Інстытута гісторыі НАН я не магу пагадзіцца і яшчэ раз падкрэсліваю, што вызваленне Беларусі з-пад нямецкай акупацыі адбывалася вельмі марудна. Дарэчы, горад Гомель, акупаваны немцамі 19 жніўня 1941 года, быў вызвалены Чырвонай Арміяй 26 лістапада 1943 года. Акупацыя працягвалася доўгіх два гады тры месяцы сем дзён. Мой родны Бягомль пад акупацыяй быў тры гады, з 2.07.1941 г. па 1.07.1944 г. Праўда, нейкі час ён знаходзіўся ў руках прамаскоўскіх партызан, але гэта была такая ж акупацыя, а можа, нават яшчэ больш жорсткая.
З. У сваіх успамінах я напісаў, што ўсе правакацыі партызан супраць мірнага насельніцтва былі спланаваныя. План распрацоўваўся ў Цэнтральным штабе партызанскага руху і існаваў спіс вёсак, якія падлягалі знішчэнню («НВ» 40–41 за 16–18.03.2010 г.). Дык ці існавалі такія планы?
Вось якое заключэнне зрабіў Інстытут гісторыі НАН Беларусі:
«План по уничтожению ряда деревень в Беларуси никогда не разрабатывался в Центральном штабе партизанского движения, список деревень, подлежащих уничтожению, там не составлялся».
Шаноўныя чытачы, а зараз давайце яшчэ раз удумліва перачытаем гэтае заключэнне. Інстытут гісторыі не адмаўляе тое, што план і спіс існавалі. Інстытут толькі канстатуе, што такі план не распрацоўваўся ў Цэнтральным штабе і спіс вёсак, якія падлягалі знішчэнню, там не складаўся. З гэтага можна зрабіць выснову, што такія функцыі былі перададзены ў партызанскія злучэнні. І ўжо ў штабах злучэнняў вырашалася, якую вёску паліць першай, якую другой, якую трэцяй… і вырашаўся лёс мясцовага насельніцтва. Але пакінем у баку гэтыя здагадкі. Раз Інстытут гісторыі адназначнага адказу не даў, значыць, такое пытанне існуе, і пытанне гэта складанае. І тут трэба было б не рот затыкаць «заўвагамі» і «папярэджаннямі» таму, хто праявіў смеласць і ўзяўся за гэту небяспечную працу, а паспрыяць яму ў гэтым.
Планы і спісы знішчэння беларускіх вёсак партызанам патрымаць у руках і прачытаць проста немагчыма. Гэта вельмі небяспечны кампрамат на савецкую ўладу і КПСС, разбураліся міты пра партызанскі рух на Беларусі. Таму такія планы, калі яны існавалі, даўно знішчаны. Каму невядома, як партыйныя органы КПСС знішчалі свае архівы пасля паразы жнівеньскага путчу ГКЧП 1991 года?! Трэба яшчэ мець на ўвазе, што такія планы проста трымаліся ў галовах савецкіх функцыянераў і партызанскіх камандзіраў, загады аддаваліся ў вуснай форме. І такое назіраецца ва ўсе часы. На маю думку, напрыклад, неразумна шукаць пісьмовыя загады на выкраданне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага.