Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Іван Лашко:
«У рэдакцыю газеты „Народная Воля“, Іллі Копылу: Дзякую за смеласць, розум, ваш учынак, што вы апісалі, што бачылі і чулі аб вайне. Чытаючы, мне здавалася, што пішаце не вы, а я».
Пестракоў вельмі абураецца, што я ў сваіх успамінах даў праўдзівую, аб’ектыўную ацэнку партызанскаму руху на тэрыторыі Беларусі. Ен спрабуе запэўніць чытачоў «Народнай Волі», што партызаны нанеслі немцам каласальны ўрон, што партызанам патрэбна была падтрымка насельніцтва. Хачу патлумачыць Пестракову, што, на жаль, былі і такія партызаны, у якіх не было звычкі звяртацца да насельніцтва за падтрымкай ці дапамогай, яны займаліся звычайным рабаўніцтвам, гвалтам, разбоем.
Э. Тобін, Ф. Тобіна:
«…Партызаны забралі посцілку, ватоўку, хусткі, падушкі ды іншае. Ноччу выдралі пчол, нягледзячы на тое, што была зіма. Летам скралі карову, завязлі ў Дуброву, там зарэзалі і тыдзень пілі. Тое добра помніцца. Маці, плачучы, прасіла аддаць карову. Мы плакалі наўзрыд. Праз колькі месяцаў ад холаду, голаду памёр мой малодшы брат. Абрабаваныя партызанамі, мы былі літаральна ў рыззі, не было чаго есці, абуць, не маглі распаліць агонь».
Вось так, спадар Пестракоў: былі партызаны, якія вялі сапраўдную вайну з фашыстамі, а былі і такія партызаны, якія наносілі шкоду мірнаму насельніцтву.
У гэтым кантэксце хачу прывесці выпіску з кнігі Васіля Якавенкі «Пакутны век». На старонцы 479 чытаем:
«…У Слонімскай акрузе, напрыклад, за восем месяцаў сорак другога года партызанамі знішчана 111 немцаў, 36 паліцаяў. А сваіх мірных жыхароў у сем разоў болей — ажно 823 чалавекі!»
У сваіх успамінах я расказаў, як савецкія ваенныя, уварваўшыся ў Германію, гвалцілі нямецкіх жанчын усіх узростаў. У выніку гэтага ў савецкай зоне акупацыі жанчыны зрабілі 800 тысяч абортаў. Пестракоў пагаджаецца з колькасцю абортаў, але ён тлумачыць гэта тым, што быў галодны час і немкі вымушаны былі ісці на спыненне цяжарнасці. Які цынізм! Пестракоў не падумаў, якім чынам 800 тысяч жанчын маглі адначасова зацяжараць, калі іх мужы адны загінулі, другія — у палоне.
Лічу, Пестракоў мае вельмі прымітыўныя веды пра амерыканскую дапамогу для СССР за гады Другой сусветнай вайны. Ён карыстаецца савецкай інфармацыяй пра міфічныя дзесяткі тон золата, якія быццам бы заплаціў СССР за тую дапамогу. Савецкай прапагандзе гэта было патрэбна, каб апраўдаць жабрацкае існаванне людзей пасля вайны.
А вось якую праўду — «Праўда аб ленд-лізе» — расказаў Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук, прафесар («Аналітычная газета», № 9, май 2009 г.):
«Першыя лендлізаўскія пастаўкі прыбылі ў Савецкі Саюз у лістападзе 1941 года, і амерыканскія танкі і самалёты ўжо прымалі самы непасрэдны ўдзел у снежаньскім контрнаступленні пад Масквой. Не будзь гэтай саюзніцкай дапамогі танкамі, самалётамі, артылерыяй, снарадамі, невядома, што было б з Масквой і далейшым ходам вайны. Чырвоная Армія атрымала па ленд-лізе 19 734 танкі і самаходкі, 18 700 самалётаў, 9600 гармат, 131 000 кулямётаў. Ад саюзнікаў атрымана пораху ў тры разы, тэлефоннага проваду ў 15 разоў, паравозаў — у 22 разы больш, чым было зроблена ў Савецкім Саюзе за гады вайны. Саюзнікі далі 459 тысяч аўтамашын. Гэта ў два разы больш, чым выпусцілі аўтамабільныя заводы СССР за чатыры гады вайны. У пагадненні аб пастаўках гаварылася, што „матэрыялы, знішчаныя, страчаныя ці скарыстаныя ў перыяд вайны, не падлягаюць аплаце“. Інакш кажучы, пастаўкі гэтыя былі фактычна бясплатнымі».
Пестракоў жадае атрымаць адказ: за якія грахі нашы жанчыны былі кінуты ў жудасныя ўмовы менавіта нямецкай агрэсіяй… Усё так, умовы жудасныя. Але ж яны былі не нашмат лепшымі пры феадальна-калгасным ладзе і да вайны, і пасля вайны. Жанчыны, дзеці працавалі на калгасных палях, стаялі ля станкоў, а мільёны мужчын таміліся, паміралі за калючым дротам у савецкім ГУЛАГе. Тысячы жанчын апынуліся на фронце ў якасці санітарак, сувязістак ды выконвалі іншыя абавязкі. Але гэта не жаночая справа. Ні ў адной арміі свету не было такога дзікунства, каб худзенькая жанчына цягала раненых байцоў з поля бою. Для гэтага падбіраюцца моцныя мужчыны.
Пра мае ўспаміны «Нябышына. Вайна» Пестракоў кажа, што яны спазніліся на 65 гадоў, што яны дапамаглі б абвінавачаным на Нюрнбергскім працэсе. І вось тут я поўнасцю згодзен з Пестраковым. Я лічу і ўпэўнены ў гэтым: на лаве падсудных на Нюрнбергскім працэсе побач з фашысцкімі верхаводамі павінны былі сядзець і савецкія: Сталін, Берыя ды іншыя. Таму можна лічыць, што Нюрнбергскі суд быў не да канца справядлівым. На судзе, на працэсе не быў агалошаны Пакт Молатава — Рыбентропа (Сталіна — Гітлера) і сакрэтны Дагавор да яго, а гэтага патрабаваў адвакат Герынга. Калі б гэта ўдалося зрабіць, то ўвесь свет убачыў бы, што Сталін такі ж агрэсар, як і Гітлер, што яны пэўны час былі вернымі саюзнікамі. Акрамя таго, Нюрнбергскі працэс прамаўчаў пра расстрэл палякаў і беларусаў у Катыні.