Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Кінааператары зрабілі ў той час здымкі для фільма «Бягомльская легенда», і на многіх кадрах людзі і справы нашай брыгады. Аўтар артыкула І. Копыл мог пазнаёміцца з фільмам у раённым музеі славы, уважліва пачытаць кнігу Героя Савецкага Саюза У. П. Ціткова «Брыгада Жалязняк», дзе названа колькасць партызан у канцы 1942 года, ёсць таксама раённая кніга «Памяць». Але баявыя будні брыгады І. Копыла, як бачым, не цікавілі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны (хаця аўтар супраць слова «Айчынная») Бягомльшчына была зонай партызанскай славы. Гарадскі пасёлак Бягомль, раённы цэнтр тады, у жніўні 2009 Указам Прэзідэнта РБ быў удастоены вымпела «За мужество и стойкость в годы Великой Отечественной войны 1941–1945 годов». Прамаўчаў і пра гэта аўтар.
Якой толькі няпраўды не напісаў пра партызан, якімі кепскімі словамі не называў, як іх толькі не чарніў. Дзіву даешся! Там, да прыкладу, напісана, што ў злачынствах супраць насельніцтва ў час акупацыі партызаны адыгралі не апошнюю, а можа, галоўную роль. І быццам бы, каб знішчыць вёску з людзьмі, яны (партызаны) рабілі некалькі выстралаў у паветра і ўцякалі ў бок вёскі. Скажыце, які камандзір мог даць такі правакацыйны загад? І вось такой няпраўды у артыкуле, такіх злосных прыдумак мноства.
А пра Чырвоную Армію і чырвонаармейцаў? Пра гераічныя подзвігі арміі-вызваліцельніцы ні слова, затое ачарнення хапае. Быццам не было мабілізацыі ў раёне, апынуліся ў 44-м у арміі толькі тыя, хто па нейкіх справах быў у Бягомлі. Іх там «пахапалі». Што не абучаных і непаўналетніх узялі на фронт і кідалі ў бой. Пра запасныя і вучэбныя палкі ні аднаго слова. Дадумацца да таго, што навабранцаў у арміі нават не пераапранулі ў ваенную форму, не кожнаму выдалі зброю. З іх сфарміравалі батальён і правялі разведку боем і такім чынам камандаванне ператварыла нашых землякоў у гарматнае мяса. Або тое, што звесткі пра перамогу, пра канец вайны землякі сустрэлі без бачнага трыумфу. Аўтар таксама не бачыў, як людзі кідаліся да вызваліцеляў у абдымкі і г. д.
Адступленне Чырвонай Арміі ў 41-м называе бегствам. Ні слова пра абаронныя баі ў Брэсцкай крэпасці, пад Магілёвам, Масковой і другіх месцах. Ахайваў подзвіг Матросава, піша, што ніякага вызвалення Мінска не было, немцы быццам самі пакінулі яго, і што 3 ліпеня наляцела савецкая авіяцыі і ўшчэнт разбамбіла беларускую сталіцу. А пра паводзіны нашых салдат за межамі СССР у вайне! Колькі бруду ў іх адрас, а ці так было? Вельмі хочацца аўтару «накапаць» на нас, тых, хто быў на вайне, на тое, як сустракалі народы нашу армію-вызваліцельніцу.
Пра ўсенародны ўздым, пра масавы патрыятызм, пра лозунг «За Родину, за Сталина» ні слова, для аўтара гэта міф.
А чаго толькі не напісана пра тых, хто служыў у органах НКУС, пра камандаванне брыгады «Жалязняк», Герояў Савецкага Саюза І. П. Ціткова і С. С. Манковіча, аб нашым земляку Барздыка аб заслужаным настаўніку П. А. Бобрыку, інвалідзе вайны, якога дзеці на санках прывозілі ў школу. Зразумела, не лепшыя словы. І пра тое, што ў час блакады маці-адзіночка павесіла сваю маленькую дачку, а ў нейкай другой групе дзве жанчыны задушылі сваіх маленькіх дзетак. Ці ж гэта праўда?
А як аўтар піша пра свайго брата, які быў вучнем ФЗУ ў Ленінградзе і памёр у блакаду таму, што не мог есці чалавечае мяса і мышэй. Няўжо ў гады вайны было людаедства? Я быў не раз у Ленінградзе, ніхто такія факты не называў. А як жаласліва піша аўтар аб сабе, калі ён вучнем папаў у піянерскі лагер. Ішоў, бедалага, да Бягомля пяшком, а потым яшчэ з Бягомля па шашы на Лепель.
А колькі нядобрага ў адрас дзяржавы, якая дала аўтару адукацыю, арміі, дзе ён служыў, калгасе, дзе бацька быў старшынёй. І быццам СССР граміў беларусаў больш адчувальна, чым фашысты ў гады вайны.
Затое якая пахвала немцам-акупантам. У першую чаргу гаўляйтару Беларусі ў час акупацыі Кубэ, нямецкай уладзе ў Мінску. Ён немцаў паказвае амаль анёламі. Што яны людзям далі зямлю, што добра адносіліся да палонных, якіх гналі ў Докшыцы. А ці так было? Іх замучылі там голадам і холадам. Хваліць, што, калі ў бацькі ўкралі каня, дык немцы знайшлі і вярнулі. Бацька аўтара з цеплынёй гаворыць аб нямецкім афіцэры, які добра да яго адносіўся. Пры немцах, піша І. Копыл, людзі жылі лепш, пакуль не з’явіліся партызаны. І што гады акупацыі ў параўнанні з часам пасля вызвалення былі раем. Што з рук немцаў можна было атрымаць незалежнасць. Успамінае, што немцы нікога не білі, не прыгняталі, не крычалі, як паказваюць у сучасным кіно. Прыводзіць прыклад, як добра было яго дзядзьку ў Германіі і яго дзецям, куды яны былі вывезены, і пра тое, якія добрыя былі акупанты. І ні слова пра тое, колькі нашых людзей былі расстраляны, павешаны, спалены жывымі, як у Вольберавічах, пра другія зверствы акупантаў. А колькі на Бягомльшчыне помнікаў, абеліскаў і другіх знакаў, якія як бы гавораць «Помніце, людзі!»