Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Але мае ўспаміны яшчэ спатрэбяцца. Вось што напісаў у «Народную Волю» ветэран ВАВ Леанід Аксельбанд:
«Эта книга („Нябышына. Вайна“) будет очень кстати, когда откроется судебный процесс над ленинско-сталинским большевистским режимом».
Пестракоў вельмі пафасна вымаўляе словы — Дзень Перамогі. Няцяжка здагадацца, што ў мяне іншае стаўленне да гэтага дня. Я не разумею, як можна з высокіх трыбун заяўляць, што ў Другой сусветнай вайне загінуў кожны ці трэці ці чацвёрты беларус, і тут жа ладзіць на асфальце вясёлае шоу. Для Беларусі гэты дзень павінен называцца інакш, напрыклад, Дзень жалобы, ці Дзень смутку па загінуўшых у часы Другой сусветнай вайны. Нельга забываць, што напярэдадні і пасля вайны Беларусь згубіла значную частку сваіх тэрыторый разам з іх насельніцтвам. Якім чалавекам трэба быць, каб вінаваціць тых, хто выжыў ва ўмовах акупацыі?! Ісці змагацца, каб коштам свайго жыцця, як раіць Пестракоў, узяць жыцці аднаго-двух ворагаў, гэта, на мой погляд, усяго толькі дэмагогія. Змагацца павінна рэгулярная абучаная армія. На практыцы мы бачым, што на кожнага забітага нямецкага салдата прыпадае 12 савецкіх. Давайце адкрыта скажам: сваю перамогу, здабытую ў кровапралітнай бойні, ветэраны ВАВ добраахвотна аддалі Сталіну, калі ганебна кідалі трафейныя сцягі да яго ног на Парадзе Перамогі. Адбылася замена акупацыі многіх краін Еўропы з нямецкай, якая працягвалася 5 гадоў, на 45-гадовую акупацыю савецкую.
Пестракоў назваў мяне сынам укланіста. Прабачце, шаноўныя чытачы, але засмярдзела 37-м годам. А чаму б адразу не назваць мяне сынам ворага народа? Што, духу не хапіла?
Без камантарыяў пакіну шэраг іншых пасажаў «ветэрана» А. Пестракова.
Мінск
Ну што, шаноўныя чытачы, спадзяюся, што вы ўсё прачыталі ўважліва і ўдумліва. Хтосьці з вас падумаў — які малайчына Аляксандр Пестракоў, што паставіў на месца гэтага «злопыхателя». Хтосьці абурыўся на яго. Кожны мае права на сваё меркаванне. Разам з вамі і я зноў перачытаў «палымяны» артыкул А. Пестракова і свой «Адказ „ветэрану“».
Калі я прачытаў А. Пестракова, то ўбачыў ужо зусім іншага чалавека, не таго, з якім я размаўляў усяго некалькі дзён таму назад. Яго артыкул напісаны з такім імпэтам, што нагадаў мне абвінаваўчыя прамовы Пракурора СССР Андрэя Вышыннага. Цікава, які б прысуд аўтар артыкула вынес мне, як сыну «уклониста», калі б яго надзялілі правамі — караць? На маю думку, А. Пестракоў няшчасны чалавек, незадаволены сваім лёсам, пакрыўджаны, раззлаваны на ўсіх, а таму небяспечны. У даным выпадку, гэта ўсяго толькі пенсіянер — ён можа камусьці сапсаваць настрой, не больш. А калі б ён быў чыноўнікам? Гэта ўжо зусім іншая справа.
Хачу спыніцца на некаторых момантах артыкула А. Пестракова, на якія я не звярнуў увагу ў сваім «Адказе „ветэрану“».
Так, ён абураецца, што ў наш час, у XXI стагоддзі, паяўляюцца пакрыўджаныя на свой лёс «няўдзельнікі» вайны і спрабуюць даць сваё дзіцяча-прымітыўнае асэнсаванне падзей сусветнага маштабу. Давайце паспрабуем разабрацца, хто ўдзельнік вайны, а хто няўдзельнік? Калі разглядаць асабіста мяне і Аляксандра Пестракова, то якраз я і з’яўляюся паўнавартасным удзельнікам вайны ад дня першага да дня апошняга. Я на сабе адчуў увесь цяжар вайны, перацярпеў усе пакуты ваеннага ліхалецця, якія выпалі на маю долю. А вось А. Пестракова ў той час нават на свеце не было, ён нарадзіўся праз тры гады пасля заканчэння вайны.
Так, у мяне няма пасведчання, што я ветэран вайны. Я не забіў 1–2 акупантаў, у чым мяне і абвінавачвае мой апанент. Я нават не зрабіў гэтага, калі мяне падбухторваў да забойства афіцэр Чырвонай Арміі. Калі зірнуць на гэта вачыма Пестракова, то я праявіў маладушша. Я яшчэ раз сцвярджаю і ў гэтым упэўнены, што забіць з-за вугла 1–2 акупантаў і гэтым самым асудзіць на смерць жыхароў цэлай вёскі — гэта не геройства, гэта ніякае не выкананне патрыятычнага доўгу перад народам, перад Айчынай, як спрабуе запэўніць нас сваёй дэмагогіяй Пестракоў. Такія дзеянні «мсціўцаў-партызан», — гэта не проста правакацыі, гэта мэтанакіраванае злачынства супраць мірнага насельніцтва. Дзіўна, што Пестракоў гэтага не разумее.
У сваім артыкуле А. Пестракоў шмат увагі ўдзяліў майму бацьку. Ён яго абвінавачвае ў грахах, якіх не было. Часам даходзіць да абразы. А вось пра свайго ён не сказаў ні слова. Пра сваю маці прыпомніў, а пра бацьку — не. Ці быў ён на фронце? Ці ўсё тут у норме з патрыятызмам, з выкананнем патрыятычнага доўгу перад народам? Адкажы, Аляксандр.