Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
А мо і на самай справе не было ніякай птушкі... Не, была, ды знікла раптоўна, пе дачакаўшыся, пакуль мы вырасцем, пакуль народзяцца і нашы дзеці, народзяцца і пацешацца, гледзячы на яе, знікла разам з рэліктавым гаем, прышэльцам з далёкага часу і цёплых краін, госцем невядомых нам на нашай зямлі планет, якія невядома з кім знаёмяць нас, аб нечым сведчаць, ад нечага папярэджваюць, нешта гавораць нам, а мо выказваюць, што такое простая чалавечая радасць. I вось гэтую радасць знішчылі. Высеклі ліпы, выразалі кедры, выкарчавалі лістоўніцы, коркавыя дрэвы мо і самі зніклі, як выпарыліся, расталі, якая ж карысць нам тут ад таго заморскага коркавага дрэва, паспускалі на зямлю арлоў і арланаў, падрэзалі крылы ў сокалаў і беркутаў, а калібры, пэўна, ператварыліся ў дым, шэра-руды такі, як ад грыба-пыхалкі: наступілі на яго ўлетку — быў ён і знік, пых — і няма. Толькі рудое воблачка над травой і халадок па скуры. Усё з'ела, звяла сякера, розум ці безразважнасць. Раёну не хапіла зямлі пад кок-сагыз ці яшчэ пад нешта там. Ад таго кок-сагызу сёння таксама не засталося ўжо і знаку, як і ад мноства іншага, чым у свой час спрабавалі апладніць гэтую зямлю, надаць ёй высакароднасці: кок-сагыз, лубін, ці люпін, кукуруза, торфаперагнойныя гаршчочкі. I нават сібірскім кедрам хацелі ўпрыгожыць. У адным месцы, каля дзетдома, рэчкі Пятлянкі, кедр, які ўжо рос там, адорваў чалавека арэшкамі, высеклі, каб праз гады тры-чатыры, шчыра забыўшыся пра тое, пачаць садзіць на новым месцы кедравы бор. I цягнулі саджанцы праз усю краіну, везлі самалётамі з Заходняй Сібіры, утыкалі ў чорную зямлю. Леснікі, а ў іх ліку ўжо і дзетдомаўцы, што к таму часу падраслі, палівалі тыя саджанцы потам сваім. Не дапамагло. А якая цудоўная была кампанія па нарыхтоўцы курынага памёту. У той кампаніі ўдзельнічалі нават ужо і мы, дзетдомаўцы, ганяліся, здабывалі той памёт з-пад кожнай куркі і кожнага пеўніка. Дзе ён цяпер, адным бы хоць вокам зірнуць на цуд-колас, які ўзняўся на тым памёце, зірнуць бы на цуд-галаву, якая знесла такую высакародную ідэю. Усё забылася, усё адышло ў небыццё пад смех і стогн палескіх вёснаў і зімак, не засталося ні засечыны, ні зарубіны на памяці тых, хто ішоў следам, як, зрэшты, і ад рэліктавага гаю.
Хаця ад гаю зарубіна засталася. Ды якая яшчэ! Я адкідваю тут паданні і казкі, якія складаюць аб ім сёння, прыгадваю толькі дзень мінулы. Плакалі ў той дзень людзі, плакаў прэсвітэр баптыстаў, у той час яшчэ няверуючы, былы партызан, упаўнаважаны па нечым ад раёна, ён заўсёды быў пры нагане і ездзіў па сяле на матацыкле. Прыйшоў да бога, прызнаў яго, калі пачалі высякаць гай, паставіў на вечны прыкол матацыкл, здаў ці ўтапіў недзе наган, пакінуў людзей, пабудаваў у лесе курэнь, як будавалі іх партызаны ці бежанцы ў час вайны. Жыў у тым курані да позняй восені, пакуль не выпаў снег і не прыціснулі маразы. А як толькі першая мяцеліца адпела гай, звяроў, якія вадзіліся ў ім, птушку калібры, зноў аб'явіўся сярод людзей. Сказаў, што было яму знаменне і ён увераваў. Выцягнуў з хаты ўсё магазіннае і на заводах зробленае, пакінуў адны голыя сцены і лавы, упрыгожыў гэтыя сцены ад рукі нісанымі баптысцкімі выслоўямі. Сярод гэтых выслоўяў цьмяна, безгалоса, без радыё, без тэлевізара жыве і сёння. I гэта яму належаць словы: спачатку знікнуць пчолы, потым рыбіны, а потым і чалавек. Мо гэта і ёсць яго знаменне, той знак, што пабачыўся і пачуўся яму, калі ён, як напаўвар'ят, жыў у адзіноце ў сваім курані сярод маўклівай пустэчы былога рэліктавага гаю. Не ведаю, а гадаць не збіраюся. Але пчолы ў яго сёння ўжо звяліся. Усе борці, што стаялі на дубах, асірацелі. Мор, клешч падушыў яго пчол. I не толькі яго...