Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 228
Перейти на страницу:

Збавенне было нечаканым і незразумелым. Да дырэктарскага акна падруліла «эмка», мы адчулі, што нам пячэ ў пяты яшчэ больш: каго гэта на ліха нам чорт наслаў, адна справа, калі цябе пакараюць свае ж не пры чужым воку. Заслужыў — а прымай. Вініцца і атрымліваць па карку навідавоку ў чужынцаў... Што мы, не людзі і пра годнасць сваю ўжо забыліся? Не хапала, каб усякія тут ездзілі і глядзелі, як мы плачам, бачылі, як дзетдомаўцы плачуць. Не плачуць яны. Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які б вымусіў заплакаць дзетдомаўца, сем раз ён наперад аблезе і абрасце няроўна. Мы зацяліся, стаіліся, як некалі партызаны і падпольшчыкі: паліце нас на агні, рэжце на кавалкі, пасыпайце соллю — мы не вымавім і слова, слязінкі не выціснем. Усё гэта прамільгнула ў галаве кожнага з нас, і кожны цвёрда вырашыў сам сабе: стаяць, трымацца гэтага, ні ў каго не прасіць ні падтрымкі, ні парады, ні літасці. Усё гэта было ўжо ў крыві ў нас, як кажуць сёння, у тыповых умовах — тыповыя паводзіны.

I ўсё ж у той дзень мы не ўтрымаліся, здрадзілі сабе.

Мы плакалі. I дырэктар нашага дзіцячага дома даў запеўку таму плачу, паказаў, як могуць плакаць мужчыны. Мы трымаліся, як партызаны на допыце, і амаль не чулі, пра што гавораць прыезджыя з нашым дырэктарам, праўдзівей, чулі ўсё і слухалі на ўсе вушы, але паколькі гаворка нас не тычылася, то і словы іх у адно вуха ўляталі, з другога выляталі. Мы чакалі галоўнага, калі прыезджыя, а іх было тры, і ўсе па адзін капыл, усе ў напаўваеннай форме, як ва уніформе, тыя ж самыя адзежкі, з аднаго сукна і аднаго колеру кіцелі, як і ў нашага дырэктара, і пастрыжаны ўсе высока «пад бокс», і твары аднаго крою, асмужаныя да рудога, абсівераныя адным ветрам, і фуражкі ва ўсіх аднолькавыя, белыя, палатняныя, цывільныя, але на ваенны фасон пашытыя. Дык вось мы чакалі, калі чатыры пары сталёвых і бязлітасных вачэй сыдуцца і спыняцца на нас і мы, як зайчыкі, якіх неўспадзеў прыхапілі ў аўсе, порскнем сваімі вочкамі ў розныя бакі, а нас адразу ж зловяць, прыціснуць да зямлі, вымусяць прыціснуцца ў чатыры камандзірскія глоткі, і скочаць, пакоцяцца пад ногі нашы спалоханыя сэрцы, што ўжо знемаглі ад чакання, калі ж нас пакараюць і праз пакаранне памілуюць, адпусцяць на волю. Але час ішоў, а на нас ніхто не звяртаў увагі, мы адчулі ўжо нават сум. Нішто так не зводзіць, як чаканне. У душы мы ўжо мо і прасіліся, каб нас хутчэй прыкмецілі і пакаралі, адпакутуем сваё і прэч з гэтага кабінета да таго часу, пакуль нас зноў не падловяць на чым-небудзь. Але ж калі тое свята будзе, а цяпер, як кажуць міліцыянеры: грамадзянін, не трэба. Не трэба так здзекавацца з нас, дратаваць нас так чаканнем, і пра вашы дарослыя клопаты мы не вельмі жадаем ведаць і слухаць. Гаворка ж на самай справе ішла нейкая нецікавая, сумная, пра карчаванне, лес нейкі. Адзінае, што мы толькі ўспрынялі і адразу ж навастрылі, натапырылі вушы: лес будуць не толькі рэзаць і секчы, але і карчаваць, падрываць толам, узрыўчаткай пні. Здабыць шашку толу і глушануць у рэчцы сома — запаветная наша мара. I мы ўзрадаваліся, калі пачулі пра тол і ўзрыўчатку: не, недарэмна, не марна бавілі мы час у кабінеце дырэктара. А Мар'ян усё ж трохі дурнаваты, чаму ён так упарціцца, адмаўляецца, моліць прыезджых не губіць ласіны востраў, зубрыную затоку, не кранаць гаю. Дрэў яму шкада, ды колькі іх вакол, Маскву пабудаваць хопіць, нацешымся хоць, калі не ўкрадзём таго толу, паглядзім, як падрываюць пні, яны ж лятаць будуць... Ды і чаму гэта раптам не ўкрадзём, як гэта, не ўкрадзём, стырым, калі на тое пайшло, калі ўкрасці не пашанцуе, сцібрым. Радавацца трэба, а не глотку драць, даказваць, што нехта павінен прыйсці на той востраў, да той затокі, цар прыроды, зубр нейкі. Мо прыйдзе, а мо і не прыйдзе. Хто ж гэта ведае, што ў галаве ў таго цара. Ды і якія цяпер цары, знайшлі пра што гаварыць. Не, непрыстойна неяк паводзіць сябе перад прыезджымі Мар'ян, як сапраўды яны цары, а ён халуй іх. На коленцы вось упаў перад імі, паўзе да іх на коленцах, як не сорамна.

— На каленях вас прашу,— ён расшпіліў кіцель, абедзвюма рукамі развёў яго на грудзях, выварочваючы набіўныя ватныя плечы.— Ад іх імя, ад імя ўсёй пёскі малю: не чапайце зубрыную затоку. Ён прыйдзе, ён прыйдзе... — I штосьці яшчэ падобнае гэтаму, што мы не разумелі і, пэўна, не здольныя былі ў тую хвіліну зразумець, таму што не давалі сваім вачам веры: над богам ёсць бог, над дырэктарам таксама ёсць дырэктары. I яшчэ мяне ўразілі гэтыя яго набіўныя ватныя плечы: не свае, не свае, з ваты. I пад кіцелем у яго нічога, адна толькі сподняя сарочка, такая, у якіх ходзім і мы зімой, адной толькі розніцы — вельмі белая тая сарочка, і кляйма казённага на жываце няма. А мо і ёсць кляймо, толькі дырэктару ставяць яго не на жываце, а дзе-небудзь каля спіны ці збоку. I я шукаў тое кляймо, імкнуўся зазірнуць і туды, што было прыкрыта кіцелем. Але позірк мой спатыкнуўся аб рубцы на правым баку яго грудзей, крыху вышэй і ніжэй саска. Колер тых рубцоў мяняўся на вачах, яны ўздуваліся, ружавелі і вось-вось, здавалася мне, маглі разысціся, расчыніцца, і тады грудзіна аголіцца да самага сэрца. Мне стала балюча і жахліва. Я адчуў, як і ў мяне ў глотцы гарачым даўкім камяком збіраюцца слёзы. I яны лінулі з вачэй у нямой цішыні, што на нейкі час усталявалася ў кабінеце. Мне было сорамна, што я плачу, я скоса, заклінаючы, каб ніхто не прыкмеціў гэтых маіх нечаканых слёз, зірнуў на сваіх сяброў і ўзрадаваўся. Я плакаў не адзін. У кожнага з нас, дзетдомаўцаў, цяклі па твары мутныя ручайкі. Толькі плакалі мы мужна, ціхенька, а дырэктар наш гучна, усхліпваючы і скаланаючыся. Тое, як ён скаланаўся і хліпаў, раздражняла, выціскала з вачэй новыя слёзы і ў мяне. У Мар'яна мяне цяпер раздражняла ўсё: і кіцель, і сарочка, і рубцы на грудзях. I шыя ў яго была нейкая курыная.

1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)