Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 268
Перейти на страницу:

— Ну, гэта ўжо ерунда, — сказаў я і ўстаў, не таму, што насядзеўся, а проста прапала ахвота слухаць гэтага самадзейнага разумніка.

Пра каго другога ён яшчэ мог мяне пераконваць, толькі не пра Ананьева. Ва ўсякім разе, старшага лейтэнанта я ведаў лепш за яго.

I тым не менш Гаркавы з лёгкай настойлівасцю пярэчыў:

— Хай ерунда. А на Грыневіча занадта азіраецца. Той не глядзі, што ціхманы. Як каторая жонка: ціхенькая, а мужык у яе пад абцасам…

— Нічога ён не азіраецца, — сказаў я.

— А ты вось прыгледзься — прыгледзься калі… Дзіўны чалавек гэты Гаркавы. Я амаль быў упэўнены, што ён гаворыць няпраўду, што Ананьеў не такі камандзір, каб азірацца на свайго намесніка. Тым не менш сказана гэта было такім пераканаўчым тонам, што і сапраўды ў маёй памяці пачалі ўсплываць некаторыя выпадкі. I як ні дзіўна, а выходзіла, што і сапраўды часам ротны чакаў, што ў тым ці другім разе скажа Грыневіч. Хоць зусім магло быць, што так было трэба, што яны проста раіліся дзеля карысці справы.

Я ўжо амаль з цікавасцю ўзіраўся ў невыразную, шэрую ў прыцемках постаць Гаркавага, з шапкай-растапыркай на галаве, адчуваючы нейкую павагу да немаладога, звычайнага, малапрыкметнага байца, з якім праваяваў у роце паўгода, але амаль ні разу дагэтуль не звярнуў на яго ўвагі. Ва ўсякай справе Гаркавы заставаўся надзіва староннім і ціхім, а, глядзі ты, — пра многае меў сваю адметную і нават нечаканую думку, не палічыцца з якой было не так проста. I разам з тым гэтая яго разумная назіральнасць міжвольна насцярожвала, нават, невядома чаму, настройвала крышку не ў карысць Гаркавага.

Мне стала цікава, і я ўжо наважыўся застацца з гэтымі двума — хоць на сцюжы, а ўсё весялей будзе скаратаць ноч. Але толькі я падумаў аб тым, як з прыцемак паказаўся Ванін. Цяпер чамусьці ён ішоў не адзін і, згледзеўшы мяне, сказаў таму, хто ішоў ззаду:

— Вунь Васюкоў.

Я паціху падняўся з бруствера.

— Тут во цябе Зайцаў шукае.

Я ўраз насцярожыўся, нешта трывожна-радаснае варухнулася ў грудзях і замерла.

— Камандзір роты заве, — сказаў Зайцаў. — Вячэраць.

Хвіліну я вагаўся, адчуваючы, як нешта ва мне дзіўна і ўвачавідкі перайначваецца ў адносінах да камандзіра роты, да Ваніна і нават да гэтага вось Гаркавага. Зноў усіх засланіўшы сваёй вялікай постаццю, вырас у маім уяўленні Ананьеў. Праз хвіліну я ўжо дзівіўся з сябе ранейшага: было чаго крыўдаваць! Нічога кепскага ён мне не зрабіў, проста яго галава, як заўжды, забіта сваім клопатам. Хіба гэта не відаць было адразу! А калі, во, павальнела, адляглі справы — успомніў і спецыяльна паслаў Зайцава шукаць мяне, дурня, уначы па траншэі.

— Давай, — падагнаў Ванін. — А мне некалі. Акапаемся, тады забягу.

8

У бліндажы было людна і накурана, затхла смярдзела мокрымі шынялямі, земляной сырасцю і трацілам.

Звычайна, дзе б Ананьеў ні быў удзень, але ўвечары, вярнуўшыся ў сваю зямлянку-капэ, склікаў камандзіраў узводаў, старшыну, прымаў іх даклады, даваў указанні. Пасля ўсе разам вячэралі. Яда была не бог ведае якая: гуляш з канцэнтратам, сухары, банка свіной тушонкі. Часам да таго дадавалася што-небудзь з трафеяў, калі ў наступленні, ну, і, вядома, — наркомаўскія сто грамаў.

Цяпер наркомаўскіх, мусіць, не прадбачылася, не было старшыны, але на скрынцы, што прыладзілі на сярэдзіне бліндажа, ляжала жоўтая нямецкая банка з адгорнутым вечкам — там быў мармелад. Ананьеў, у расшпіленым шынялі, з цыгаркай у зубах, адвінчваў знаёмую, абшытую сукном пляшку. Тут жа сядзеў змрочны Цвяткоў, стрыманы, заўсёды сур’ёзны Грыневіч. Зайцаў, як толькі ўвайшлі, выняў з-за пазухі паўбохана хлеба, які, мусіць, расстараўся недзе ва ўзводзе, і ўзяўся яго рэзаць. За ім ля сцяны сядзелі двое параненых, і далей у цёмным куце, апанурыўшы светлавалосую галаву, туліўся немец.

— Хто гэта? Васюкоў? А дзе Ванін? — запытаў камандзір роты, узіраючыся ў парог.

— Там, ва ўзводзе, — сказаў Зайцаў.

— Чаму не прыйшоў? Ты сказаў, што я заву вышыню замачыць?

— Не ідзе. Кажа, не п’ю.

— Ну і дурань, — проста абвясціў ротны. — Хай не п’е. Нам болей застанецца.

Ён адкруціў з пляшкі вечка, якое заматлялася на ланцужку, і са скрынкі ўзяў кварту.

— Сядай, Васюкоў. Павячэраем напаследак. Заўтра ўжо будзеш у медсанбаце. Як рука?

— Баліць.

— Правільна, павінна балець, — пагадзіўся Ананьеў. — Мне, калі прадплечча перабіла, паўмесяца, сабака, балела.

Побач скупа ўсміхнуўся Грыневіч.

— Помніцца, казаў — бядро. А цяпер — прадплечча.

Камроты апусціў кварту і амаль гняўліва зірнуў на свайго намесніка.

1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)