Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
…У тую студзеньскую марозную ноч нехта гучна загрукаў ў дзверы.
На парозе стаяў увесь заінелы і заснежаны Ян Козел-Паклеўскі. Шырока раскінуўшы рукі, ён абняў мяне, прыціснуў да сябе, выгукнуў:
– Людвіг! Пачалося!
– Што – пачалося? – перапытаў я ў яго, нічога не разумеючы.
– Паўстанне пачалося!
Ён распрануўся, павесіў адзенне на вешалку, і мы прайшлі ў залу.
Ян быў узбуджаны, чакаў, што я адкажу на яго паведамленне, чакаў маёй рэакцыі.
Мяне ж яго словы не абрадвалі, выклікалі абурэнне і крыўду. І першыя стрэлы крыўды паляцелі ў твой, Кастусь, бок. Мы ж пра ўсё дамовіліся, вырашылі цвёрда, што закалат пачнецца толькі тады, калі ўсё будзе падрыхтавана, узважана да драбніц, і толькі пры агульным галасаванні сяброў паўстанцкага камітэта даем згоду на пачатак паўстання…
Нічога такога не адбылося. “Без мяне мяне жанілі”.
– Што скажаш, Людвіг? Ты прымаеш у гэтым удзел?
Я падышоў да абразоў, паглядзеў на Багародзіцу з Сынам, з боллю ў душы папытаўся: “Божа літасцівы! Чаму мы, калі распачынаем рабіць вялікую справу, такія разрозненыя, глухія адзін да аднаго, і нам заўсёды не хапае галоўнага – аб’яднацца ў магутны кулак, каб перамагчы ненавісніка? Чаму, Божа? Няўжо Ты ў гэты час адбіраеш ад нас розум.
Адышоўшы ад абразоў, падышоў да канапы, на якой сядзеў мой сябар.
– Мне нічога не застаецца рабіць, як далучыцца да паўстання, – прыйшлося вымавіць мне.
– Выдатна! Малайчына! Таварышы з камітэта перадалі табе намінацыю на ваеннага начальніка Магілёўскага ваяводства.
– Нават так? Каліноўскі пра гэта ведае?
– Ведае.
Я забыўся. што мой сябар з марозу, з дарогі, стала сорамна, што сустрэў яго не так, як трэба сустракаць госця. Збіў ён мяне зпанталыку сваім з’яўленнем, як абухам па галаве агрэў. Апамятаўшыся, схадзіў да паліцы, узяў пляшку з наліўкай, разліў у два фужэры. Дзынкнулі брыжыкамі, і выпілі за поспех паўстання. Потым напаіў яго гарачай гарбатай і паклаў спаць на канапу.
Сябар праз некалькі хвілін засоп, праваліўшыся ў сон, а да мяне доўга не ішоў сон. Так і праляжаў, не злучыўшы павекі да самага золаку. Трывожныя і гнятлівыя думкі не пакідалі мяне.
Мне вельмі хацелася сустрэцца з табой, удакладніць шмат якіх пытанняў. Але цябе цяжка было адшукаць – ты насіўся тады як апантаны, цябе цалкам паглынулі клопаты паўстання.
…Сустрэў неспадзявана – на кватэры нашага агульнага сябра.
– Канстанцін, чаму так адбылося, што паўстанне пачалося нечакана? Ты спрычыніўся да гэтага? Скажы праўду, мне тое важна.
– Не, Людвіг, не я. Я да апошняга змагаўся, каб адмянілі сваё рашэнне, даказваў, што рана тое рабіць. Але мяне не паслухалі, больш таго, хацелі арыштаваць і аддаць пад рэвалюцыйны суд…
– Хто хацеў цябе арыштаваць, дарагі Кастусь? Дык, выходзіць, што і не ты прызначыў мяне ваенным начальнікам Магілёўскага ваяводства?
Твой ўздых сведчыў пра вялікі ўнутраны боль. Ты яго не паказваў, але я вельмі добра ведаў твой характар.
– Ведаю, Людвіг, што ты не задаволены і нават абураны, што табе выдалі такую намінацыю. Я казаў пра тое Зыгмунду, але ён мяне і слухаць не захацеў, сказаў, што раз ты руплівы абаронца самастойнасці Літвы, то табе і “карты ў рукі” – будзеш за яе змагацца на роднай зямлі. Хаця ж мне думаецца, што Серакоўскі, стаўшы ваенным начальнікам паўстання, сыходзіў з іншых, больш важкіх, меркаванняў – ты, меўшы вялікі прафесійны досвед, як ніхто іншы падыходзіў для гэтай ролі. Зыгмунд усклаў на цябе самую важную і важкую працу.
– А ты? Ты як далучаны да паўстання?
Ты ўздыхнуў. І я зразумеў, што мы загнаныя з табой у клетку, з якой няма ніводнага выхаду. Клетка без дзвярэй.
– Без нас нас ажанілі. Ажанілі з Нявестай Паўстання, нават не пытаючыся ў яе згоды. Не дабіваючыся узаемнасці. Мы – жаніхі лёсу.
Нашае маўчанне зацягнулася і я рашыўся парушыць яго, нават і для таго, каб адарваць цябе ад гнятлівых думак, папытаўся:
– Вікенцій Канстанцін, што меў на мэце Серакоўскі, выдаючы мне намінацыю на Магілёўшчыну?
– У яго выспеў свой план. Рызыкоўны і амбітны. Па яго разліках сам ён непасрэдна распачне паўстанне на Жамойціі. Ён разлічвае сфарміраваць пяцітысячны корпус. Потым рушыць на Вільню, каб падняць на барацьбу ўсю Літву. Ты ж са сваімі магілёўскімі атрадамі павінен прайсці праз Смаленскую, Цвярскую і нават Маскоўскую губерні, а потым, пры ўдалым сцячэнні абставінаў, падняць паўстанне на правым беразе Волгі…