Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 174
Перейти на страницу:

Цемра ж спусьцілася апраметная: нават самое паветра падавалася чорным і зь цяжкасьцю лілося ў ноздры. Калі зьявіліся агеньчыкі, Сэм пацёр вочы – падумаў, што паціху вар'яцее. Першы заўважыў краем левага вока – прывід бляклага зьзяньня, які адразу ж згас. Але неўзабаве запаліліся й новыя. Некаторыя – рыхтык цьмяны зіхоткі дым, іншыя – бы туманнае полымя, што бліскае над нябачнымі сьвечачкамі, а тут і там уздымаліся прасьціны прывіднага сьвятла, разгорнутыя нябачнымі рукамі. Аднак аніводны з Сэмавых спадарожнікаў ня вымавіў ані слова.

Нарэшце Сэм ня вытрываў.

– Што гэта, Глыкс? – спытаў шэптам. – Ну, агеньчыкі гэныя? Яны паўсюль вакол. Ці мы ў пастцы, абкружаныя?

Глыкс зірнуў угару. Перад ім разьвіналася прастора цёмнай вады, і ён поўзаў па зямлі, шукаючы шлях, мацаючы тут і там.

– Так, яны паўсюль навокал, – прашаптаў ён. – Падманныя агеньчыкі. Сьвечачкі мерцьвякоў, такс, такс. Не зьвяртай на іх увагі! Не глядзі на іх! Ня йдзі да іх! Дзе гаспадар?

Сэм азірнуўся й пабачыў, што Фрода зноў адстаў, нават зьнік з погляду. Сэм сунуўся назад, у цемру, не наважваючыся рушыць далёка ці паклікаць гучней, чым шэптам. Зьнянацку натыкнуўся на Фрода, які стаяў задумліва, пазіраючы на блядныя агеньчыкі. Ягоныя рукі бязвольна зьвісалі па бакох. Зь іх капалі вада й глей.

– Хадзем, спадару Фрода! – пагукаў Сэм. – Не глядзіце на іх! Глыкс казаў: нельга глядзець! Лепей пасьпяшаймася за ім дый уберамося з гэнага клятага месца як мага хутчэй!

– Добра, – пагадзіўся Фрода, быццам абуджаючыся. – Я йду. Рушым!

Сьпяшаючыся, Сэм зачапіўся нагою за нейкі стары корань ці купіну й паваліўся цяжка, выставіўшы рукі. Тыя глыбока ўвайшлі ў ліпкі глей, так што твар хобітаў амаль сутыкнуўся з паверхняю цёмнай лужыны. Пачулася слабое шыпеньне, пайшоў ванітны смурод, агеньчыкі задрыжэлі, заскакалі, закружлялі навокал. На момант вада перад вачыма зрабілася нібы вакном зь цьмяным шклом, і Сэм у яго зазірнуў. А тады, выдраўшы рукі з багны, ускочыў ды залямантаваў у жаху:

– Там мёртвыя, мёртвыя твары ў вадзе! Мёртвыя твары!

Глыкс засьмяяўся.

– Ну дык Мерцьвяковыя багны, гэткае ж іхняе мяно, таксс! – хіхікнуў ён. – Не глядзі, калі сьвечачкі запаленыя, не глядзі.

– Хто яны? Што яны? – Сэм здрыгануўся, паварочваючыся да Фрода, які стаяў адразу за ім.

– Ня ведаю, – адказаў Фрода летуценным голасам. – Я таксама бачыў іх. Яны ляжаць па ўсіх азярцах, белатварыя, глыбока-глыбока пад цьмянаю вадою. Я бачыў іх: жорсткія абліччы, суворыя, шляхетныя й сумныя. Мноства твараў ганарлівых і сьветлых, і трава ўплялася ў срэбныя валасы. Але ж усё нежывое, усё гнілое, усё нячыстае. Усе зьзяюць ліхім сьвятлом, – Фрода прыкрыў вочы даланёю. – Я ня ведаю, хто яны, але, падалося, там людзі, і эльфы, і оркі побач.

– Такс, такс, – пацьвердзіў Глыкс. – Усе памерлыя, усе струпехлыя. Эльфы, і людзі, і оркі. Мерцьвяковыя багны. Шмат часу таму была вялікая бітва, такс казалі Сьмеяголю, калі ён быў малады. Калі я быў малады – яшчэ да маёй каштоўнасьці. Найвялікшая зь бітваў. Высокія людзі з даўгімі мечамі, жудасныя эльфы й оркі лямантавалі. Яны біліся днямі й месяцамі перад Чорнай Брамай. А багны растуць, растуць, паглынулі магілкі, дрыгва заўжды паўзе, расьце.

– Але ж гэнае адбылося болей за эпоху таму! – усклікнуў Сэм. – Памерлых тут насамрэч ня можа быць! Ці гэта якое чараўніцтва краю Ценю?

– Хто ведае? Сьмеяголь ня ведае, – адказаў Глыкс. – Да іх не дацягнесься, іх не кранеш. Мы спрабавалі калісьсьці, такс, мая кашштоўнасьсьць. Толькі абрысы, толькі бачыць, а не крануць. Не, мая кашштоўнасьсьць! Усе памерлыя.

Сэм глянуў на яго змрочна й здрыгануўся зноў, уявіўшы, навошта Сьмеяголь дабіраўся да іх.

– Ну, я болей іх бачыць не жадаю. Аніколі! Ці ня час нам падняцца й рушыць далей?

– Такс, такс, – згадзіўся Сьмеяголь. – Але павольна, вельмі павольна. Вельмі асьцярожненька! Альбо хобіты загразнуць ды далучацца да мерцьвякоў, дый сабе па маленечкай сьвечачцы запаляць. Ідзьце за Сьмеяголем! Не глядзіце на агеньчыкі!

Ён адпоўз направа, шукаючы абыход вакол возера. Хобіты пасьпяшаліся за ім, часта дапамагаючы сабе рукамі, як і ён. Сэм падумаў: "Калі гэткае працягнецца яшчэ колькі часу, будзе нас радком тры кашштоўныя цудоўныя глыксы".

Нарэшце сягнулі канца чорнага возера й перасеклі ягоны край – то паўзком, то скокам з адной здраднай і ненадзейнай купіны на іншую. Часьцяком зрываліся, крочылі ў ваду ці падалі ў яе, выставіўшы рукі, гнюсную, бы з гнілога адстоішча, пакуль з ног да галавы не пакрыліся мярзотным глеем і не засьмярдзелі адзін аднаму невыносна.

1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)