Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Віла «Гадзіва», трохпавярховы белы асабняк сярод маладых соснаў, выстрэльвала над іх цёмнай зелянінай сваёй светла-зялёнай вежачкай, як малады парастак.
Аліцыя і Юлька атрымалі два маленькія прыгожыя пакоі на трэцім паверсе. Адзіным іх недахопам было тое, што яны не былі звязаны паміж сабой.
Аднак несумненнай іх перавагай перад пакоямі другога паверха, куды засяліўся пан Янэк, трэба было прызнаць, як заўважыла Аліцыя, выдатны від на бязмежнае мора.
Першы паверх займалі: гасціная, сталовая і пакоі ўладальніцы вілы пані Чэрвеньскай, сімпатычнай пажылой дамы, удавы знакамітага піяніста.
Нягледзячы на тое, што быў канец чэрвеня, купальны сезон пачаўся, таму што лета было надзвычай спякотнае. Начамі, праўда, панаваў пранізлівы холад, а вечарамі вільготны туман праганяў людзей па дамах, але ўжо з паўдня пляжы стракацелі рознакаляровымі касцюмамі, піжамамі і парасонамі.
У «Гадзіве» толькі частка пакояў была да той пары занятая. На трэцім паверсе жыла жонка нейкага прамыслоўца з Катавіц і адвакат з Львова, пажылы ўжо джэнтльмен, на другім — балбатлівая землеўладальніца з-пад Каліша з дзвюма нябрыдкімі дочкамі, оперны спявак з Познані і два браты Тэрлінгі, маладыя яхтсмены, сыны амерыканскага консула ў Варшаве.
Гэтыя два лічылі сваім абавязкам прадставіцца ўсім, астатнія ж абмяжоўваліся абменам нейтральнымі паклонамі пры сустрэчы. А сустрэчы адбываліся даволі рэдка, таму што ў кожнай кампаніі быў свой распарадак дня.
Калі Аліцыя і Юлька ў восем раніцы спускаліся ў сталовую, яны заставалі там Друцкага, а бывала і Тэрлінгаў, якія хутка даядалі сняданак і спяшаліся на мора. Астатнія пансіянатаўцы часта спалі да адзінаццаці, значыць, да часу, калі Аліцыя, Юлька і Друцкі ўжо вярталіся з прагулкі і пераапраналіся на пляж. Абедалі ў чатыры. Пасля абеду Юлька павінна была, паводле прадпісання доктара, гадзінку паляжаць. Тады яна сумавала, ёй нават не хацелася чытаць.
Надвячоркам яны рабілі кароткія экскурсіі на лодцы, арандаванай маторцы або, калі былі надта высокія хвалі, на машыне. Аднак паколькі ў аўто было месца, акрамя Друцкага, толькі для аднаго чалавека, Аліцыя саступала яго Юльцы. Сама ж заглыблялася ў кнігі, якіх яна набрала з сабой шмат.
Юлька больш за ўсё любіла гэтыя хвіліны. Так, яна гадамі марыла пра марскія экскурсіі, і цяпер у яе іх было досыць. Сапраўды, яны атрымліваліся цудоўныя, але колькі ж хараства было ў гэтым фыркаючым руху машыны, гэтыя яго плаўныя, але рэзкія павароты пры нязначных рухах руля, на якім так свабодна, аднак упэўнена ляжала бронзавая, жылістая рука пана Янка.
Ён заўсёды так вёў машыну, адной рукой. Пры гэтым ён размаўляў, адварочваў галаву, смяяўся. Здавалася, што ён кіруе жывой істотай, якой цалкам давярае і ў майстэрства якой верыць. Спачатку Юльку часам агортваў страх, калі пан Янэк, апярэджваючы які-небудзь аўтамабіль, што валокся з рэкамендаванай хуткасцю, цудам праскокваў паміж ім і машынай, якая ехала па сустрэчнай паласе, калі, не тармозячы, нейкім незразумелым чынам ён вёў аўто цераз статак кароў, якіх гналі па цэнтры шашы.
Аднак пасля некалькіх такіх прагулак Юлька настолькі стала давяраць майстэрству пана Янка, што ні здрыганулася нават у самай крытычнай сітуацыі.
А здарылася яна наступным чынам.
На паўвостраве Хель чыгуначныя пераезды не забяспечаны шлагбаўмамі. Вадзіцеляў аўтамабіляў пра небяспеку засцерагаюць толькі дарожнымі знакамі і звонам лакаматыва.
Аднойчы на вялікай хуткасці яны з Друцкім убачылі, што справа набліжаецца поезд. Да пераезда было больш як дзвесце метраў, і лёгка можна было затармазіць, але пан Янэк зрабіў цалкам наадварот: ён дадаў газу і крыкнуў:
— Трымайся, малая!
Машыніст свісцеў і рэзка званіў, з адчыненых вокнаў поезда пачуўся гучны віск спалоханых падарожнікаў.
Аўто мчала на шалёнай хуткасці ў пункт, дзе павінна было сустрэцца з паравозам.
Юлька ні на момант не адчула страху: яна бачыла, што нічога дрэннага з ёй не будзе. Праўда, яна заўважыла, што твар яе таварыша засяродзіўся, што з яго вуснаў знікла ўсмешка, але які ж ён зараз быў прыгожы!
Жвір насыпу рэзкім парывам зазвінеў па крылах машыны, у спіну ўдарыла гарачае дыханне паравоза, і вось аўто пачало запавольвацца.
Юлька агледзелася: пасажыры поезда нешта крычалі, гнеўна размахваючы кулакамі.
— Пан Янэк! Яны нам пагражаюць! — з абурэннем усклікнула дзяўчына.
Друцкі спыніў машыну і таксама агледзеўся, што выклікала яшчэ больш актыўную жэстыкуляцыю ў вокнах. Поезд цяпер ішоў павольна, таму што відавочна машыніст у апошні момант затармазіў з намерам забраць ахвяр катастрофы.