Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Чорны цень прабег між намі. Мы былі і не сябры, але і не ворагі. Хаця я мог і памыляцца…
Ён не хацеў разумець галоўнай рэчы – я ненавідзеў не толькі яго, а і ў яго асобе ўсю царскую армію. А каго ненавідзіш, таму хочацца зрабіць зло. Стараўся зрабіць зло расейскай арміі, усяляк стараўся. Як? Займаўся пастаўкамі амуніцыі ці правіянтам. Дык навошта мне ўсё гэта аддаваць у рукі ненавіснікаў? Ноччу, пад покрывам цемры, добрая частка грузілася і адпраўлялася па тым адрасе, дзе за гэта давалі добрыя чырвонцы. Ты назавеш крадзяжом?
Не смейся, але я такім чынам змагаўся з царызмам, – разгойдваў яго сталпы, апоры. У гэтым я нават атрымліваў маральнае задавальненне: верным паслугачом царызму я не мог па той прычыне, што я паталагічна ненавідзеў яго, маючы ў душы патрыятычныя настроі і пачуцці.
Ты пытаешся ў мяне, як на гэта глядзела маё начальства? А яно і не глядзела, таму і не бачыла. Я ім уяўляўся зусім іншым -– балаболам і весельчаком, афіцэрам, у якога ў кішэні заўсёды былі лішнія чырвонцы. Адкуль яны былі ў мяне, не цікавіліся, а я гаварыў, што ў мяне багатыя бацькі. Так, прызнаюся, колькі разоў я дасылаў сваім бацькам грошы, чым вельмі здзівіў і абрадваў іх.
Начальства мяне любіла, я быў у іх на добрым рахунку. Не заўсёды яны вярталі пазычанае, таму і стараліся аддзячыць іншым. Зрабілі паперы і адаслалі імператару Мікалаю І, у якіх хвалілі мяне, узносілі да нябёсаў, які я выдатны і спраўны афіцэр. Прасілі заахвоціць мяне царскай міласцю. І што ж? Мне было аб’яўлена «высочайшее благоволение» імператара, і ў давесак да гэтага мяне ўзнагародзілі ордэнам Святога Станіслава. Во яно як, браце ты мой, здараецца і так.
О, калі расказваць мне пра свае прыгоды ў Рэвеле, то тысячы і адной ночы не хопіць, а ў мяне усяго адна ноч, ды і то вунь пачынае згасаць Вянера на небасхіле. То мая, дружа, зорка, яна мне заўсёды памагала ў маіх справах.
Стаміўся я вельмі. Можна, я трошкі памаўчу, сіл набяруся? Хоць колькі хвілінак драману…
……………………………………………………………
Ордэн Святога Станіслава адыграў добрую ролю ў маім жыцці.
Мяне неўзабаве, пасля двух год службы пад час вайны, пераводзяць і залічваюць у шат Генеральнага штаба. Я стаў слухачом Акадэміі генштаба. Бацька, даведаўшыся пра тое, ледзьве розумам не паехаў ад шчасця, – ён столькі гадоў марыў пра маю кар’еру.
Усе шляхі-дарогі вялі, дарагі мой Кастусь, да цябе. Нам самім Богам было наканавана сустрэцца і пасябраваць. Ці не так?
Вучоба ў Акадэміі генеральнага штаба – выдатны перыяд майго жыцця, насычаны, цікавы. Гэта там я займеў выдатных сяброў – будучых нашых правадыроў паўстання: Зыгмунта Серакоўскага, Яраслава Дамброўскага, Міхаіла Гейдэнрыха, харужага Ян Козел-Паплоўскага, рускага рэвалюцыянера-дэмакрата Уладзіміра Обручава.
Мы былі апантаныя і жыццярадасныя.
Але мы толькі гаварылі, спрачаліся. крытыкавалі, але ніхто з нас не прапаноўваў нічога канкрэтнага па пераўладкаванню жыцця. Пра рэвалюцыю мы яшчэ ўсур’ёз не гаварылі, толькі ўздыхалі па ёй, як закаханыя юнакі па сваёй абранніцы. У нашых галовах была каша, вінегрэт…
Гэта потым ужо, калі мы зламалі не адну сотню дзідаў у нашых спрэчках, выйшлі на пытанні гісторыі і права, адукацыі і праекты па абнаўленні яе, арганізацыя гурткоў і паўстанне… Наш гурток разросся да такіх памераў, што нам ужо было цесна ў яго межах. Папаўняўся не толькі ваеннымі з Пецярбургскага гарнізона, але і за кошт студэнтаў, юнакоў, якія не мелі пастаяннага занятку, але праглі дзейнасці. Нас ужо было каля сарака. Вось у той час ты і пераступіў пераступіў наш парог, Канстанцін. З першай сустрэчы, калі я ўбачыў цябе, пазнаёміўся, паглядзеў у твае вочы, сказаў пра цябе – непахісны. У спрэчках загартоўваліся будучыя правадыры паўстання – Міладоўскі, Падлеўскі, Юндзіл, Гейдэнрых, Станевіч, Агрызка, Кяневіч… З прыходам братоў Каліноўскіх у гурток мы пачалі распрацоўваць планы будучага паўстання.
Гурток ператварыўся ў Ваенны камітэт, які ўзначаліў Яраслаў Дамброўскі. Ужо на той час бурліла рэвалюцыйнае жыццё – маніфестацыі ў Польшчы, сялянскія хваляванні ў Расеі, і адначасова з імі і на нашых прасторах… Тады нечакана для для мяне я быў уключаны ў кіруючы камітэт. І разам са мной у яго ўвайшлі Міхаіл Гейдэнрых, Фердынанд Вароўскі і Андрэй Патабня. Вось з таго часу мы і пачалі ствараць рэвалюцыйныя арганізацыі сярод рускіх афіцэраў.