Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Дзякую, дзед Нікадым, – шчыра падзякаваў Вінцук, адчуўшы сама найбольш, мусіць тут, каля Чарадзея, якая небяспека яму пагражала.
Пачутае ўразіла, ашаломіла, хаця ён і здагадваўся, і ведаў, у якую багну трапіў. А словы мудрага старца раскрылі на ўсё вочы з поўнай існасцю і разуменнем. Ён тут жа прасунуў галаву ў шаўковую завязку – і срэбны крыжык лёг яму на грудзі.
Чараўнік вяла махнуў сухенькай рукой:
– Не трэба мне дзякаваць. Богу дзякуй. То з Яго ласкі ўсё мае быць... Малітва да Бога ў слове, а слова – ёсць Бог. А цяпер ідзіце з Богам – стаміўся я дужа. У маім жыцці вы апошнія, каму я аказваю помач... Больш да мяне ўжо ніхто не прыйдзе – згасаюць мае сілы, во на яго, Вінцука, хаця хапіла б...
Да іх нячутна падступіўся Міхасёк, стаў побач з дзедам, і як бы з дакорам сказаў:
– Я ж казаў дзеду Нікадыму, і дуб казаў асіне, каб не гнулася дужа пад ветрам... А вам трэба было трошкі раней прыйсці, як дзядуля быў дужэйшы...
Вінцук паглядзеў са здзіўленнем на маці – адкуль узяўся гэты хлапец у срэбным, як і дзед, адзенні, і пра якога дуба і асіну казаў? Дык то мо той Міхаська, унук яго, пра якога гаварыла маці і людзі ў вёсцы, што ў яго трошкі парушаны розум... Але ж і не скажаш, што ён дурненькі, як мовілі вяскоўцы, – і словы, і думкі ў яго правільныя, лагічныя... Тады ж чаму дзед не можа вылечыць яго, калі і сапраўды валодае незвычайнымі лекарскімі здольнасцямі?
– Не маглі мы, Міхасёк, раней, – адказала Мальвіна, папраўляючы пасмачку косаў, што зляцела на вочы, – ды і не думалі, што так яно ўсё абернецца. Думалі на добрае, а яно, бач, як павярнулася ўсё... Дык мы ўжо і пойдзем, дзядуля?
Нікадым ледзь-ледзь паварушыў рукой, але не здолеў ужо падняць яе, каб махнуць, дабраславіць на дарогу... І губы ў кудлатай барадзе толькі крануліся, не выпусціўшы слова: дзядок заснуў, як праваліўся ў бяздонне і не падаваў адтуль хаця б слабога голасу...
– Я правяду вас з Чорным, – падрадзіўся Міхаська і сам першы, разам з бацяном, пайшоў паперадзе. – Я ж казаў дубу, каб асіна дужа не гнулася пад ветрам... Бо яе ж можа вецер вырваць з коранем...
– Можа, Міхасёк, можа, – паддаквала яму Мальвіна, шкадуючы адначасова хлопца, што яму выпала такая горкая доля ў жыцці – што як не стане раптам Нікадыма, то куды ж яму падзецца, што станецца з ім? Бо дзед вунь як сябе пачувае – слабее і слабее з кожнай гадзінай, як і трымаецца яшчэ душа ў слабым целе?
Яны прайшлі гушчарняк, і Міхась застаўся з Чарняком на беразе, а Мальвіна і Вінцук пайшлі па кладках. Мальвіна яшчэ раз азірнулася, прамовіла да хлапчука:
– Бывай, Міхаська! Глядзі дзеда, ён дужа слабы!..
– Казаў жа і дуб асіне, а яна...
І – заплакаў. Як хаваў каго. Як праводзіў некага ў апошні шлях.
Як адышліся ад Нікадымавых уладанняў, Вінцук не вытрымаў, папытаўся ў маці:
– Як ты да яго дарогу знайшла? Мне б ніколі і не адшукаць...
– Таму і пайшла, сынок, з табою. Ведаю, што табе не да спадобы мая апека, бо ты думаеш пра сябе, што ты дарослы, што ўсё ведаеш, маеш свой розум і што сам выбіраеш свой шлях у жыцці, не любіш, калі хто ўмешваецца ў твае клопаты... Усё так, правільна. Але тут, сын, іншае. Тое ты з цягам часу зразумееш, калі не зразумеў сёння. Самі мы ніколі не выблыталіся б з чорнага павучыння вядзьмярства, таму і пайшлі да яго. Як знайшла? Я і не шукала яго. То дзед нас сам вёў да сябе. Думаеш, што ўсе, хто хацеў дабрацца да яго, даходзілі? Ды не, каго не хацеў бачыць Чарадзей, то ўказваў яму другую дарогу...
– Чаму?
– Значыць, чалавек недзе награшыў, быў не ў суладдзі з Богам, а грахі не замаліў. Дзед такім памагчы не мог... Цябе ж дзед прыняў, хаця, як я бачу, траціў на цябе апошнія сілы. Цяпер ад цябе ўсё залежыць, і мая апека больш не спатрэбіцца...
Вінцук нічога не сказаў, уздыхнуў, ківаючы згодна галавой, чакаў, калі маці ступіць крок, каб ісці далей.
«Божачка, памажы нам, памажы майму сыну!.. Адвядзі бяду ад нашай хаты, ад майго Вінцука, – прасіла жанчына дапамогі ў Вышняга, у сілу і міласэрнасць Якога верыла і спадзявалася... Няхай абміне нас бяда і няшчасце.. Наўчы мяне, Госпадзе, шляхам Тваім, і накіруй мяне на сцежку праўды... Злітуйся над намі, памажы!..»
Дадому прыйшлі як сонца ўжо сядала за лесам, свяціла ў спіны, яны наступалі на свае цені.
Куры, што сноўдалі па двары, чакалі, калі гаспадыня дасць ім корм, парсюк, пачуўшы іх, падаў голас.