Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 140
Перейти на страницу:

— Мы ніколі не ішлі супраць плыні жыцця, і нашы жрацы, пасля некалькіх гадоў службы, маглі ствараць сям'ю, — даводзіла яна. — Дый, урэшце, у візантыйскім, усходнім хрысціянстве таксама не патрабуюць такіх ахвяраў. Там, у Новагародку, нашы баяры ў асноўным грэчаскай веры, але многія з іх не забываюць і сваіх багоў.

— А як прынялі яны тое, што твой бацька хрысціўся па рымскім абрадзе? — знянацку запытаўся айцец Тамаш, як бы прапусціўшы гэтае «сваіх».

Жывена здрыганулася.

— Каго ты называеш маім бацькам? — углядаючыся ў рухавага, па-маладому ўсмешлівага святара, запыталася яна.

— А хіба кароль Міндоўг не твой бацька? — пытаннем на пытанне адказаў ён. — У Залатым Палацы ты назвала сябе дачкой новагародскага караля.

Жывена маўчала. Потым яна ўзяла за руку Святазара і пайшла наперад па камяністай дарозе, адглянцаванай за многія гады нагамі бясконцых паломнікаў.

— Ты таму і суправаджаеш мяне, святы айцец? — запыталася яна.

— Хаця твой бацька і не спадзяецца тут сустрэцца з табой, усё ж ён даведаецца пра цябе. Хаця ён валодае не надта вялікай краінай, у Рыма няма большых ці меншых сыноў. Усіх мы любім, усіх прымаем як братоў у Хрысце, — сур'ёзна адказаў Тамаш. — Але чаму гэта цябе крыўдзіць, золатавалосая дачка караля балтарусаў?

— Я не дачка караля, шаноўны святар. Шкада, але я толькі ўнучка яго прыдворнага. А назвалася ягонай дачкой, каб выратаваць і сябе, і чалавека, які зрабіў мяне знатнай царгародскай дамай.

— Але ты чакаеш Міндоўга тут, у Рыме?

— Я спадзяюся, што кароль не адмовіць унучцы яго былога радцы — узяць з сабой на радзіму. І толькі.

Святар Тамаш доўга глядзеў на яе. У яго поглядзе з'явілася ўсмешка:

— Ты ўсё роўна мне падабаешся, Жывена-Ефрасіння. Святы Дух несумненна падарыў табе сваю іскрынку, а гэта — вялікі дар.

Яны зноў пайшлі па дарозе каля старога храма багіні Весты, і Жывена зноў здзівілася таму, як падобныя абрады ў розных, але, аказваецца, надта падобных багінь. У свяцілішчах Зніча таксама гарэў незгасальны агонь, і жрыцы павінны былі быць цнатліўкамі. Калі ж згасаў той агонь, віноўных чакала смерць…

— Дык ты адмаўляешся ад таго, каб цябе прымалі тут як дачку караля? — зноў перапытаў яе Тамаш, калі яны развітваліся. — Падумай добра. Мне здаецца, што ты сказала няпраўду не там, у Залатым Палацы, а тут, сёння.

І ён пранікліва ўгледзеўся дзяўчыне ў вочы. Але яна цвёрда зірнула на яго:

— Якая б ні была мая праўда, я сказала табе тое, што хацела сказаць. І досыць пра гэта!

* * *

— Юр цябе разбяры! — Міндоўг стукнуў кулаком у далонь левай рукі. — Ты што, з таго свету ці з гэтага?!

Ваявода Астафій Канстанцінавіч, які, седзячы ў кутку, гучна чытаў «Псалтыр», упусціў кнігу на калені і ўтаропіўся ў Жывену.

— Унучка баярына Агапія?!

Баяры і слугі Міндоўга таксама на ўсе вочы глядзелі на маладую жанчыну ў белай доўгай сукні, якая, трымаючы за руку маленькага хлопчыка, увайшла ў вялікі пакой ватыканскай гасцініцы і схілілася перад князем, цалуючы ягоную руку.

— Гэта я, вялікі князь і кароль, я, унучка Агапія і твая падданая… А гэта мой сын Святазар.

Міндоўг пільна ўзіраўся ў яе, і яна, нібы адказваючы на ягонае нямое запытанне, яшчэ раз паўтарыла:

— Як унучка твайго былога радцы, прыпадаю да тваіх ног з просьбай узяць мяне з сынам пад сваю абарону і дазволіць разам з тваімі баярамі і пасольствам вярнуцца на родную зямлю.

— Адкуль ты? Што з табой адбылося? І якія шляхі прывялі цябе сюды, у Вечны горад?!

Рука ў Міндоўга была гарачай, пакручастыя вены на ёй здаваліся амаль чорнымі. Твар князя схуднеў, пышная грыва на галаве пабялела, але ўчэпіста-ўладнымі заставаліся зеленаватыя вочы пад кусцістымі бровамі.

— Я раскажу ўсё, вялікі князь і кароль. Але і ты скажы мне — што з маёй цёткай Апфіяй?

…Цэлы вечар, як казку, слухалі баяры аповед Жывены. Аднаго не сказала яна — што назвалася дачкой Міндоўга. І, мабыць, пра тое не сказалі і папскія слугі, якія сустрэлі пасольства ў Рыме. Іх ужо не цікавіла простая падданая новагародскага караля, што шукала ў яго прытулку.

Міндоўг пакінуў яе ў ватыканскай гасцініцы, і гэта нікога не дзівіла: многія з тых, хто прыехаў у Рым, памяталі Агапія, ведалі яны і ягоную любую ўнучку. А праз тры дні паклікаў яе да сябе разам са Святазарам. На гэты раз у пакоі нікога не было, і Жывена, чакаючы, пакуль прыйдзе князь, змагла ацаніць залаціста-пунсовыя роспісы на сценах, крэслы венецыянскай работы — з разьбянымі ручкамі з чорнага пазалочанага дрэва, са спінкамі ў выглядзе кветак лілеі, а таксама бледна-ружовыя дываны, якімі была заслана падлога.

1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)