Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Міндоўг зайшоў у пакой заклапочаны, нервова пацепваючы плячыма. Сеў, моўчкі разглядаючы дзяўчыну. І запытаўся няласкава:
— Як думаеш жыць, калі вернемся?
— Як павядзе Лёс.
— Лёс! Яго куюць моцныя, а слабыя скрыгочуць зубамі, спрабуючы ўкусіць кавалак ад чужога банкуха.
Памаўчаў.
— Ты сама расказала, як ратавала Святазара. Тады паклікала сэрца, але цяпер… нашто табе чужое дзіця? Я загадаю, і яго адвязуць у Прагу. Там знойдуцца сваякі, і яно застанецца тым, кім нарадзілася — купецкім сынам.
— Чым жа маё дзіця перашкаджае новагародскаму каралю?
Зеленаватыя вочы Міндоўга прымружыліся, рот расцягнуўся ў знаёмай усмешцы — моцныя белыя зубы, гатовыя клацнуць на неслухмянага.
— Сярод вяльможаў, з якімі мяне тут знаёмілі, ёсць малады граф з Венецыі — Марка Франкеці. Яго род багаты, славуты і прыняты ў Ватыкане.
- І што ж?
— Я мог бы быць добрым сватам. Думаю, што і граф, убачыўшы цябе, не застаўся б раўнадушным. А мне не шкодзіла б мець тут, у сэрцы Захаду, зяця, які дапамог бы Новагародскай зямлі ў цяжкую хвіліну.
— Ты хочаш прызнаць мяне сваёй дачкой?
— Чаму б і не? Хіба гэта не гонар для цябе?
Святазар, нібы разумеючы цяжар, што наваліўся на сэрца ягонай прыёмнай маці, падбег да яе, уткнуўся ў калені, засакатаў на сваёй, яшчэ незразумелай мове, як бы суцяшаючы.
Міндоўг чакаў адказу, усмешка яго была прыязна-хітраватай, але ў вачах не было цяпла. Убачыўшы, што яна збіраецца з думкамі, загаварыў зноў, як бы заклікаючы яе да сумесных разваг:
— Я сяджу тут ужо два тыдні — наўмысна трымаюць тут святыя айцы, каб чытаў пацеры і каяўся. Мне ўжо здрадзілі саюзнікі, з якімі хадзіў пад возера Дурбе. А табе… табе не варта вяртацца ў Новагародак. Княгіня Марта як бы празнала нешта, яна двойчы пыталася пра цябе, а гэта дрэнны знак. Убачыўшы цябе жывою, яна не супакоіцца. Яе… нашым дзецям патрэбнае ўсё княства. Усё! Нават Войшалк стаіць у яе… у нас на дарозе. Яму хочацца быць вялікім князем, які аб'яднае вакол Новагародка Літву, Жамойць, Куронію, Нальшчаны, Дзяволтву — усіх, каго прыціснуў сваім мячом я, а не Войшалк!
Ён зноў глянуў на яе амаль умольна:
— А ты станеш венецыянскай графіняй. Ператворышся ў дыямант, які быў простым алмазам. Я ж хачу дабра табе, бо не чужая ты мне, і лёс твой мяне хвалюе. Тут добра. Нам не параўнацца пакуль з гэтымі землямі, дзе столькі стагоддзяў набіралася багаццяў з усяго свету. Ну, што ты маўчыш?
«Якія бедныя словы, — думала яна. — Як доўга і, відаць, беспаспяхова тлумачыць, чаму не хачу заставацца тут, у Рыме, як не жадала застацца і ў Цар-горадзе».
— А ты, вялікі князь… ты застаўся б тут навечна?
Ён як спатыкнуўся.
— Я? Але мы гаворым пра цябе.
— А ты адкажы спачатку на маё пытанне. Далі б табе тут графства, альбо вось я прапанавала б застацца тут, са мной, з маім магутным мужам. І табе па-ранейшаму кланялася б варта, перад табой схіляліся лісліўцы і спявалі песні гусляры…
— Я — воін! І прывык адчуваць свой меч у ножнах, слухаць, як ён спявае ў бітве! А пасля дзяліць палон, і кідаць Агню ахвяры!
— А я, твая дачка, прывыкла ляцець на кані праз даліну і прашываць яе бегам, як іголка з рыбінай косткі прашывае палатно! І плыць уначы ў свяшчэнным возеры і размаўляць з русалкамі! Іх тут няма, бацька, тут чужыя багі, і я не разумею іхнюю мову!
Як клінкі, скрыжаваліся іхнія позіркі — зазвінела цішыня, рыпнула адламаная Міндоўгам ручка крэсла. Ён зірнуў на львіную галаву ў сваёй руцэ і раптам зарагатаў:
— Ат, Юр цябе разбяры! Упартая! Як цяпер перад папам апраўдвацца будзем за ягонага звера?
Яна таксама ўсміхнулася, але не расцяла далоні, якімі моцна абхапіла ручкі свайго крэсла.
— Ну, аціхні. Не хочаш — не буду прымушаць. Ты і так у мяне разумніца… Правільна адказала тут, хто ты і што ты. Я сам ва ўсім разбяруся. Гэтыя задачкі, што нам з табой жыццё дало, складанейшыя за іншыя, але ж у варцобы Жыцця гуляюць і не такія, як я…
Змерыў позіркам ейную постаць.
— Каб не ведаў, што ты мая дачка, то яшчэ і сам бы мог… заглядзецца. Гожая ты ў мяне, надта гожая…
Яшчэ памаўчаў, б'ючы кулаком у далонь левай рукі.
— А як не захацела быць венецыянкай, то будзе гэтак: выйдзеш з гэтага пакоя і забудзешся, аб чым мы тут меркавалі. І хто ты, забудзешся таксама. Згода?
Як пераламалася ільдзінка ў ягоным голасе. Жывена ўстала, прама зірнула ў ягоныя вочы:
— Кажуць, гэта ў чалавечых звычаях — любіць сваіх дзяцей. Але мне гэтага не далося; не ведаю, як любіць маці. І як бацька — таксама. Праўда, дзед любіў мяне — ён і быў мне бацькам. Так што, вялікі князь, няма на што мне забывацца…