Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Спадарычня, – узмаліўся ён, – вашамосьць не ацалілася, і мне загадана адмыслова даглядаць за вашэцяй. Паньне варта ляжаць у ложку яшчэ цягам сямі дзён, так мне сказалі. Малю вашамосьць, вярніцеся да свайго пакою!
– Я ацалілася, хоць бы й толькі целам, апрача адной левай рукі, і тая мне не перашкаджае. Але ж духам захварэю зноў, калі застануся бяз справы. Ці ёсьць якія весткі пра вайну? Мая даглядчыца нічога ня кажа.
– Няма навінаў. Правадыры мінулі Моргульскую даліну. Людзі кажуць, што новы гетман з Поўначы – іхні агульны ачольца. Ён вялікі правадыр і лекар, і дзівосна, што рука, здольная ацаляць, таксама й трымае меч. Цяпер ня гэтак у Гондары, хоць раней і здаралася, калі верыць старым паданьням. Бо ўжо доўгія гады мы, лекары, мусім толькі выпраўляць пашкоджанае мечам. Хоць хапіла б нам працы й бяз гэтага, бо ў сьвеце стае ліха й небясьпек, і ня трэба яшчэ й войнаў, каб памнажаць іх.
– Аднога ворага хопіць, каб нарадзіць вайну, спадару кашталяне, – запярэчыла Эявін. – I тыя, хто ня мае меча, усё-ткі могуць памерці на ім. Ці хацеў бы спадар, каб народ Гондару зьбіраў толькі зёлкі, пакуль Чорны Ўладар зьбірае войскі? I не заўжды лепшае – ацаліцца целам. I не заўжды бяда – памерці ў бітве, хоць бы ў жорсткім болю. Калі б мне дазволілі, у гэты час я абрала б апошняе.
Кашталян зірнуў на яе: высокая, вочы палаюць на зьбялелым твары, рукі сьціснуліся ў кулакі, як зірнула ва ўсходняе вакно. Памаўчаўшы крыху, павярнулася да лекара зноў.
– Няўжо для мяне няма справы? Хто ачольвае гэты горад?
– Дакладна ня ведаю. Ня мой гэта клопат. Над вершнікамі Рохану ёсьць маршалак, а гаспадар Хурын, як мне казалі, ачольвае людзей Гондару. Але паводле права гаспадар Фарамір – намесьнік гораду.
– Дзе мне адшукаць яго?
– У гэтых Сядзібах, мая панна. Ён быў цяжка паранены, але зараз ацаляецца. Але ж я ня ведаю...
– Ці не загадае пан прывесьці мяне да яго? Тады й даведаецца.
Самотны намесьнік Фарамір шпацыраваў па садзе Сядзібаў Ацаленьня. Сонца сагравала яго, і ён адчуваў, як жыцьцё нанова струменіць па жылах. Але ж на сэрцы ляжаў цяжар, прымушаў пазіраць за мур, на ўсход. Падышоў кашталян. Фарамір азірнуўся, і перад ім паўстала панна Эявін Роханская, і жаль уразіў ягонае сэрца, бо ўбачыў і зразумеў: яна параненая й бядуе ад смутку й непакою.
– Гаспадару мой, – вымавіў кашталян, – перад вашамосьцю панна Эявін Роханская. Разам з каралём яна прыйшла сюды й была цяжка параненая, а зараз пад маёю апекаю. Але ж не задаволеная й жадае перамовіць з намесьнікам гораду.
– Зразумейце слушна, вашамосьць, – азвалася Эявін. – Не недахоп догляду ці шанаваньня турбуе мяне. Няма месца лепшага для таго, хто прагне хутчэй ацаліцца. Проста я не магу ляжаць у лайдацтве, бяз справы, у клетцы. Я шукала сьмерці ў бітве, але выжыла, а бітва яшчэ йдзе.
На Фараміраў знак кашталян пакланіўся й сышоў прэч.
– Што я магу зрабіць для вашамосьці, мая панна? – спытаў Фарамір. – Я таксама вязень лекараў.
Зірнуў на яе, і таму, што глыбока кранаў яго жаль, яму падалося, што яе хараство ў горы працінае сэрца. А яна глянула на яго, і пабачыла суворую пяшчоту ў вачох, і разам з тым зразумела, народжаная сярод ваяроў, што аніводны зь вершнікаў Рохану не пераўзыдзе ў бітве таго, хто стаіць перад ёю.
– Чаго жадае панна? – перапытаў ён. – Калі тое ў маёй моцы, я выканаю.
– Я хацела б, каб вашамосьць загадаў кашталяну адпусьціць мяне, – і хоць яшчэ ганарыста гучалі словы, сэрца панны скаланулася, і ўпершыню яна засумнявалася ў сабе. Бо здагадалася, што гэты высокі чалавек, суворы й добры, падумаў, напэўна: яна капрызнае малое, якое не зьбярэцца зь сіламі выканаць нудотны абавязак.
– Сам я пад кашталянавым доглядам і ўладаю, – адказаў Фарамір. – I не прыняў яшчэ кіраўніцтва горадам. Аднак нават калі б і прыняў, я ўсё-ткі прыслухоўваўся б да ягоных парадаў і не пярэчыў бы яму ў пытаньнях ягонага майстэрства, хіба толькі з прычыны вялікай патрэбы.
– Я не жадаю ацаленьня. Я прагну ехаць на бітву, як брат мой Эямэр ці, лепей, як кароль Тэядэн, бо ён загінуў, набыўшы гонар і спакой.
– Надта позна, мая панна, ехаць за правадырамі, нават калі б у вашамосьці стала на тое моцы. А сьмерць у бітве яшчэ можа прыйсьці да ўсіх нас, жадаем мы таго ці не. Лепей падрыхтавацца да яе, як спадарыні падаецца найлепш, а пакуль ёсьць час, слухацца лекараў. Панна й я мусім цярпліва трываць гадзіны чаканьня.
Яна не адказала, але ён заўважыў: нешта ў ёй памякчэла, нібы жорсткі лёд паддаўся першаму слабому подыху блізкай вясны. Сьляза пабегла па шчацэ бліскучаю дажджавою кропляю. I зірнула яна ўжо ня так ганарыста, і апусьціла вочы. Вымавіла ціха, быццам болей сабе, а не яму: