Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 150
Перейти на страницу:

– I ня толькі для Фрода з Сэмам, але й для цябе, Піпіне, – азваўся Гімлі. – Даражэнькі ты для мяне, хоць бы за тое, чаго мне каштаваў. Аніколі не забудуся. Таксама й таго, як адшукаў цябе на полі апошняй бітвы. Каб ня гном Гімлі, так ты й згінуў бы там. Усё ж, я ведаю, як выглядае хобіцкі ступак, а гэта ўсё, што тырчэла з-пад кучы целаў. А калі я адваліў зь цябе тую тушу, думаў – мёртвы, няйначай. Ледзь бараду тады зь сябе не папавыдзіраў. Сёньня ж толькі дзень, як ты ачомаўся й стаў на ногі. Такім чынам, у ложак! I я таксама.

– А я пашпацырую ў лясох гэтай сьветлай зямлі, і тое для мяне найлепшы адпачынак, – вымавіў Ляголас. – Калі гаспадары мае дазволяць, я запрашу частку майго народу сюды, і калі мы прыйдзем, на некаторы час край добраславіцца – на месяц, на чалавечае жыцьцё, на сотні чалавечых гадоў. Але ж надта блізка тут Андуйн, і ён вядзе да мора. Да мора!

Да мора, да мора! Там белыя кірлі галосяць, Хвалі ды вецер суворы пену белую носяць. На Захад, на Захад сонца рудое імкнецца. Шэры човен, ці чуеш, як па-над морам нясецца Братоў маіх покліч, што да мяне адплылі? I я пакіну лясы, якія мяне нарадзілі.
Бо выцеклі нашы гады і нашы вякі станчэлі, Самотных праз воды кону нас панясуць карабелі Туды, дзе доўгая хваля на бераг апошні імкнецца, Дзе заклік салодкі ад Страчанай Выспы нясецца. О, Эрэсэя, край несьмяротны, вечнага лета краіна, Дом пракаветны, дзе заўжды нас чакае радзіна!

Так сьпяваючы, Ляголас спусьціўся па схіле.

За ім і астатнія разышліся, і Фрода з Сэмам вярнуліся да ложкаў і паклаліся спаць. А раніцаю падняліся ў спакоі, абнадзееныя, і прабавілі яшчэ шмат дзён у Ітыльёне. Бо Кармаленскае поле, дзе стаяла лягерам войска, ляжала непадалёк ад Хэнет Ануну, і па начах чуваць былі сьпевы ручаю, што струменіў ад ягоных вадаспадаў праз скалістую цясьніну й далей, скрозь лугі ў квецені да плыняў Андуйну ля выспы Кайр Андрас. Хобіты шпацыравалі тут і там, наведвалі мясьціны, якія праходзілі раней, і Сэм заўжды спадзяваўся ў якім лясным ценю ці таемнай палянцы хоць бы адным вочкам заўважыць вялізнага аліфаўнта. А калі даведаўся, што пры аблозе Мінас Тырыту мноства гэтых зьвяроў вынішчылі, засмуціўся ад такой горкай страты.

– Ну, нельга ж адразу паўсюль пабываць, – суцешыў сябе нарэшце. – Аднак, падаецца, я шмат прапусьціў.

Войска нарэшце падрыхтавалася да вяртаньня ў Мінас Тырыт. Стомленыя адпачылі, параненыя ацаліліся. Бо некаторым давялося шмат працаваць і біцца з рэшткамі ўсходнікаў і паўднёвікаў, пакуль усіх іх не падпарадкавалі. Апошнімі ж вярнуліся тыя, каго паслалі ў Мордар вынішчаць крэпасьці на поўначы таго краю.

Нарэшце, калі ўжо наблізіўся травень, правадыры Захаду выправіліся. Усё войска пасела на караблі й адплыло па Андуйне да Азгіліяту. Там засталіся на дзень, а назаўтра выйшлі на поле Пеленару ды зноўку пабачылі белыя вежы пад высокім Міндолуйнам, горад людзей Гондару, апошнюю памяць Захаду, якая крочыла зь цемры й полымя да новага дня.

I перад ім пасярод зеляніны поля разьбілі намёты, каб дачакацца раніцы, бо раніцаю надыходзіў травень, і кароль жадаў уступіць у горад зь першымі промнямі сонца.

5. Намесьнік і кароль

Сумнеў навіс над горадам Гондару ды вялікая вусьціш. Сонца й чыстыя нябёсы, здавалася, кпілі зь людзей, бо будучыня абяцала няшмат надзеі, і кожны новы ранак поўніўся чаканьнем жудасных зьвестак. Гаспадар места загінуў спалены, у цытадэлі ляжаў і мёртвы кароль Рохану, новы ж кароль, які прыйшоў уночы, выправіўся, каб ваяваць сілу чорную й жудасную, мацнейшую за ўсё, што магчыма адолець зброяй ці адвагай. I навінаў ад яго не было. Пасьля таго як войска мінула Моргульскую даліну й рушыла на поўнач пад ценем гор, аніводны ганец не прыбыў у горад і ніводная чутка не даляцела пра тое, што робіцца на злавесным усходзе.

Праз два дні ад сыходу правадыроў Захаду панна Эявін папрасіла жанчыну, што даглядала яе, прынесьці адзеньне, узьнялася з ложка, ня церпячы пярэчаньняў і, калі яе апранулі й замацавалі руку на пятлі з палатна, выправілася да кашталяна Сядзібаў Ацаленьня.

– Пане вяльможны, – абвесьціла яму, – я ў вялікім непакоі й не магу адлежвацца ў ляноце.

1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)