Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 174
Перейти на страницу:

– Куды ж мы накіруемся зараз, Сьмеяголе? – спытаў Фрода. – Мы абавязкова мусім перасякаць гэтую смуродную дрыгву?

– Не, зусім не, – адказаў той. – Не, калі хобіты жадаюць па-сапраўднаму хутка сягнуць чорных гор ды пабачыць яго. Крыху назад, крыху абысьці, – ягоная схуднелая рука махнула на паўночны ўсход, – і патрапіце на халодныя, цьвярдыя дарожкі проста да самых брамаў ягонай краіны. Процьма ягонага народцу там чакае гасьцей і надта парадуецца, калі даставіць іх да яго. Такс, таксс! Ягонае Вока ўвесь час туды й пазірае. Там яно й злавіла Сьмеяголя, даўно, вельмі даўно. – Глыкс здрыгануўся. – Але Сьмеяголь з тых часоў навучыўся карыстацца вачыма, таксс, карыстацца вачыма й носам. Я ведаю іншыя шляхі. Цяжэйшыя, не такія хуткія, але ж лепшыя, калі не жадаеце, каб ён пабачыў. Хадзіце за Сьмеяголем! Ён правядзе вас праз багны, праз туманы, добрыя густыя туманы. Ідзіце асьцярожна за Сьмеяголем і, можа, пройдзеце доўгі-доўгі шлях да таго, як ён зловіць і вас, таксс, мажліва, таксс.

Ужо распачаўся дзень. Распалілася сумная, бязьветраная раніца, і балотавы смурод павіс цяжкімі, шчыльнымі аблокамі. Аніводны сонечны прамень не працяў нізкае покрыва хмараў, і Глыкс чамусьці захацеў прайсьці яшчэ колькі. Таму пасьля кароткага адпачынку рушылі зноў і неўзабаве цалкам згубіліся ў маўклівым засмужаным сусьвеце, адрэзаныя ад усяго, ня бачачы ані пагор'я, якое пакінулі, ані гор, да якіх імкнуліся. Крочылі павольна, ланцужком: Глыкс, Сэм і за імі Фрода.

Той быў стомлены болей за ўсіх і, хоць перасоўваліся зусім ня хутка, часта адставаў. Хобіты неўзабаве высьветлілі, што бачная ад гор роўная аднастайная багна – насамрэч бясконцы лябірынт азёрцаў, хлюпкай дрыгвы й пакручастых, часам ледзь бачных пратокаў. Сярод іх спраўны пагляд і асьцярожная нага маглі знайсьці апору й праход. Глыкс, безумоўна, валодаў і такім паглядам, і такой нагой. Галава ягоная на доўгай шыі ўвесь час матлялася з боку ў бок. Ён прынюхваўся й няспынна мармытаў пад нос. Час ад часу падымаў руку, загадваючы хобітам спыніцца, а сам паціху прасоўваўся наперад, скурчыўшыся, правяраючы глебу перад сабою пальцамі рук ці ног або ўпрост прыслухоўваючыся, прыклаўшы адно вуха да зямлі.

Нудотная была вандроўка й стамляльная. Халодная, воглая зіма яшчэ валодала гэтым забытым краем. Адзінай яркай плямай у відарысе зьзяла зялёная цьвіль на цёмнай бруднай паверхні калюжынаў і азёркаў. Мёртвая трава й гнілыя чараты тырчэлі скрозь туманы дранымі прывідамі даўно прамінулага лета.

Цягам дня крыху пасьвятлела, туманы прыўзьняліся, патанчэлі й зрабіліся больш празрыстымі. Далёка ў вышыні, па-над гнілізною й выпарэньнямі зямлі, кацілася залатое сонейка ў прыгожым каралеўстве над паверхняю аблокаў, але ўнізе, пад імі, рысаваўся адно толькі бледны ягоны прывід, пазбаўлены цеплыні й фарбаў. Але нават ад такога слабога нагадваньня пра сонца Глыкс крывіўся й уздрыгваў. Нарэшце спыніўся, і вандроўнікі адпачылі, сьціснуўшыся, нібыта маленькія зьвяркі, якія хаваюцца ад паляўнічых, ля краю густых зарасьцяў вялікага рудога чароцішча. Цішыня вісела паўнюткая, толькі рыпелі зьлёгку, калыхаючыся, кранаючы адна адну, пустыя безнасенныя верхавіны чароцінаў дый паламаныя ліставіны паскрыготвалі на няўлоўным ветрыку, якога хобіты нават не адчувалі.

– Ані птушкі, – вымавіў Сэм сумна.

– Не, няма птушакс, – пацьвердзіў Глыкс. – Цудоўных птушакс! – ён аблізнуўся. – Няма птушакс. Зьмеюкі, чарвякі, усялякае кузурства ў лужынах. Мноства пачварак, гідкіхх, гідкіх пачварак. А птушаксс няма, – ён сумна ўздыхнуў.

Сэм зірнуў на яго з агідаю.

Гэтак сканаў трэці дзень іхняй вандроўкі з Глыксам. Яшчэ да таго, як у шчасьлівейшых мясьцінах зьвечарэла, падарожнікі рушылі зноўку, брылі й брылі, прыпыняючыся ўсяго на некалькі хвілінаў. I тое не для адпачынку, а праз тое, што Глыкс, хоць і ішоў асьцярожна, сам часьцяком ня мог адшукаць праходу. Бо знаходзіліся ўжо ў самым сэрцы Мерцьвяковых багнаў і было цёмна.

Хобіты крочылі павольна, нахіляючыся, трымаючыся блізка адзін да аднога, уважліва паўтараючы ўсе Глыксавы рухі. Багны трапляліся больш вільготныя, неабсяжныя прасторы займала зусім гразкая застойлая дрыгва, і ўсё цяжэй адшуквалася месца, дзе нага не правальвалася б у булькотлівы глей. Добра, што вандроўнікі ня мелі цяжару паклады й самі былі лёгкія, а тое наўрад ці здолелі б прайсьці.

1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)