Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Зоська круцілася па кватэры, напаўняючы яе сваім маладым голасам і пахам свежавымытага паркалю. Здавалася, яна напаўняла сабой паветра, з’яўлялася сэнсам і зместам таго, што Друцкі называў сваім домам. Ён сачыў за ёй вачыма, а калі іх позіркі сустракаліся, яны ўсміхаліся адно аднаму.
Калі Зоська ставіла перад ім кубак, падавала піжаму ці які-небудзь іншы прадмет, яна не пазбягала міжвольнага дакранання яго рукі, чапляння за яго плячом ці бядром.
Тады Друцкі сціскаў зубы, але не рабіў нічога, што магло б выпадковасць і ненаўмыснасць гэтых дакрананняў так ці інакш змяніць. Ён ведаў, што гэта малая яго вельмі любіць, але таксама быў упэўнены, што яна не ўсведамляе сваёй гуллівасці, якая была хутчэй натуральнай рысай яе сталення, чым прагай звярнуць на сябе ўвагу.
— У вас зусім не бывае гасцей, — некалі сказала яна, — толькі гэта прыгожая дама.
— Ты яе бачыла?
— Ды ці раз? Прыгожая, бо прыгожая, але…
— Яна табе не спадабалася?
— Ці мала што мне падабаецца? Так…
Друцкі падумаў, што яна раўнуе, і спытаўся:
— Ну, скажы, малышка, што ты там у ёй убачыла?
Зоська моўчкі сцерла са стала, занесла паднос на кухню і, вярнуўшыся, прамармытала:
— Яна, відаць, вельмі злая.
— Чаму ты думаеш, што злая?
— Не ведаю. У яе вочы такія. Калі я на днях адчыняла вам вароты, то яна на мяне так паглядзела, быццам я ў яе штосьці ўкрала.
— Табе здалося.
— Можа… Добры чалавек на кожнага пазірае добра. А яна і на вас добра не глядзіць.
Друцкі рассмяяўся.
— Вы не смейцеся. Упервае ў вас зенкі, бо кахае вас, а гэта ж нешта іншае.
— Чаму табе, мая малышка, прыйшло ў галаву, што гэта жанчына мяне кахае?
— А што я, дурніца? Я ж бачу. Яшчэ б яна вас не кахала!
Зоська наліла свежай вады ў вазу і сказала:
— Вы ўсіх прыцягваеце. З усяго дома. Кожны выпытвае і гэта, і тое. А я кажу: спытайцеся ў яго самога. І ўсё.
Друцкі вырашыў перад ад’ездам зрабіць Зосьцы які-небудзь падарунак. Паколькі яна ўпіралася, не брала ў яго на чай, а ён хацеў ёй аддзячыць, то, дыктуючы панне Тэці тэлеграму ў пансіянат «Гадзіва», ён спытаўся:
— Што б гэта ўручыць падлетку, дачцэ вартаўніка, якая ў мяне на гаспадарцы?
Друцкі ў некалькіх фразах апісаў, што яна з сябе ўяўляе, і Тэця параіла, каб у адной з ашчадных кас ён палажыў грошы, а малой даў ашчадную кніжачку.
Друцкі прыслухаўся да яе парады і ўжо назаўтра зранку прамовіў:
— Слухай, Зоська, ты збіраешся замуж?
— А чаму вы пытаецеся?
— Ну, бо хацеў бы даведацца, ці маеш пасаг.
— Маю, — засмяялася дзяўчына, выцягваючы перад сабой рукі, — вось мой пасаг!
— Ну, дык я табе да яго яшчэ нешта дадам. Вазьмі гэтую кніжачку, а калі ў цябе будуць зберажэнні, занясі туды і пакладзі.
Зоська недаверліва ўзяла кніжачку, агледзела яе і, не ведаючы, што гэта, сказала:
— Дзякуй!
У той дзень у Друцкага было шмат работы. Найперш ён купіў чыгуначныя білеты для Аліцыі і Юлькі, потым ён павінен быў заехаць па пані Лэнску і забраць яе на абяцаную прагулку.
Да бедалажкі ўсё не вяртаўся голас, але настрой яе значна палепшыўся. З вясёлым тварам яна слухала пацешныя жарты Друцкага. Ён якраз быў вымушаны прыпыніць аўто на скрыжаванні Брацкай з Алеямі Іерусалімскімі. Друцкі расказваў пра новыя пасяленні ў Бразіліі, дзе, нягледзячы на неразвіты рух транспарту, паставілі паліцэйскіх, каб яго кантраляваць, як на тратуары ўбачыў Аліцыю, якая праходзіла міма.
Яна не магла іх не заўважыць, аднак зрабіла выгляд, што не бачыць яго. Так яму, па меншай меры, падалося.
І ён не памыліўся. Калі гадзінай пазней ён прыехаў на Тапалёвую, то заспеў Аліцыю за пакаваннем чамаданаў. Юлькі не было, яна пайшла развітвацца з сяброўкамі. Друцкі павітаўся і прапанаваў сваю дапамогу. Аліцыя ветліва падзякавала яму, але з непрыхаваным холадам. Праз момант, калі ён у маўчанні курыў, яна загаварыла:
— Што ты сёння рабіў?
— Я? Ну, купіў для вас білеты, уладзіў некалькі спраў, крыху праехаўся на аўто — і вось я тут.
Ён наўмысна не ўспамінаў пра іх сустрэчу. Хацеў ведаць, ці спытаецца яна ў яго пра гэта і як.
— Цалкам прыстойная жанчына, — пачала Аліцыя праз хвіліну.
— Што за жанчына?
— Ну, ты ж, мабыць, лепей за мяне ведаеш, што за яна.
— Магчыма, Аль, не ведаю толькі, пра каго ты гаворыш.
— Пра жанчыну, якая… дапамагала табе ўладзіць некалькі спраў і разнастаіць паездку.