Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 107 108 109 110 111 112 113 114 115 ... 140
Перейти на страницу:

Яна часта затрымлівалася тут і, узіраючыся ў сцены, на якіх шчыравалі муралеі, задумвалася над тым, што дасць гэтая дзяржава для Новагародка? Зноў падтрымае яго рыцарамі Ордэна, якія звысака глядзяць на новаспечанага караля балтарусаў, гатовыя ў любы момант пакінуць яго і зноў выступіць супраць? Дый, зрэшты, ён такі ж самы — парваў з Ордэнам і вярнуўся да язычніцтва, на радасць воінам і сваякам з Куроніі, Земігаліі, Жамойціі, - так, сваякам, бо доўгія гады былі звязаныя яны сваяцтвам і сумеснымі шлюбамі. Але чаму ж не застаўся ў веры бацькоў і дзядоў? Чаму зноў адступіўся ад яе?

І яна, здаецца, знаходзіла адказ тут, на вышынях, дзе засноўваўся вечны горад, тут, ля храма Юпітэра Капіталійскага — разбуранага, знявечанага часам некалі магутнага прыстанішча Бога, якога пакінулі ягоныя жрацы і на чый прытулак забыліся новыя пакаленні.

Ішоў час, і на зямлю прыходзіла іншая вера, іншая надзея. Яна вяла за сабой народы.

Яе бацька ішоў па гэтым шляху, ды ён азіраўся назад, бо любоў да спадчыны дзядоў не згасла ў ім, дашчэнту выпаленая новым. Але розум гнаў наперад, бо толькі з новай верай можна было з'яднаць у адно дзяржаву, якую ён ствараў.

Але дзе застануцца старыя багі? Дзе падзенецца вера і любоў, якія аддаваліся ім?

І яна ішла да ваўчыцы, што застыгла ў бронзе над немаўлятамі-блізнятамі. Яны застануцца вечна. Спарышы, Юмісы, Ашвіны, яны будуць прыходзіць і прыходзіць у свет, што б там ні было.

… І Брутэн з Відэвутам будуць прыходзіць…

Яна думала пра абодвух, і нешта цёплае перапляталася ў душы, незразумела-шчымлівае, роднае. Успаміналася, як, малую, аднойчы пакрыўдзіў яе Відэвут, яна пабегла прэч па сцежцы і, зайшоўшы ў лес, адшукала там баравікі. А ён таксама пабег следам, каб папрасіць прабачэння і, дагнаўшы яе, так захапіўся аксамітава-жоўтымі, барвова-карычневымі мацачкамі-грыбамі, што, сапучы, збіраў разам з ёю іх датуль, пакуль, сутыкнуўшыся рукамі на самым высокім і прыгожым, яны абое не рассмяяліся, глянуўшы адно на аднаго. Той смех, шчаслівы і ад таго, што памірыліся, і ад таго, што так светла і хораша было на сэрцы, запомніўся навечна. Відэвут хутчэй быў братам, гэта добра адчуў Вакула-звяздар.

Але і той узнёсла-радасны, малады, трохі дураслівы напал, які ахапіў яе ў Нямеччыне, таксама ўспамінаўся зараз з паблажлівай усмешкай. Брутэна захілілі, вобраз яго зрабілі цьмяным і далёкім усе тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю — што ж, значыць, не яе гэта лёс. Але нешта гаварыла, што сустрэча тая яшчэ адгукнецца, яшчэ нагадае пра сябе…

Бронзавыя саскі ваўчыцы цяплелі ад дотыку ёйных рук. І там ціха спявала яна старажытныя словы гімнаў, а маленькі Святазар паўтараў іх — адно за адным…

Апошнім часам у вандроўках па Рыме яе суправаджаў айцец Тамаш. Вясёлы і гаваркі, ён шмат расказваў пра гісторыю Вечнага горада, браў на рукі Святазара і паказваў яму Рым зверху:

— Тут, а не ў Ерусаліме, па-сапраўднаму нараджалася хрысціянства, адсюль пайшло яно па свеце, змагаючыся з язычніцтвам. Бо менавіта ў Рыме язычніцкая распуста пераўзышла ўсе магчымыя межы сораму і прыстойнасці.

Ён шмат расказваў пра Бога, што прыйшоў на зямлю ў вобразе чалавека ў далёкім Назарэце, тлумачыў, чаму быў ён распяты на крыжы. Ад яго даведалася Жывена пра раскол хрысціянскай царквы ў 1054 годзе, пра тое, як малады Канстанцінопаль адваёўваў у нямоглага тады Рыма пяршынства. І ёй усё болей і болей падабаўся гэты святар, які, як і іншыя служкі хрысціянскага Бога, не мог завесці сям'ю, дзяцей, а павінен быў аддаць сябе толькі служэнню. Ён цікавіўся яе храмам, і Жывена таксама расказвала яму пра абрады, дзівячыся, што многія з іх нагадваюць хрысціянскія. Аднак яна ў многім і не згаджалася з ягонымі доказамі, асабліва ж паўставала супраць плоцкай нявіннасці мужчыны-святара:

— Толькі нямногія могуць адольваць спакусы плоці, вы ж патрабуеце таго ад соцень і тысяч мужчын у самым росквіце. Значыць, тым страшнейшым можа быць грэх, у які яны ўпадуць.

Ён стараўся яе пераканаць — спакойна, ветліва. І Жывена яшчэ раз пераконвалася, якая гэта страшная зброя — чалавечае слова, якое ўсё можа вывернуць, сказіць, перайначыць. Але яна не здавалася:

1 ... 107 108 109 110 111 112 113 114 115 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)