Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Ну, бедны небарака, – вымавіў амаль з спачуваньнем. – Куды ж ён, няшчасны, падзеўся?
– Недалёка, недалёка! – адгукнулася над галавою.
Сэм зірнуўугару й пабачыў цень вялікай Глыксавай галавы й вушэй на фоне вечаровых нябёсаў.
– Гэй, што ты задумаў? – Сэмава падазронасьць вярнулася адразу, як ён пабачыў Глыксаву постаць.
– Сьмеяголь галодны, – паведаміў Глыкс. – Неўзабаве вернецца.
– Зараз жа вярніся. Зараз жа! – выкрыкнуў Сэм. – Гэй, назад!
Аднак Глыкс зьнік. Фрода прачнуўся ад Сэмавага галашэньня й сеў, паціраючы вочы.
– Вітаньні! – вымавіў спрасонак. – Здарылася што? Колькі часу?
– Ня ведаю. Мабыць, надвячорак. I ён зьнік. Сказаў: галодны.
– Не хвалюйся, – суцешыў Фрода. – Тут ужо анічога ня зробіш. Але ён вернецца, пабачыш. Абяцанка яшчэ колькі часу пратрывае. Да таго ж ён не пакіне сваю каштоўнасьць, аніколі.
Фрода гэтаксама ня надта сур'ёзна ўспрыняў вестку пра тое, што яны абодва моцна праспалі дзевяць гадзінаў побач зь вельмі-вельмі галодным і свабодным Глыксам.
– Не давай сабе мянушак, – параіў ён. – Ты быў стомлены, ды, урэшце, усё сталася добра: мы абодва файна адпачылі. А перад намі ж цяжкі шлях, найгоршы з усіх.
– Я пра ежу хвалююся, – сказаў Сэм. – Колькі нам часу спатрэбіцца на нашую справу? А калі зробім, што далей? Гэты хлябец падарожны на нагах трымае найцудоўнейшым чынам, хоць у страўніку ўсё адно вецер сьвішча, як кажуць. Аніякай зьнявагі тым, хто рабіў іх, найфайнейшы выраб, вядома, але мне ён не зусім па нутрыне. Ну ды ладна, але ж справа ў тым, што хлябцоў гэных з кожным днём менее. Паводле майго разьліку, тут тыдні на тры ці каля таго, і тое калі пасы падцягнуць ды зубам цыкаць, так бы мовіць. Мы дагэтуль крыху вальнавата зь імі абыходзіліся, так вось.
– Ня ведаю, колькі часу нам спатрэбіцца каб... каб скончыць гэтую справу. Мы жудасна заблукалі на пагор'і. Мой дарагі Сэмвайз Гэйхад, найлепшы мой сябра, Сэме, даражэнькі мой, сябра зь сяброў, мне падаецца, ня варта пакуль думаць, што здарыцца пасьля. Зрабіць справу, як ты сказаў, – ці шмат у нас надзеі на гэта? А калі зробім – хто ведае, што атрымаецца? Калі Адзіны Пярсьцёнак патрапіць у полымя, а мы будзем побач? Падумай,
Сэме: ці ж спатрэбіцца нам тады хлеб увогуле? Мяркую, не. Калі мы здолеем задаволіць нашыя ногі, каб прынесьлі нас да гары Выраку, і тое добра. А зараз я адчуваю: тое, магчыма, і болей, чым нам пад сілу.
Сэм маўкліва хіснуў галавою. Узяў руку гаспадара й нахіліўся над ёю. Не крануў яе вуснамі, але на яе ўпалі ягоныя сьлёзы. Тады Сэм адвярнуўся, выцер твар рукавом, падняўся дый патэпаў прэч, намагаючыся насьвістваць ды паўтараючы паміж спробамі:
– Дзе ж тая халера падзелася?
Насамрэч няшмат часу мінула, як Глыкс вярнуўся. А вярнуўся ён так ціха, што заўважылі яго, толькі калі ён устаў наўпрост перад хобітамі. Ягоныя пальцы й твар былі запэцканыя чорным глеем. Ён яшчэ жаваў, пырскаў сьлінаю й аблізваўся. Што менавіта ён жаваў, хобіты й уявіць не захацелі.
"Чарвякоў, ці жукоў, ці нешта сьлізкае з нораў, – падумаў Сэм. – Фу, бруд! Ну, няздара, гаротны небарака!"
Глыкс нічога не сказаў, пакуль не напіўся й не памыўся ў струмені. Тады падышоў, аблізваючы вусны.
– Зараз лепей, – паведаміў ён. – Ці адпачылі мы? Ці гатовыя йсьці? Добрыя хобіты, яны так цудоўна спалі. Ужо давяраеце Сьмеяголю? Файна, вельмі файна.
Наступная частка вандроўкі была вельмі падобная да папярэдняй. Рушылі па расколіне, сьцены яе рабіліся ўсё ніжэйшымі, а сама яна – болей спадзістай. На дне траплялася болей глебы і меней камянёў. Неўзабаве краі вышчарбіны сталі не вышэйшымі за звычайны рачны бераг, і рачулка пачала пятляць. Ноч сканчалася, але зоры й месяц зацягнула аблокамі, і пра раніцу вандроўнікі здагадаліся толькі праз шэрае няпэўнае сьвятло, якое распаўзлося па нябёсах.
Золкаю сьвітальнаю гадзінаю сягнулі сканчэньня ручва, чые берагі ўжо сталі ўпрост імшыстымі купінамі. Нарэшце струмень саскочыў з апошняй шчарбатай каменнай прыступкі й зьнік у бурым балотцы. Вакол шамацеў і туркатаў сухі трысьнёг, хоць ветру не адчувалася.
Пааберуч і наперадзе ляжалі багны й дрыгва, цягнуліся пад цёмнымі нябёсамі на поўдзень і на ўсход. Над змрочнымі, смуроднымі азярышчамі клубіліся туманы. Паветра вісела нерухомае, і ад смуроду было цяжка дыхаць. Далёка, амаль на поўдні, чорнай сьцяною аблокаў высіліся горныя сьцены Мордару, нібы плынеючы над пагрозьлівым морам смугі.
Хобіты цяпер апынуліся цалкам у Глыксавай уладзе. Яны ня ведалі й не маглі здагадацца, што перасякаюць толькі паўночны край балатоў, увесь абшар якіх прасьціраўся на поўдзень. Што калі б яны крыху вярнуліся па сваіх жа сьлядох і павярнулі на ўсход, то патрапілі б на цьвёрдыя, хуткія шляхі голай роўнядзі Дагорлад – поля старажытнай бітвы перад Брамаю Мордару. Аднак наўрад ці была якая надзея прайсьці тымі шляхамі, бо на той камяністай пустэчы не было сховішча й яе часьцяком міналі оркі й іншыя ваяры Ворага. Нават і лорыйнскія плашчы не дапамаглі б укрыцца.