Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 268
Перейти на страницу:

— З вамі ж камандзір роты быў.

— Вось іменна. А з Піліпенкам — Грыневіч. Тым усё сказана, — намякнуў Ванін і выпрастаўся. — Во ўгрэўся! На, Закіраў, капай.

Памкамузвода ўзяў рыдлёўку, а Ванін скочыў на бруствер і, узіраючыся ў шэры ветраны прыцемак, нацягнуў на плечы ватоўку.

— А ты чаго ў тыл не ідзеш? Ананьеў жа сабе Зайцава ўзяў.

— Ну і хай, — сказаў я.

Размаўляць з ім аб гэтым мне не хацелася, і я маўкліва таптаўся на брустверы, чакаючы, што Ванін пачне ўгаворваць ісці лячыцца. Але ён раптам сказаў:

— А ўвогуле правільна. Пойдзеш — наўрад ці вернешся. А табе ж на медаль паслалі.

Зашпіліўшы партупеі, малодшы лейтэнант на кукішках прысеў побач і адной рукой палашчыў Пульку, якая радасна заварушылася на зямлі.

— Яны там не глядзяць, з якой часці, а пасылаюць, куды трэба. Я во да гэтай дывізіі ў гвардзейскай служыў. У разведцы. А са шпіталя аддзел кадраў сунуў сюды. Я ім даказваў — дзе там! I слухаць не хочуць. Дывізія на фарміроўцы, камандзіраў недакамплект, кадры патрэбны. Так што старайся далей санбата не ехаць.

— Як пастараешся!

Не адказаўшы, Ванін кінуў насцярожаны позірк уздоўж траншэі.

— Зноў там перакур. От сачок! Ну, я яму дам!

Ён імкліва ўскочыў і хутка пайшоў па брустверы, пакінуўшы мяне ля Закірава. За ім жа пабегла і Пулька.

Закіраў моўчкі ўзяўся капаць, ужо не зважаючы на мяне. Ён наогул быў маўчун і тугадум: размаўляць з ім кожны раз было пакутай.

Я пачакаў крыху, мяркуючы, што Ванін неўзабаве вернецца, але ён не вяртаўся, тады я памалу рушыў па брустверы і непадалёк ад Закірава зноў напаткаў яго. Малодшы лейтэнант шпарка ішоў насустрач і, яшчэ не дайшоўшы да памкамузвода, гукнуў:

— Закіраў, ты дзе Лукіна паставіў?

— У сваім аддзяленні быў.

— Ды няма яго там…

Заняты сваім клопатам, Ванін быццам і не заўважаў мяне — на хаду павярнуўся і хутка пакрочыў назад. Я ж спыніўся, не ведаючы, ісці за ім ці чакаць тут. Неяк няёмка было перабіваць яго турботныя справы сваёй дробязнай просьбай.

Двое аўтаматчыкаў у траншэі моўчкі і засяроджана калупалі ў цемры рыдлёўкамі. Выкапалі яны ўжо глыбакавата, ледзьве не ў рост, а ўсё яшчэ дзяўблі там у дне. Адзін з іх, што воддаль варушыўся ў змроку траншэі, заўважыў:

— Зараз ён дасць Лукіну.

— I правільна зробіць, — зморана хакаючы, пацвердзіў другі. — Хай не сачкуе…

Па голасе я пазнаў аднаго — гэта быў Гаркавы, самы стары аўтаматчык у роце, які служыў тут ці не ад самай нават Масквы.

— Што, здорава ганяе? — запытаў я і ступіў да чорнае шчыліны траншэі, з якой тырчалі іхнія галовы.

Яны абодва ўгледзеліся ў мяне, пасля Гаркавы сказаў:

— Ганяе, бо клапоціцца. Не тое, што іншы — абы крычаць. А наш і сам умека на што ні вазьмі.

— Як ён тады вартавога зняў! Ого! I не пікнуў, — дадаў другі голасам, у якім гучала захапленне.

На ветры было холадна, я прысеў на край траншэі і захінуўся каўняром, невядома чаго чакаючы. Правае вуха то быццам адыходзіла ад глухаты, то яго зноў затыкала; параненая рука нямела ад болю і сцюжы.

— Ванін хоць і малодшы лейтэнант, а смялейшы за якіх капітанаў, — налягаючы на рыдлёўку, казаў баец. — Яй-богу.

— Не ў званнях смеласць, — зазначыў Гаркавы.

— Так. Але і разумны. Розумам, мусіць, не ўступіць і камандзіру палка.

— Гэта Сырамятнікаву? Ну, зраўняў!

Такая іх катэгарычнасць у ацэнках мяне трохі здзівіла. Дапусцім, яны не перабольшвалі наконт Ваніна, але што яны ведалі пра камандзіра палка, тэтыя радавыя чырвонаармейцы, каб так меркаваць аб ім?

— Кіньце, — сказаў я. — Каб так казаць, трэба ведаць. Гаркавы далёка за бруствер шпурнуў рыдлёўку зямлі.

— Хе, ведаць! Я ў ягоным батальёне паўгода прапоўзаў. Ён жа да палка батальёнам камандаваў. Строгі — ага. Баяліся — гэта праўда. А — розуму…

— Адкуль гэта відаць?

— Салдату ўсё відаць.

— Аднак не надта, мусіць?

— Не надта? Можа, нават лепей, чым каму. Бо ён гэта самае крывёй сваёй спрабуе: які камандзір разумны, які — не.

Увогуле, пэўна, так, тут, можа, і не запярэчыш. Аднак я і маёр Сырамятнікаў займалі дужа рознае становішча ў палку, каб мне з упэўненасцю меркаваць аб яго якасцях. Што датычыць Ваніна, дык ён быў вядомы на ўсю дывізію, ніводзін чалавек у ёй не мог сказаць пра малодшага лейтэнанта кепскага слова.

Гаркавы здыхаўся трохі і зноў узяўся за рыдлёўку. Ягоны напарнік зазначыў:

— А ў нас і ротны нішто. Шумлівы, а ўвогуле някепскі мужык. Ваяваць можа.

— Талковы, ага, — пагадзіўся Гаркавы. — Ды не надта смелы. Не з немцамі. У баі ён — арол! З начальствам.

1 ... 108 109 110 111 112 113 114 115 116 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)