Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Паранены слаба заварушыўся ў доле.
— Таварыш старшы лейтэнант… Не трэба. Не трэба ўжо. Што ён…
— Як гэта не трэба, Крывашыяў? Кінь ты панікаваць. Трапіш у шпіталь, у цяпло, на белыя прасцінкі — ураз палепшаеш. Дактары, яны цяпер такія, — налаўчыліся за вайну — разарванага на кавалкі сшыюць, залечаць — будзь здароў… Яшчэ лепшы атрымаецца. Сам прайшоў праз іхнія рукі, знаю.
Гумянюк трудна, працяжна ўздыхнуў.
— Я як чуў, — гаротна сказаў ён. — Малодшы лейтэнант як клікнуў, ёкнула маё сэрца. То былі заўжды разам, і нічога. А тут адлучыўся, і вось…
Да яго ніхто не азваўся, усе і без таго перажывалі тужлівую непапраўнасць гэтай бяды. Грыневіч з Піліпенкам маўкліва стаялі ў змрочнай траншэі. Ананьеў услухаўся і ціха вылаяўся.
— Ну, я дачакаюся ці не?
Аднак па траншэі ўжо ішлі — неўзабаве хтось спыніўся на ўваходзе ў яму-бліндаж, і да параненага пралез з сумкай на жываце Цвяткоў. Ананьеў пагрозліва маўчаў. Цвяткоў яго, мусіць, не адразу заўважыў і трошкі прыпазніўся з дакладам:
— Сяржант Цвяткоў па вашаму загаду…
— Ты чаму кінуў параненага? — уладарна абарваў яго камандзір роты.
— Я перавязаў.
— Гэта і ўсё?
— А што яшчэ? Ён безнадзейны.
Ананьеў рэзка адхіснуўся ад сцяны.
— Я табе вось як дзвіну! Па тваёй ідыёцкай галаве! Тады пазнаеш, хто безнадзейны! — з лютай прыціхласцю пагразіў ён санінструктару.
Цвяткоў адразу пакрыўдзіўся.
— Што я сляпы, ці што? У яго ж тры пранікаючыя ў брушную поласць, так? Ды яшчэ грудзі навылёт…
— Маўчаць! — здушаным ад гневу голасам крыкнуў камроты. — Каб мне ні слова! Ён павінен жыць!
— Быццам я супраць. Хай жыве! Але ж… Во, глядзіце!
Цвяткоў ступіў да параненага і разгарнуў ягоны шынэлак. Затым нешта памацаў там, насцярожыўся, схапіў Крывашыява за руку і, чагось не знайшоўшы, хуценька схіліўся вухам да накрыж забінтаваных грудзей.
— Ну во! Я ж гаварыў…
— Не можа быць! — занепакоена выйшаў з траншэі Грыневіч. — Толькі ж размаўляў тут…
Цвяткоў рашуча выпрастаўся і саўгануў назад сумку.
— Усё. Гатоў!.. — упэўнена аб’явіў ён і з усведамленнем свае праваты адвярнуўся ўбок.
Ананьеў ускіпеў:
— Узрадаваўся: «гатоў»! Я без цябе, дурня, ведаў — будзе гатоў! Але ён не павінен быў ведаць. Паняў? Ён павінен на нас спадзявацца, што аб ім паклапоцяцца. Ён жа чалавек, а не сабака, ядрона вош!..
Гуманюк тым часам, мабыць, не верачы санінструктару, кінуўся да земляка. Стоячы на каленях, ён затармашыў яго, заштурхаў, пасля неяк адразу апусціў рукі і крыўдліва, як дзіця, заплакаў.
Цвяткоў зацята маўчаў, мусіць, не прызнаючы сябе вінаватым. Ананьеў засунуў рукі ў кішэні і таксама змоўк, Сварка неяк адразу страціла свой сэнс. Сэрца маё жаласна затрымцела ў грудзях, нейкім чынам я адчуў сваю еднасць з гэтым небаракам, нібы ён быў маім братам. Але мяне даймаў і другі боль — на сцюжы дужа разбалелася плячо і ўся рука аж да пазногцяў на пальцах. Трэба было ісці, а я ў тупым змярцвенні ціха стаяў над Крывашыявым.
— Ладна, — падабрэла сказаў у цішы Ананьеў. — Хай паляжыць да раніцы. Прыйдзе падвода — адвязем пахаваем.
Ён выйшаў з бліндажа і пайшоў у тыл. За ім скіравалі Грыневіч, Зайцаў і, крыху счакаўшы, Цвяткоў. Мне камроты нічога не сказаў, і я невядома чаго застаўся тут з Гумянюком і прыціхлым Піліпенкам.
Я ледзьве стрымліваў сябе ад прыкрасці. Мала было раны, дык яшчэ гэты Ананьеў, я да яго ішоў, шукаў яго, спадзеючыся на хай сабе кароценькую ўвагу, звычайную пры расставанні, а тут, на табе, — новы ардынарац. I камроты ні слова не сказаў мне, быццам ужо назаўжды выкрасліў мяне са свае памяці і свае роты, нібы я ніколі і не клапаціўся пра яго ўтулак, не падшываў яму падкаўнерыкі, не бегаў па абед, не гібеў з ім усю зіму ў баях!
А зрэшты — ці варта крыўдаваць на чалавека, у якога людзі, баявая задача, якому дапякае клопат, каб утрымаць вышыню. Да таго ж, яму заўжды патрэбны чалавек, каб бегаць, выклікаць камандзіраў: калі тут разводзіць сантыменты з параненым ардынарцам? Яму быў патрэбны здаровы. Зайцаў някепскі баец, я ведаў яго і разумеў Ананьева, аднак ад таго не рабілася лягчэй.
Але што ж было рабіць тут? Сядзець у гэтай яме побач з нябожчыкам Крывашыявым і мерзнуць? Ісці з роты ўначы не мела сэнсу, можна было лёгка трапіць ў рукі да немцаў, ды і не хапала сілы валачыся па такой гразі добрых дваццаць кіламетраў да медсанбата. Значыць, трэба шукаць нейкі прытулак да раніцы. Кепска, што, апроч камандзірскага, болей бліндажоў немцы, здаецца, не збудавалі, вяртацца ж туды мне не хацелася — хай там цяпер гаспадарыць Зайцаў. Прыйдзецца, мабыць, ісці ў другі ўзвод, да Ваніна. Ён мяне прыме.