Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 106 107 108 109 110 111 112 113 114 ... 150
Перейти на страницу:

– Кароль? – перапытаў Сэм. – Чаго кароль і хто ён такі, той кароль?

– Кароль Гондару й гаспадар Заходніх земляў, – адказаў Гэндальф. – Бо ён вярнуў усе свае старажытныя валоданьні. Неўзабаве ён паедзе прыняць карону, але зараз чакае вас.

– Што ж мы апранем? – Сэм агледзеўся й убачыў толькі згорнутыя ля ложкаў старыя лахманы, у якіх вандравалі.

– Тую вопратку, у якой ішлі ў Мордар, – адказаў чараўнік. – Бо нават орцкія анучы, што насіў Фрода ў Чорнай зямлі, будуць захаваныя. Бо аніякі ядваб і мошаст, аніякія броні й гербы з пазнакамі не ўшанавацьмуцца болей за іх. Але потым я, напэўна, падшукаю вам што іншае.

Тады працягнуў ім рукі, і хобіты пабачылі, што з адной зьзяе сьвятло.

– Што гэта ў вашці? – выгукнуў Фрода. – Ці насамрэч тое...

– Так, бо я прынёс вам вашыя скарбы. Яны былі з Сэмам, калі вас выратавалі, падарункі Панны Галадрыелі: твой фіял, Фрода, і твая скрынка, Сэме. Вось вам на задавальненьне, трымайце!

Калі памыліся й апрануліся ды зьлёгку пасьнедалі, хобіты рушылі за Гэндальфам. Вышлі зь бярозавага гайку, дзе адпачывалі, на доўгі зялёны луг, ажно зіхоткі пад сонцам. Яго акалялі гонкія цёмналістыя дрэвы, абсыпаныя пунсовымі краскамі. За сьпінамі чуўся гоман вадаспаду, а наперадзе між берагамі ў кветках імчаў струмень, хаваючыся ў лесе, праходзячы пад аркаю зялёных дрэваў. Праз тую выгбу хобіты пабачылі ўдалечы пробліск вялікай вады.

Калі падышлі да ўзьлеску, зьдзівіліся, бо там стаялі рыцары ў зыркіх латах ды высокія вартавыя ў срэбным й чорным, якія пакланіліся хобітам і пашанотна павіталі іх. А тады адзін падзьмуў у доўгі рог, і хобіты прайшлі праз купу дрэваў ля гаманлівага струменю й выйшлі на шырокае зялёнае поле, за ім ляжала ў срэбнай смузе вялікая рака з доўгай лясістай выспай і мноствам караблёў ля яе берагоў. А на полі пастала шыхтамі вялізнае войска, і харугвы ягоныя, і шэрагі блішчэлі пад сонцам. Калі хобіты наблізіліся, ваяры агалілі мечы й узьнялі дзіды. Загулі рогі й горны, а людзі загаласілі на мностве моў:

Хай жывуць паўросьлікі! Шануйце іх вялікай пашанаю! Куя й Пэрыян анан! Аглар'ні Пэрыянат! Шануйце іх вялікай пашанаю, Фрода й Сэмвайза! Даўр а Бэрхаэл, Конін эн Анун! Эглерыа! Шануйце! Эглерыа! А лайта тэ, лайта тэ! Андаве лайтувалмэт! Шануйце! Кармаколіндар, а лайта тарыена! Шануйце іх! Ахавальнікаў пярсьцёнка, шануйце вялікай пашанаю!

I вось так, пачырванеўшы да вушэй, з вачыма, поўнымі зьдзіўленьня, крочылі наперад Фрода з Сэмам і пабачылі пасярод радаснага войска тры стальцы, складзеныя зь зялёнага дзёрну. За правым нястрымана імчаў на зялёнай харугве вялікі белы конь, за левым плынеў на сьцягу па блакіце мора срэбны лебедзь-карабель, а за вышэйшым сярэднім пасадам лунаў на ветры вялізны прапар зь Белым Дрэвам у квецені на аксамітна-чорным полі пад зіхоткай каронаю й сямю зорамі. На тым стальцы сядзеў чалавек у кальчужнай брані, і вялікі меч ляжаў на ягоных каленях. Аднак шалома на галаве ён ня меў. Калі хобіты наблізіліся, ён узьняўся, і яны пазналі яго, хоць ён і зьмяніўся: такі велічны, радасны, па-каралеўску шляхетны, валадар людзей, цёмнавалосы й шэравокі.

Фрода кінуўся да яго бегма, і Сэм ледзь пасьпяваў сьледам.

– Ну, ці не найвялікшая неспадзяванка напрыканцы! – выдыхнуў Сэм. – Ці я шчэ сплю, ці тое насамрэч Швэндал!

– Так, Сэме, Швэндал! – пацьвердзіў Арагорн. – Ці ж ня доўгі шлях сюды ад Прыгор'я, дзе я табе не прыглянуўся? Сапраўды, доўгі шлях для ўсіх нас, але ж твой – найчарнейшы.

I тады, на Сэмава поўнае аслупяненьне, ён стаў на калена перад хобітамі, а потым, узяўшы Сэма за руку левай рукою, а Фрода – правай, падвёў да стальца й уссадзіў на яго. А тады павярнуўся да ваяроў і ачольцаў, што стаялі побач, і прамовіў зычна, так што голас ягоны разьляцеўся па-над усім войскам:

– Шануйце іх вялікай пашанаю!

I калі радасныя погукі ўскінуліся хваляю й сьціхлі зноў, на Сэмава суцэльнае й непераўзыходнае задавальненьне й радасьць, гондарскі музыка выйшаў наперад і, схіліўшы калена, папрасіў дазволу сьпяваць. I – пачуйце ж! – ён абвесьціў:

– Слухайце, спадары, і рыцары, і людзі незраўнанай адвагі, каралі й князі, сьветлы народ гондарскі, вершнікі Рохану, і вы, сыны Эльранда, і дунаданы Поўначы, эльф, і гном, і добрыя хобіты Шыру, і ўвесь вольны народ Захаду, слухайце ж маю песьню! Бо я запяю вам пра Фрода Дзевяціпальцага й Пярсьцёнак Лёсу!

1 ... 106 107 108 109 110 111 112 113 114 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)