Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Трэ крыху пасьнедаць, – прапанаваў Фрода. – Ты галодны, Сьмеяголь? Дзяліцца нам амаль няма чым, але ж мы дамо табе што ёсьць.
Пры слове "галодны" ў Глыксавых блядных вачох успыхнула зялёнае полымя, і яны вырачыліся нават болей за звычайнае зь ягонага хваравітага схуднелага твару. На момант ён нават вярнуўся да былой манеры прамаўляць.
– Мы ззгаладнелыя, таксс, мы ххочамсс, надта хочамсс! Чаго яны ядуць, га? Рыбкусс, ссакавітую рыбкусс, таксс?
I доўгі ягоны язык высунуўся паміж вострымі жоўтымі ікламі, аблізваючы бясколерныя вусны.
– Не, рыбы ў нас няма, – адказаў Фрода. – У нас толькі вось што ёсьць, – ён падняў блінец лембасу, – ды шчэ вада, калі вада тут прыдатная для пітва.
– Таксс, таксс, вада зздатнаясс! Піце яе, піце, пакуль здольныясс. Але ж шшто ж гэта ў іх, мая кашштоўнасьсьць? Гэта мажжліва ссхрамкаць? Яно ссмачнаесс?
Фрода адламіў кавалак блінца й працягнуў Глыксу на лісьце мэларну, бы на сподку. Глыкс нюхнуў ліст, і выраз ягонага твару зьмяніўся: імгненна агіда адбілася на ім і пробліск былой хітрасьці.
– А-а, Сьмеяголь чуе, чуе! Лісты з краіны эльфаў, гы! Яны сьмярдзяць. Сьмеяголь караскаўся на гэныя дрэвы й пасьля ня мог адчысьціць іхні смурод з маіх ручачак, маіх прыгожанькіх ручачак!
Кінуўшы ліст, адшчыкнуў кавалачак ад краю лембасу, пажаваў. І адразу ж сплюнуў, і затросься ад кашлю.
– Вохх! Гы-ых! – выгукнуў, пырскаючы сьлінаю. – Вы хацелі задушыць небараку Сьмеяголя! Гэта попел і пыл, ён ня можа есьці попел і пыл! Ён згаладнее, зусім згаладнее. Але Сьмеяголь сьцерпіць, так, сьцерпіць. Добрыя хобітсы! Сьмеяголь абяцаў. Сьмеяголь будзе гінуць з голаду. Ён ня можа есьці хобіцкую ежу. Ён згіне з голаду. Небарака Сьмеяголь!
– Прабач, – вымавіў Фрода. – У нас болей нічога няма. Мяркую, калі б ты прымусіў сябе зьесьці, нашая ежа была б карысная для цябе. Адылі пакуль што ты не жадаеш нават паспрабаваць. Мо потым усё ж здолееш.
Хобіты дажавалі лембасы ў цішыні. Сэму падумалася, што смак у іх нашмат лепшы, чым цягам апошніх дзён: ад Глыксавых манераў асалода смаку адчулася зноў. Аднак есьці было ня надта ёмка. Бо Глыкс кожную дробку праводзіў вачыма, рыхтык сабака ля абедзеннага стала гаспадара. Напэўна, толькі калі скончылі есьці й пачалі рыхтавацца да адпачынку, ён пераканаўся, што аніякіх ласункаў, якімі не хацелі дзяліцца, хобіты не прыхавалі. Тады адсунуўся прэч і прысеў за некалькі крокаў, скуголячы.
– Спадару, паслухайце! – прашаптаў Сэм, нават і ня надта ціха, бо яго зусім не клапаціла, пачуе Глыкс ці не. – Нам трэ паспаць, але ж не абодвум адначасова, пакуль гэты галодны нягоднік паблізу, абяцаў ён там што ці не абяцаў. Сьмеяголь ён ці Глыкс, мяркую, звычак сваіх умомант ён ня зьменіць. Вы сьпіце, спадару Фрода, а я павартую дый пабуджу вас, калі ўжо вочы ня здолею трымаць расплюшчанымі. Так і будзем па чарзе, як і раней, пакуль ён побач.
– Можа, твая рацыя, Сэме, – згадзіўся Фрода ўголас. – Ён, бясспрэчна, зьмяніўся, але як менавіта й наколькі глыбокая тая зьмена, я яшчэ ня вызначыў. Хоць, калі сур'ёзна, мяркую, баяцца няма патрэбы – пакуль што, ва ўсялякім разе. Аднак трымай варту, калі жадаеш. Дай мне паспаць дзьве гадзіны, ня болей, і тады абудзі.
Такім стомленым быў Фрода, што галава ягоная адразу зьвесілася на грудзі, і ён заснуў, ледзь пасьпеўшы дагаварыць. Глыкс, падавалася, зусім не баяўся болей. Скурчыўся й прыспаў сабе, не зьвяртаючы ўвагі на навакольле. Раз-пораз дыханьне ягонае зь ціхім шыпеньнем вырывалася з-за сьціснутых іклаў, але ж ляжаў Глыкс нібы камень. Праз колькі часу, баючыся, што сам ня вытрымае, слухаючы два сонныя подыхі, Сэм устаў ды ціхенька патыкаў Глыкса. Далоні таго расьціснуліся й уздрыгнулі, але болей Глыкс аніяк не варухнуўся. Сэм нахіліўся й прашаптаў "рыбка" амаль Глыксу ў вуха, але той не адрэагаваў, нават і подых не зьмяніўся.
– Мо й насамрэч сьпіць, – прамармытаў Сэм, пачухаўшы патыліцу. – Калі б я быў такі, як Глыкс, ён у мяне аніколі ўжо не прачнуўся б.
Ён не бязь цяжкасьці адагнаў думкі пра корд ці вяроўку, якія прымроіліся раптам, пайшоў назад і сеў побач з гаспадаром.
Калі прачнуўся, нябёсы над галавою былі цёмныя. Не сьвятлей, а нават цямней, чым падчас сілкаваньня. Сэм ускочыў. Не ў апошнюю чаргу ад уласнага пачуцьця голаду й бадзёрасьці зразумеў: прадрыхнуў увесь дзень, гадзінаў дзевяць сама менш. Фрода яшчэ моцна спаў, лежачы побач, выцягнуўшыся на баку. Да Сэмавай галавы адразу скочыла мноства мянушак ды прыказак з багатай бацькавай скарбніцы, адпаведных выпадку. Аднак падумалася таксама: Фрода меў рацыю – баяцца пакуль што няма чаго. Бо засталіся жывыя, аніхто іх не папрыдушваў.