Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Калі яны выйшлі з кінатэатра, Юлька сказала:
— Гэта цудоўна, але…
— Што але?
— Я не магу сказаць, да якой катэгорыі я павінна сябе аднесці. Наша настаўніца нямецкай мовы паўтарыла б пасля гэтага фільма сваё любімае «die Gedanken sind zollfrei»[37].
— Канечне, і была б яе праўда, — сказаў Друцкі.
— Гэты вясёлы анархізм захапляе. Аднак мне здаецца, што я здолела б прымірыць асабістую свабоду з тым, што прапануе нам жыццё.
Друцкі нічога не адказаў. Ён зноў пасля сеанса гэтага фільма адчуў незразумелы неспакой, нейкую раптоўную тугу, прагу прасторы. Яму здавалася, што ён марнуе, праседжвае жыццё…
— Пра што вы задумаліся? — спыталася Юлька.
— Я старэю, панна Юлька, старэю.
— О! — усклікнула дзяўчына з сумненнем.
— Так, думкі аб сабе — першая прыкмета гэтага.
— Значыць, лепей не думаць.
— Натуральна, лепей не думаць.
Калі Друцкі адвёз Юльку дадому, Аліцыі яшчэ не было. Юлька пачала завіхацца, рыхтуючы стол да вячэры.
Паколькі ён сядзеў моўчкі і быў нібыта сумны, Юлька падышла да яго і лёгенька пагладзіла па руках:
— Не хвалюйцеся, калі ласка, вельмі вас прашу. Я не хачу, каб вы былі сумным.
Друцкі рассмяяўся:
— Дык буду вясёлы! Запусцім факстрот і патанцуем!
— Я хачу вальс.
— Добра, танцуйма вальс!
Яны якраз танцавалі, калі вярнулася Аліцыя.
— Што я бачу, — усклікнула яна, — тут сапраўдны баль!
— Так, зладжаны ў гонар панны Юліі Горн з выпадку атрымання атэстата, — адказаў Друцкі.
— Аля! Глядзі, што я атрымала ад пана Янка! — радавалася Юлька, цягнучы гумовую чарапаху і шыну — усю марскую экіпіроўку!
— Цудоўна, — пагадзілася Аліцыя. — Такім чынам, паслязаўтра едзем на Хель.
— Віват! Віват! — пачала падскокваць Юлька.
— Дарослы чалавек! — нібыта абурыўся Друцкі.
Рэшту вечара яны правялі ўтраіх за абмеркаваннем дэталей ад’езду. Жанчыны збіраліся ехаць на цягніку, а Друцкі назаўтра на машыне. Ён таксама ўзяў на сябе замову па тэлефоне трох пакояў у пансіянаце «Гадзіва», з якім яны ўжо загадзя перапісваліся.
— Навошта нам тры пакоі, — заўважыла Юлька, — пану хопіць аднаго, а нам з Аляй другога.
— Лепей узяць для кожнай з нас асобны, — патлумачыла Аліцыя. — На мора мы едзем адпачываць, а калі разам жывуць два чалавекі, нават самы блізкія, — гэта заўсёды абмежаванні для абодвух. Ага, калі ласка, зрабі раніцай спіс рэчаў, якія ты хацела б купіць. Заўтрашні дзень мы прысвецім пакупкам.
Калі Юлька пайшла ў свой пакой, Аліцыя напаўголасу сказала:
— Ведаеш, Бох, яна пераканана, што мы не цалуемся!?
— Тым лепей.
— Для яе, зразумела. Мы павінны клапаціцца, каб не парушыць яе перакананняў.
— Гэта залатая дзяўчына з крыштальным характарам, — адказаў Друцкі, — шмат бы я аддаў за тое, каб мог бачыць яе заўсёды шчаслівай.
— Будзе. Гэта ж мэта майго жыцця.
Да поўначы Друцкі развітаўся і паехаў у «Аргенціну», а да трэцяй гадзіны быў ужо дома. Як звычайна, усё было ў ідэальным парадку, усё падрыхтавана не толькі добрасумленна, а нават з любоўю.
«Як гэта малышка клапоціцца пра мяне», — падумаў ён.
Добра выспаўшыся, Друцкі прачнуўся ад гучнага голасу Зоські.
Яна паступова пазнаёмілася з яго перавагамі і густамі і ўжо не засыпала яго пастаяннымі пытаннямі. Наадварот, яна, відаць, стала лічыць сваім абавязкам забаўляць Друцкага аповедамі пра дом і яго насельнікаў. А паколькі ў яе быў прыемны голас ды забаўны і адметны спосаб выказвання, ён з радасцю з ёй балбатаў. Друцкі заўважыў у ёй яшчэ адну арыгінальную рысу: яна не мела фальшывага сораму. Пра справы, якія звычайна выклікаюць у жанчын неадназначную ўсмешку і збянтэжанасць, гаварыла абсалютна проста і свабодна. Тое самае з вуснаў іншых гучала б непрыстойна, а гэта маладзенькая дзяўчына магла, напрыклад, сказаць: «Канечне, я б хацела хлопца, але ў мяне ёсць час. Хто даўжэй чакае, той болей мае».
І ў гэтым не было нічога не толькі брыдкага або пошлага, а наадварот — шмат прывабнай абаяльнасці.
Яе погляд на спецыфічнае аздабленне ваннай таксама быў дыяметральна супрацьлеглы погляду яе старэйшай сястры.
— Франя кажа, што гэта непрыстойна і што на гэта сорамна глядзець, а я ёй кажу, што ў гэтым такога? Вядома, кожны мужчына такі, як яго стварыў Бог. А яна кажа, чаму людзі не ходзяць голыя, я ж кажу, не ходзяць, бо холадна, а яна кажа, што летам горача, а людзі ўсё роўна не ходзяць голыя, бо гэта грэх, а я ёй гавару, што людзі і крадуць, і забіваюць, і абгаворваюць, а гэта грэх, але яны ўсё роўна гэта робяць, а баранэса з другога паверха выгнала гувернантку, бо тая рыбу нажом ела, і гаварыла, што гэта сорам, а самой не сорам такога шчанюка, як наш Валек, да сябе заманьваць. Карацей, адным штосьці сорам, а другім не сорам.
37
Die Gedanken sind zollfei (нем.) — думкі вольныя ад тарыфаў.